На мянушку БМВ. Пяць малавядомых фактаў пра Міхаіла Бабіча


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прызначэнні Міхаіла Бабіча надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам РФ у Менску і спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта па развіцці гандлёва-эканамічнай супрацы з Беларуссю. Belsat.eu сабраў малавядомыя факты пра новага расейскага амбасадара.

Бацька Бабіча быў начальнікам Пуціна ў КГБ

Паводле СМІ, бацька новага расейскага амбасадара ў Менску – палкоўнік Віктар Бабіч – быў афіцэрам КДБ у нямецкай рэзідэнтуры ў Дрэздэне, калі там працаваў Пуцін. Прычым Віктар Бабіч быў начальнікам капітана Пуціна. Па чутках, у першыя гады кіравання Пуціна Бабіч-малодшы нібыта выхваляўся сярод свайго асяроддзя, што Пуцін з’яўляецца даўжніком ягонага бацькі, і таму чакаў на вельмі паспяховую карʼеру. За гэта на пэўны час ён патрапіў у няміласць.

Бабіча вінавацілі ў фінансавых махінацыях і карупцыі

Паводле газеты «Коммерсант», Бабіч фігураваў у крымінальнай справе аб крадзяжы 5 млрд. расейскіх рублёў, атрыманых «Расмясамалгандлем» (у 1998-1999 Бабіч быў першым віцэ-прэзідэнтам кампаніі) ад продажу амерыканскай гуманітарнай дапамогі. У сакавіку 2001 года працаўнікі МУС арыштавалі аднаго з кіраўнікоў прадпрыемства Дзмітрыя Ілясава і 2 прадпрымальнікаў, адзін з якіх быў сябрам Бабіча, а другі – мужам ягонай сястры. Самому Бабічу, які тады ўжо працаваў віцэ-губернатарам Іванаўскай вобласці, прад’явілі абвінавачванне і абвясцілі яго ў вышук. У прадстаўніцтве Іванаўскай вобласці пры ўрадзе РФ і ў будынку іванаўскай абласной адміністрацыі правялі ператрусы. Паводле СМІ, за свайго падначаленага заступіўся Іваноўскі губернатар Уладзімір Ціханаў, ён паскардзіўся на дзеянні МУС прэзідэнту Пуціну. У выніку Генпракуратура на даручэнне адміністрацыі прэзідэнта адмяніла пастанову аб прыцягненні Бабіча ў якасці абвінавачанага і пазней закрыла справу.

Падчас працы ў адміністрацыі Іванаўскай вобласці Бабіч таксама трапіў у карупцыйны скандал. Бабіч у Іванаве знайшоў патэнцыйнага інвестара для Пятроўскага спіртакамбінату – кампанію «ОСТ-Алка», якая ў снежні 2001 года набыла ў вобласці 51% акцый спіртзаводу. Па чутках, Міхаіл Бабіч атрымаў за гэтую здзелку $ 1 млн. Абласное УУС правяло расследаванне законнасці продажу акцый і перадало матэрыялы ў пракуратуру вобласці, аднак тая не знайшла падстаў для таго, каб распачаць справу.

«Дзе грошы, там і Бабіч»

Міхаіл Бабіч, фота РИА Новости / Роман Владимиров

Падчас працы ў адміністрацыі Іванаўскай вобласці ягоны ўплыў на кіраўніка рэгіёну быў вельмі вялікі, таму Бабіча сталі называць «шэрым кардыналам». З лета 2001 года Міхаіл Бабіч курыраваў пытанні стратэгічнага планавання, дзейнасць праваахоўных органаў, алкагольную і лясную галіны, а таксама займаўся пошукамі крыніцаў папаўнення бюджэту датацыйнай рэгіёну. Паводле СМІ, у той час у Іванаве стала папулярнай прымаўка «Дзе грошы, там і Бабіч». Бабіча вінавацілі ў тым, што ён карыстаецца «тэлефонным правам», залішне жорстка вядзе дыялог з апанентамі і пераследуе асабістыя інтарэсы.

Між тым усе прызнавалі ягоную неверагодную працаздольнасць. Паводле СМІ, менавіта праз гэта віцэ-губернатара ў Іванаве празвалі «БМВ» – гэта гульня словаў на супадзенні ягоных ініцыялаў (Бабіч Міхаіл Віктаравіч) і маркі машыны, на якой ён тады ездзіў. Пры гэтым віцэ-губернатар заставаўся непублічнай асобай і з журналістамі амаль не размаўляў.

Працаваў, а можа і ваяваў у Чачэніі

Міхаіл Бабіч узначальваў урад Чачэнскай рэспублікі ў 2002-2003 гг. – то бок у самы разгар супрацьстаяння расейскіх сілавікоў і чачэнскіх сепаратыстаў. Праўда, ён займаў гэтую пасаду толькі некалькі месяцаў і ў лютым 2003-га сышоў у адстаўку праз канфлікт з Ахмадам Кадыравым.

Ахмат Кадыраў. Фота – grozny.tv

Нагодай для канфлікту стала тое, што Кадыраў прызначыў новага міністра фінансаў Чачэніі без узгаднення з прэм’ерам. Бабіч абвінаваціў Кадырава ў грубым парушэнні пуцінскіх указаў аб арганізацыі ўлады ў Чачэніі і, па чутках, вырашыў прызначыць іншага міністра. Аднак Крэмль у гэтым канфлікце стаў на бок Кадырава.

Ёсць у біяграфіі Бабіча і загадка, звязаная з Чачэніяй. Ягоны папярэднік на пасадзе чачэнскага прэмʼера Станіслаў Ілʼясаў казаў, што Бабіч «добра ведае рэспубліку, таму што служыў у Грозным». Паколькі пасля прыходу да ўлады Джахара Дудаева і аж да пачатку першай чачэнскай вайны расейскіх вайскоўцаў у рэспубліцы не было, атрымліваецца, што Бабіч або служыў там адразу пасля вучобы ў 1990-1991 гадах, або ўдзельнічаў у першай чачэнскай кампаніі, якая пачалася ў снежні 1994-га. Аднак у яго публічнай біяграфіі такія факты не значацца.

Ледзь не стаў амбасадарам у Кіеве

Летам 2016 года Крэмль рыхтаваўся прызначыць Бабіча амбасадарам у Кіеве. Прычым расейскі бок дэманстратыўна праігнараваў існыя дыпламатычныя звычаі: яшчэ да атрымання агрэмана прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў агучыў прозвішча новага амбасадара, а ягоную кандыдатуру ўнеслі на ўзгадненне ў Дзярждуму. Ва Украіне падобныя паводзіны Крамля выклікала хвалю абурэння – парушэнне дыпламатычных правілаў было ўспрынятае як адкрытае хамства і правакацыя. Акрамя таго Бабіч у 2014 годзе ў якасці сябра Савету бяспекі РФ быў датычны да рашэння па анексіі Крыму.

Расейскія жаўнеры без апазнавальных знакаў у ўкраінскім Крыме, 28 лютага 2014 года. Фота wikipedia.org

Ва ўкраінскай прэсе Бабіча называлі «паслом вайны», «прафесійным дыверсантам» і «класічным кандыдатам Крамля для ўзаемадзеяння з сепаратыстамі на Данбасе». МЗС Украіны ў выніку адмовіў Бабічу ў агрэмане.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў