«Мэта – бюлетэнь узору 2015-га». Да чаго прывядзе масавае ануляванне подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў?


Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі па ўсёй Беларусі анулююць подпісы, сабраныя за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Belsat.eu распавядае ўсё, што вядома па стане на 30 чэрвеня і разам з экспертамі тлумачыць, чаму ўлады абралі гэтую тактыку і да чаго яна прывядзе.

У Менску, паводле дадзеных назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», подпісы за Цапкалу і Бабарыку былі забракаваныя адразу ў двух раёнах. У Фрунзенскім раёне з 47 190 подпісаў за Бабарыку і 17 853 за Цапкалу несапраўднымі пасля двух праверак прызналі 16% у кожнага. Паводле заканадаўства, калі 15% і болей здадзеных подпісаў камісія прызнае несапраўднымі, яна бракуе ўсе астатнія.

Аналагічная сітуацыя склалася ў Маскоўскім раёне, дзе з 30 341 подпісаў за Бабарыку забракавалі 15, 2%. Пры гэтым назіральнікаў да праверкі не дапускалі, усё рабілі чальцы камісіі. Назіральнік ад кампаніі «Честные люди» паведаміў, што і ў Партызанскім раёне выбаркамы забракавалі 9 381 подпіс за Бабарыку і 2 433 за Цапкалу.

Бракуюць подпісы і ў рэгіёнах. У Савецкім раёне Гомля ануляваныя 23,28% подпісаў за Бабарыку і 16, 53% за Цапкалу. А ў Першамайскім раёне Віцебску наагул забракавалі ўсе подпісы за абодвух патэнцыйных кандыдатаў. У Кастрычніцкім раёне Віцебску – толькі за Цапкалу. У Кастрычніцкім раёне Магілёва анулявалі ўсе подпісы Цапкалы, у Ленінскім – Бабарыкі. Таксама вядома пра бракаванне подпісаў у Магілёўскім раёне, Кастрычніцкім раёне Горадні, у Светлагорску і Барысаве.

«Галасы людзей нельга выкідаць у сметніцу»

Валер Цапкала сустрэўся з жыхарамі Бараўлянаў. 4 чэрвеня 2020.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Прэс-сакратар штабу Валерыя Цапкалы Аляксей Урбан паведаміў belsat.eu, што па стане на 12.00 30 чэрвеня вядома пра 38 тысяч забракаваных подпісаў.

«Гэтая лічба яшчэ ўдакладняецца, можа быць і болей. Мы збіраемся з гэтым разабрацца, канешне, мы будзем падаваць скаргі і разбірацца з кожным подпісам», – кажа ён.

Урбан адзначае, што штаб пакуль не сфармаваў свайго меркавання наконт таго, што адбываецца з подпісамі, бо няма канчатковых звестак ад выбаркамаў.

«Сітуацыя неадназначная, нас гэта вельмі турбуе. Але неяк гэта з гарачкі называць, ацэньваць пакуль складана», – дадае прэс-сакратар.

Паводле каардынатаркі штабу Бабарыкі Марыі Калеснікавай, тэрытарыяльныя выбаркамы адмаўляюцца надаваць ім звесткі пра агульную колькасць ануляваных подпісаў.

«Пакуль мы ведаем толькі тое, што ёсць у СМІ і сацсетках. Мы тэлефанавалі ў выбарчыя камісіі, але там сказалі, што не дадуць нам ніякая інфармацыі, не прадставяць дадзеных, і мы іх зможам пабачыць толькі ўвечары, калі яны з’явяцца на сайце выбаркаму», – распавяла яна.

Фота: Васіль Малчанаў/«Белсат»

Пакуль штаб не можа вырашыць, ці падаваць скаргу на дзеянні выбаркамаў, бо няма канкрэтных лічбаў. Аднак стаўленне да таго, што адбываецца, у каардынатараў адназначнае:

«Гэта абсалютная агіднасць! Яны не маюць права не ўлічваць меркавання такой вялікай колькасці людзей. Галасы тых, хто вырашыў пакінуць подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў, нельга проста выкідаць у сметніцу», – кажа Калеснікава.

Мэта – не зарэгістраваць «небяспечных» кандыдатаў

Праваабаронца Уладзімір Лабковіч мяркуе, што тактыку анулявання подпісаў за Цапкалу і Бабарыку ўлады абралі адмыслова, каб тыя не патрапілі ў бюлетэні.

Уладзімір Лабковіч.
Фота: «Радыё Свабода»

«Улады вырашылі максімальна спрасціць сабе задачу і ўсе моманты турбулентнасці перажыць да галасавання і ўжо на галасаванне выходзіць з кандыдатамі, якія не ствараюць праблем і наяўнасць якіх не выклікае цікаўнасці ў выбарнікаў. Ёсць такое жаданне максімальна гэтыя выбары маргіналізаваць, каб асноўныя пратэсты былі звязаныя не з вынікам галасавання і падтрымкай таго ці іншага кандыдата, а, напрыклад, з іхнай нерэгістрацыяй», – кажа ён.

Лабковіч падкрэслівае, што ў Беларусі створана сістэма поўнага кантролю за выбарчымі камісіямі, яны цалкам закрытыя і фармуюцца з адных і тых жа людзей у школах, прадпрыемствах і г.д Незалежных назіральнікаў да праверак не дапускаюць. Пры гэтым выклікае здзіўленне дыспрапорцыя ў адсотку ануляваных подпісаў за самых рэйтынгавых прэтэндэнтаў у кандыдаты ў параўнанні з астатнімі.

«Працэс праверкі подпісаў заўжды быў непразрыстым. Назіральнікі на папярэдніх выбарах таксама адзначалі, што іх не дапускалі да гэтай працэдуры. Мы прысутнічалі толькі на этапе агучвання вынікаў праверкі. Усе гэта выклікае недавер і стварае сітуацыю, калі ўсе кандыдаты робяцца закладнікамі палітычных рашэнняў уладаў», – тлумачыць праваабаронца.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што мэта масавага бракавання подпісаў – не дапусціць рэгістрацыі альтэрнатыўных кандыдатаў.

Аляксандр Класкоўскі.
Фота: «Белсат»

«Відавочна, што гэтая выбарчая кампанія складаецца асабліва неспрыяльна для Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта таму ўлады пачалі ўжываць і сілавыя, і адміністрацыйныя метады. Выбаркамы сфармаваныя яшчэ больш жорстка, адсеялі амаль усю апазіцыю. Там сядзяць «свае» людзі, якія гатовыя па адмашцы выканаць любы загад, у тым ліку гэта датычыць ацэнкі якасці подпісаў. Масавае бракаванне подпісаў за Цапкалу і Бабарыку – сімптом таго, што ўлады шукаюць магчымасць не зарэгістраваць іх.

Магчыма, канчатковага рашэння на самым версе пакуль няма, але да гэтага схіляюцца. Вырашана не мудрыць, не выпрабоўваць лёс, а сфармаваць бюлетэнь у лапідарным варыянце, на манер выбараў-2015, калі туды трапілі так званыя спарынг-партнеры Лукашэнкі», – сцвярджае эксперт.

На думку Класкоўскага, бракуюць подпісы Бабарыкі і Цапкалы, бо тыя з’яўляюцца найбольш небяспечнымі з гледзішча ўлады прэтэндэнтамі.

Аднак ці даводзіцца прагназаваць, што ў выпадку нэрэгістрацыі абодвух, абурэнне грамадскасці выльецца ў вулічны пратэст?

«Безумоўна, абурэнне будзе. Мы ўжо бачылі «падпісную рэвалюцыю». Хаця прапаганда хоча гэта абмаляваць як дзеянні нейкіх марыянетак злых вонкавых сіл, насамрэч мы бачылі па стрымах, па рэпартажах у незалежных медыях, гэта быў сапраўдны нізавы масавы рух. Натуральна, у гэтых людзей будзе жаданне пратэставаць. Паколькі ўлады гэта прадбачылі, то кінулі за краты найбольш таленавітых і дасведчаных арганізатараў вулічных пратэстаў – Статкевіча, Севярынца, Ціханоўскага.

Таму надта няма каму ладзіць пратэсты. Да таго ж, адмова ў рэгістрацыі – не самы гучны лозунг, каб сабраць шмат людзей.

Улады мяркуюць, што прасцей задушыць лакальныя выступы, чым дапусціць да рэгістрацыі Бабарыку. Хаця сам ён не заклікае на плошчу, але людзі могуць самаарганізавацца і выступіць, калі ўбачаць, што «кандыдат надзеі» застаецца ў гульні», – рэзюмуе Аляксандр Класкоўскі.

  • Праверка сабраных подпісаў працягнецца да 5 ліпеня.
  • Да 14 ліпеня стане вядома, каго зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты.
  • Асноўны дзень галасавання ў Беларусі – 9 жніўня.

КА belsat.eu

Стужка навінаў