Міхаіл Бабіч пра інтэграцыю з Беларуссю: Ніхто нікога не паглынае


Амбасадар Расеі і адмысловы прадстаўнік прэзідэнта РФ у справе развіцця гандлёва-эканамічнай супрацы з Беларуссю Міхаіл Бабіч заявіў, што Саюзнай дамове ад 8 снежня 1999 года патрэбны новы змест, але інтэграцыя з Расеяй нібыта не прадугледжвае страты Беларуссю суверэнітэту.

«Хацелася б, каб мы перазагрузілі працу ў межах гэтага дакументу, напоўніўшы яго новым сэнсам і сучасным зместам. Сёння маюць месца і пэўныя перагібы, неабходна пазбавіцца ад рознага роду маніпуляцыяў грамадскаю думкаю. Бо ніхто нікога не паглынае, ніхто нікога праз калена не ломіць. Да таго ж ёсць адпаведныя прыклады. Еўразвяз аб’яднаўся, і ніхто суверэнітэт не страціў. У ЕЗ знайшлі форму як мінімум эканамічнай інтэграцыі, хоць яны і палітычныя пытанні вырашаюць сумесна і кансалідавана», – адзначыў Бабіч у інтэрвʼю ТАСС.

«Падатковы манеўр», які плануе рэалізаваць Расея, прадугледжвае, пачынаючы з 2019 года, паэтапнае абнуленне экспартных пошлінаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну па сусветных коштах і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС. Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, агульныя страты бюджэту краіны ад падатковага манеўру з 2019 па 2024 год могуць скласці ад 8 да 12 млрд. долараў.

Бабіч упэўнены, што фармат Саюзнай дзяржавы «патрэбны нашым народам» і над ім трэба працаваць. Ад гэтай працы залежыць і вырашэнне пытанняў наконт кошту газу пасля 2020 года і кампенсацыі стратаў беларускага бюджэту ад падатковага манеўра.

«Гэта новы эканамічны пакет. Звяртаю ўвагу, што менавіта новы. І калі сённяшні ўзровень кансалідаванай падтрымкі Расейскай Федэрацыяй эканомікі Рэспублікі Беларусь складае $ 4-4,5 млрд штогод, то гэты новы пакет, які прадугледжвае патэнцыйнае зніжэнне цаны на газ да ўзроўню Смаленска, кампенсацыю па падатковаму манеўру, роўных умоваў падтрымання прамысловасці і іншае, можа скласці яшчэ каля $ 3-4 млрд. У гэтай сітуацыі аказваць падтрымку па нейкіх паняційным сыравінным мадэлям проста немагчыма. Гэта будзе ў рамках дзейнага прававога поля вельмі сумнеўна і эканамічна неабгрунтавана. Таму прэзідэнты дзвюх краін і закладвалі адпаведныя механізмы ў дагавор, каб гэтую інтэграцыйную мадэль рэалізаваць», – падкрэсліў амбасадар РФ.

Каб пытанні па нафце і газу вырашыліся, «трэба правесці інвентарызацыю дагавора, вызначыцца з тымі палажэннямі, якія першасныя для дасягнення вызначаных мэтаў і задач».

«Трэба паглядзець, што можна і трэба зрабіць у бліжэйшы час для таго, каб эканамічныя магчымасці Расеі легітымна маглі распаўсюджвацца на Рэспубліку Беларусь. Ніхто не кажа, што мы не павінны дапамагаць, што мы не павінны і далей развіваць нашу інтэграцыю. Нават наадварот, Расея гэтага заўсёды хацела і да гэтага імкнулася. Але дзейных прававых і кіроўных механізмаў сёння недастаткова. Думаю, што гэта разумеюць і нашы беларускія партнёры», – дадаў ён.

  • 11 снежня, у Маскве былі сарваныя расейска-беларускія перамовы аб кампенсацыі стратаў ад падатковага манеўру і зніжак на газ. Віцэ-прэм’ер РФ Дзмітрый Козак 11 снежня адмовіўся абмяркоўваць гэтыя пытанні з беларускаю дэлегацыяй «пакуль не будуць прынятыя прынцыповыя рашэнні пра далейшую інтэграцыю Расеі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы». Праз два дні, на паседжанні саўміна Саюзнай дзяржавы, прэмʼер Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што агульная палітыка ў сферы цэнаў і тарыфаў магчымая толькі пры ўмове рэалізацыі пагаднення аб Саюзнай дзяржавы. Гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, агульнай мытні, судоў і разліковай палаты.
  • 14 снежня Аляксандр Лукашэнка даў прэс-канферэнцыю расейскім СМІ, дзе заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту. «Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.
Hавiны
На мянушку БМВ. Пяць малавядомых фактаў пра Міхаіла Бабіча
2018.08.24 11:50

ІІ, belsat.eu, паводле ТАСС

Стужка навінаў