Мянчук, хворы на шызафрэнію, ужо 2 месяцы не можа атрымаць лекі


Сваякі 67-гадовага жыхара Менску, які пакутуе на псіхічнае захворванне, звярнуліся ў рэдакцыю belsat.eu і распавялі, што ён не можа атрымаць неабходны медыкамент – галаперыдол ужо цягам двух месяцаў.

Пацыент – інвалід ІІ групы паводле дыягназу «шызафрэнія». Звычайна мужчына атрымліваў адну ін’екцыю галаперыдолу ў месяц у Менскім гарадскім псіхіятрычным дыспансеры. Патрэбы ў шпіталізацыі раней не было, уколы рабілі амбулаторна.

Апошні раз працэдура была праведзеная ў сярэдзіне жніўня, наступная планавалася 10 верасня. Але ні ў верасні, ні ў кастрычніку прэпарата ў дыспансеры проста не аказалася.

Як распавялі нам сваякі, за час без уколаў сімптомы хваробы пачалі імкліва пагаршацца. На гэтым тыдні ў панядзелак мужчыну шпіталізавалі ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках.

Навошта патрэбны галаперыдол?

Галаперыдол – моцны неўралептык, распрацаваны яшчэ ў 1957 годзе ў Бельгіі. Ён традыцыйна выкарыстоўваецца ў мона- і камбінаванай тэрапіі пры вострых разладах псіхікі. Эфектыўнасць яго даказаная пры шызафрэніі, агрэсіўных праявах псіхозу, маніякальных станах, алкагольным і наркатычным дэлірыі.

Прэпарат здымае ў пацыентаў галюцынацыі, супакойвае маторнае ўзбуджэнне. Дзейнічае ён вельмі хутка – праз 10 хвілін пасля інʼекцыі.

Пры рэзкім зніжэнні дозы людзі адчуваюць сіндром адмены. Гэта праяўляецца, сярод іншага, у развіцці трывожнага псіхозу, міжвольных рухах канечнасцяў, галаўным болі, млоснасці.

Мы паспрабавалі высветліць у Менскім гарадскім псіхіятрычным дыспансеры, як выглядае сітуацыя з наяўнасцю галаперыдолу.

Медыкі: «Паступленне прэпаратаў у аптэкі кантралюе «Белфармацыя»

У прыёмнай галоўнага лекара Менскага гарадскога псіхіятрычнага дыспансера нам заявілі, што не могуць дакладна сказаць, ці сапраўды ёсць праблема з прэпаратам у аптэкавых сетках Беларусі.

«Мы выпісваем рэцэпт на галаперыдол, але пацыент набывае яго самастойна. Не ведаю, ці ёсць ён цяпер у аптэках. У любым выпадку, паступленне медыкаментаў у аптэкі кантралюе «Белфармацыя», звяртайцеся туды».

У РУП «Белфармацыя» сцвярджаюць, што не могуць распавесці пра сітуацыю з наяўнасцю або адсутнасцю галаперыдола без адмысловага дазволу Міністэрства аховы здароўя. Там падкрэсліваюць, што прэпарат з’яўляецца псіхатропам, а гэта значыць – кантраляваным рэчывам. Адпаведна, і звесткі пра яго распаўсюджваюцца з ведама дзяржавы.

Паводле сайту tabletka.by, галаперыдол ёсць у продажы толькі ў трох аптэках.

Belsat.eu накіраваў запыт у Мінаховы здароўя.

***

Ад 1992 года 10 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень псіхічнага здароўя. Летась тэмай дня стала псіхічнае здароўе на працоўным месцы, а ў 2018-м – псіхіка моладзі ў свеце, які імкліва змяняецца.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў