Менскі пенсіянер «здаў» міліцыі суседку, якая ўдзельнічала ў мітынгу ІП


У аўторак, 19 красавіка, у судзе Цэнтральнага раёну Менску будзе разглядацца адміністрацыйная справа Галіны Лагацкай, якую абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі – мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся яшчэ 22 лютага.

У дачыненні да Галіны Лагацкай міліцыянты не складалі пратаколу і ў пастарунак яе не выклікалі, тым не менш на днях жанчына атрымала позву ў суд. Нагодай для адміністратыўнай справы стала заява пільнага грамадзяніна – суседа Лагацкай па доме, пенсіянера Мілевіча. Мужчына скіраваў заяву на адрас Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Менгарвыканкаму, піша агенцтва БелаПАН.

Пенсіянер паведаміў, што, праглядаючы навіны на сайце інтэрнэт-газеты Naviny.by, убачыў фатаграфіі несанкцыянаванага мітынгу ля Палацу рэспублікі 22 лютага. Сярод удзельнікаў мітынгу прадпрымальнікаў ён пазнаў знаёмую Галіну Лагацкую, якая трымала ў руках плакат з надпісам «Прадпрымальнік – сумленны чалавек, а ўлада – бандыцкая». Надпіс на плакаце Мілевіч палічыў абразлівым і на гэтай падставе папрасіў міліцыю прыцягнуць суседку да адказнасці.

Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», цягам сакавіка суды вынеслі пастановы пра штрафы прыкладна дзесяці ўдзельнікам мітынгу, у дачыненні да якіх былі складзены пратаколы аб правапарушэнні.

Вядоўцу «Белсату» і філосафа Уладзіміра Мацкевіча спрабавалі засудзіць за ўдзел у адной з акцыяў прадпрымальнікаў у Менску. Супраць спадара Мацкевіча сведчылі міліцыянты, якія даводзілі, што бачылі яго на мітынгу. Філосаф жа меў алібі, што яго ўвогуле не было ў гэты час у Беларусі. У выніку суддзя Вікторыя Шабуня вынесла пастанову аб накіраванні адміністрацыйнай справы на дапрацоўку ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў