Менскі кірмаш: Рамзан Кадыраў, Чэслаў Немэн і нобэлеўскія лаўрэаты па-беларуску


У сталіцы адкрыўся XXVІ Міжнародны кніжны кірмаш. Belsat.eu схадзіў на адкрыццё і даведаўся пра навінкі літаратурнага свету, а таксама пра цікавыя падзеі ў межах імпрэзы.

Галоўная госця на сёлетнім кірмашы – Расея. На ўрачыстае адкрыццё запрасілі і расейскіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў саюзнай дзяржавы. Намеснік кіраўніка Федэральнага агенцтва друку і масавых камунікацыяў Уладзімір Грыгорʼеў распавёў пра дасягненні кнігадрукавання ўсходняй суседкі:

«Летась было выдадзена 118 000 назваў, агульным накладам больш за 450 мільёнаў асобнікаў. Нам, безумоўна, цяжка прывезці гэта ўсё ў Менск, але найлепшае з найлепшага, гэтак званы крэм таго, што было зроблена ў мінулым годзе, мы прэзентавалі менскай публіцы».

Кнігі пра Рамзана Кадырава займаюць цэнтральныя паліцы. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Сярод так званага крэму апынулася і кніга кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі Рамзана Кадырава.

Кнігі беларускай нобэлеўскай лаўрэаткі месціліся таксама на расейскім стэндзе. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Адметнасцю ж нацыянальнага стэнду стала экспазіцыя арыгіналу «Малой падарожнай кнігі» Францыска Скарыны, якая вярнулася два гады таму ў Беларусь дзякуючы намаганням прадстаўнікоў «Белгазпрамбанку». Арыгінал захоўваецца ў галерэі «Арт-Беларусь», а электронныя копіі выдання можна паглядзець у згаданай галерэі, Нацыянальнай бібліятэцы ды на нацыянальным стэндзе.

Гэтай кнізе 947 гадоў. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Мы таксама працуем цяпер над тым, каб на інтэрнэт-партале Нацыянальнай бібліятэкі зʼявілася аблічбаваная копія «Малой падарожнай кнігі», – падзяліўся планамі дырэктар галерэі «Арт-Беларусь» Аляксандр Зіменка.

Напярэдадні, увесь першы дзень кніжнага кірмашу, тут праходзілі дыскусіі і круглыя сталы з удзелам расейскіх і беларускіх аўтараў. Адзін з такіх круглых сталоў меў назву «Расея і Беларусь. Два крылы адной літаратуры». Мы звярнуліся да старшыні Саюзу пісьменнікаў Беларусі па тлумачэнні адносна такой назвы:

«У нас з Расеяй шмат агульнага, пагадзіцеся: такія паняткі, як свет і хлеб, гучаць аднолькава. І канечне, такія літаратуры маюць дапаўняць адна адну. Але вядома, яны не могуць быць адной літаратурай, абедзве краіны маюць свае мовы, але шмат што іх абʼядноўвае», – дыпламатычна сышоў ад адказу Мікалай Чаргінец.

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Таксама старшыня СПБ запэўніў, што ягоная арганізацыя робіць нямала для прасоўвання беларускай мовы:

«Наш саюз зрабіў больш для беларускай мовы, чым нашыя калегі з Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Мы больш настойлівыя. Напрыклад, з нашае ініцыятывы шмат якія вуліцы названыя па-беларуску, дарожныя знакі па-беларуску. Суадносіны беларускамоўных і расейскамоўных кніг у нашым саюзе 40 % на 60 %. Мы падтрымліваем і ўвядзенне шэрагу прэферэнцыяў для пісьменнікаў, якія друкуюцца па-беларуску: гэта сярод іншага і большыя ганарары, чым у аўтараў, што друкуюцца па-расейску».

Мікалай Чаргінец. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пісьменнік заўважыў, што попыт на беларускамоўную літаратуру апошнім часам вырас. Гэты тэзіс пацвярджае і працаўнік выдавецтва «Янушкевіч» Сяргей Макарэвіч:

«Я магу казаць толькі адносна кніг нашага выдавецтва, але калі б попыт не вырас, мы б не змаглі выдаць, напрыклад, «Мае дзевяностыя» Альгерда Бахарэвіча або «Багуслава Радзівіла» Ірыны Данеўскай».

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У гэтым жа выдавецтве зусім нядаўна выйшла па-беларуску найвядомейшая кніга брытанскай пісьменніцы Джэйн Остэн «Пыха і перадузятасць». Іншыя навінкі «Янушкевіча» на кірмашы – пераклады на беларускую мову нобэлеўскіх лаўрэатаў у галіне літаратуры: турэцкага аўтара Архана Памука «Стамбул. Горад і ўспаміны», брытанскага Кадзуа Ісігура «Не адпускай мяне» і нямецкага Томаса Мана «Смерць у Венецыі». Дарэчы, нямецкія класічныя аўтары перакладаюцца на беларускую мову значна лепш за сучасных.

Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«У гэтым ёсць камерцыйны чыннік, – кажа амбасадар ФРГ у Беларусі Пэтэр Дэтмар, – гэтак жа і наадварот – мала перакладаў беларускіх сучасных аўтараў на нямецкую мову. Цяпер магу назваць хіба толькі «Горад Сонца» Артура Клінава – дарэчы, досыць запатрабаваная кніга».

Між іншага, Пэтэр Дэтмар, які ўжо чацвёрты год працуе ў Менску, няблага знаёмы з беларускай літаратурай:

«Немагчыма не напаткаць творы Купалы і Коласа, але гэта зусім іншы літаратурны свет, не заўсёды проста яго зразумець, ужыцца ў яго. Што мяне ўразіла з беларускай літаратуры – гэта найперш Быкаў, напрыклад, раман «Карʼер». Агулам літаратура гэтага часу вельмі захапляльная».

Жанчына ў чырвоным. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Дзяўчына з кнігай. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Польскі стэнд падрыхтаваў для менскай аўдыторыі літаратурныя імпрэзы, прысвечаныя таленавітым палякам з беларускімі каранямі: Чэславу Немэну і Сяргею Пясецкаму.

Сёння на стэндзе запланаваная прэзентацыя кнігі-альбому «Чэслаў Немэн». Аўтары – беларуская журналістка Вера Савіна і фотамастак Віталь Раковіч. 9 лютага будуць прэзентаваць трэцюю кнігу з трылогіі Сяргея Пясецкага «Ніхто дабром не дасць збаўлення». Першую і трэцюю кнігі Сяргея Пясецкага перакладаў Віктар Шукеловіч, вядоўца і аўтар праграмы «Вяскоўцы» на «Белсаце». Кнігі Сяргея Пясецкага імкліва набылі папулярнасць у 1930-я гады ў Польшчы дзякуючы авантурнай тэматыцы. У Беларусі найперш вядомы ягоны іншы твор – «Каханак Вялікай мядзведзіцы» пра кантрабандыстаў на савецка-польскай мяжы ў раёне Ракава. А трылогія распавядае пра жыццё менскіх бандытаў і злачынцаў на пачатку дваццатага стагоддзя. У прэзентацыі возьмуць удзел унучка Пясецкага – Эва Тамашэвіч і музыка Лявон Вольскі.

Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Выстава-кірмаш працягнецца да 10 лютага ў выставачным комплексе па адрасе пр. Пераможцаў, 14.

НР, фота Ірына Арахоўская belsat.eu

Стужка навінаў