Расейскі ўрад адмовіўся фінансаваць з бюджэту праект рэжысёраў Мікіты Міхалкова і Андрэя Канчалоўскага па стварэнні сеткі грамадскага харчавання.
Такое рашэнне было прынята на нарадзе ў віцэ-прэм’ера Расеі Аркадзя Дварковіча. Аб выніках нарады распавяла ягоная прэс-сакратарка Алія Самігуліна. Паводле ейных словаў, праект можа прэтэндаваць на падтрыманне ў агульным парадку ў рамках праграмы садзейнічання малому і сярэдняму бізнесу, падае meduza.io.
Разам з тым, па звестках крыніцы rbc.ru ў расейскім урадзе, Міхалкову і Канчалоўскаму паабяцалі падтрыманне ў выглядзе дзяржаўных гарантый па крэдыце, які выдадуць для фінансавання 70 % выдаткаў. Крэдыторам можа стаць «Сбербанк». Фінансаванне астатніх 30 % кошту праекту мусіць забяспечыць інвестар.
Паводле дадзеных rbc.ru, Андрэй Канчалоўскі, які прысутнічаў на нарадзе ў Дварковіча, пагадзіўся з такой схемай.
Славутыя расейскія рэжысёры хацелі стварыць сетку айчынных фастфуд-рэстаранаў, каб канкураваць з заходнімі гігантамі хуткага харчавання.
На праект, мэтай якога браты ставілі развіццё імпартазамяшчэння, прасілі ні многа ні мала каля 1 мільярда расейскіх рублёў. Грошы планавалі вярнуць менш як за 5 гадоў.
Усяго ў Маскоўскай і Калужскай вобласцях, паводле бізнес-плану, пабудуюць 2 фабрыкі-кухні, дзе будуць гатаваць ежу (у тым ліку з рэгіянальных прадуктаў), а таксама адкрыюць 41 кавярню і 91 кулінарыю.
Ідэя і брэнд «Харчуемся дома» належыць акторцы ды вядоўцы кулінарных праграмаў Юліі Высоцкай, жонцы Канчалоўскага. Мяркуецца, што яна будзе тварам кампаніі.
«Коммерсант» паведамляе, што Пуцін даручыў вывучыць прапанову, і сёння яе будуць абмяркоўваць на паседжанні ў віца-прэм’ера Аркадзя Дварковіча.
Ініцыятыва не толькі эканамічная. Новая сетка хуткага харчавання будзе канкураваць у першую чаргу з «McDonald’s».
Кампанія аказалася ў цэнтры ўвагі пасля анексіі Крыму. Тады «McDonald’s» прыпыніў сваю працу ў Сімферопалі, Ялце і Севастопалі, патлумачыўшы гэта «вытворчымі прычынамі».
З прапановаю зачыніць усе рэстараны фастфуд-гіганта выступіў Уладзімір Жырыноўскі. Да яго нібыта не прыслухаліся, аднак да канца жніўня 2014 года ўпраўленне «Расспажыўнагляду» праверыў і зліквідаваў 4 фірмовыя страўні.
У той час як амерыканская фірма перажывае не найлепшыя часы ў Расеі, у Беларусі сітуацыя выглядае інакш. Агулам у планах кампаніі адчыніць 28 новых рэстаранаў па ўсёй краіне.
ДР, belsat.eu