Медыі: У Сірыі ваюе новая расейская прыватная вайсковая кампанія


Расейскі тэлеканал «Дождь» са спасылкай на некалькі крыніцаў паведамляе, што ў Сірыі прынамсі з сакавіка ваюе расейская прыватная вайсковая кампанія (ПВК) «Патриот».

Крыніцы тэлеканалу звязваюць ПВК з Міністэрствам абароны Расеі, у яе шэрагах нібыта вайскоўцы, якія дагэтуль служаць у ведамстве.

Афіцэр расейскага Мінабароны, параўноўваючы новую ПВК з «групай Вагнера», адзначыў, што «Патриот» прапануе большыя заробкі і мае лепш пастаўленыя баявыя задачы. Суразмоўца ў ветэранскіх структурах распавёў, што «Вагнер» і «Патриот» канкуравалі за атрыманне кантракту, звязанага з аховай золатаздабытчыкаў у Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы.

Старшыня камітэту «Агульнарасейскі афіцэрскі сход» Яўгеній Шабаеў кажа, што ў залежнасці ад спецыялізацыі заробкі могуць дасягаць ад 400 тыс. расейскіх рублёў да мільёну (амаль $ 16 тыс.). Праца займае месяца-два, больш працяглых кантрактаў няма.

Расейскае заканадаўства прадугледжвае за найміцтва крымінальную адказнасць. Тым не менш ёсць шматлікія сведчанні таго, што ў баявых дзеяннях у Сірыі на баку ўладаў удзельнічае так званая ПВК «Вагнер», якая складаецца з грамадзянаў Расеі. Гэтую ПВК звязваюць з мільярдэрам Яўгеніем Прыгожыным («кухар Пуціна»), якога да таго ж лічаць уладальнікам «фабрыкі троляў».

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў