Маўчанне ваўкоў: ці прамахнецца Акела Рыгоравіч?

Аляксандр
Фядута
паліткансультант

Лідзія Ярмошына не стала вырашаць галоўную інтрыгу любой перадвыбарнай кампаніі – даваць канчатковы адказ на пытанне, імёны якіх кандыдатаў у прэзідэнты апынуцца ў бюлетэні для галасавання. Вось, маўляў, наступіць 30 чэрвеня – і ЦВК цвік-цвікне, што думае з гэтай нагоды.

Скажам адразу: яна і сама гэтага пакуль не ведае. Рашэнне аб рэгістрацыі канкрэтных кандыдатаў будзе прымацца зусім не ёю. У дадзеным выпадку стары важак зграі, у якой Лідзіі Міхайлаўне адводзіцца важная, але зусім не галоўная роля, так і не вызначыўся з пытаннем, хто будзе галоўным ягнём, асуджаным на палітычнае закланне. Напрыклад, не вызначыўся з лёсам Віктара Бабарыкі, які сядзіць у СІЗА №1 КДБ РБ. Будзе Віктар Дзмітрыевіч прысутнічаць у бюлетэні ці не. Калі так – яно неяк стромна атрымліваецца. Калі не – ці не падумае дворня, што Акелу спецыяльна падганяюць слабую здабычу, каб адсутнасць у важака формы не была гэтак ужо ўражальнай?

Ярмошына распавяла, колькі патэнцыйных кандыдатаў здалі подпісы на праверку

Пытанне па Бабарыку відавочна будзе вырашацца 24 чэрвеня. Падчас візіту Акелы ў Маскву. Там стары ўдаў Каа, не лыпаючы, будзе весці з ім перамовы, каб ужо напэўна вызначыцца з тым, наколькі менавіта падтрымліваць каштоўнейшага і гэтак супярэчлівага ў сваіх пачуццях і справах саюзніка. І пасля перамоваў будзе зразумела, ці варта наагул звяртаць увагу на крамлёўскага ўдава, ці ж давядзецца пайсці на ўгаворы заходніх мядзведзяў Балу, якія патрабуюць, каб закон джунгляў выконваўся і каб чалавечаму дзіцяняці далі магчымасць удзельнічаць у выбарах важака зграі.

Астатніх удзельнікаў гэтага працэсу можна было б лічыць найдасканалейшымі бандар-логамі, якія ствараюць шум і ўражанне масоўкі, калі б не фактар Валерыя Цапкалы. Слон Хатхі Шушкевіч нездарма назваў яго хітрым. У дадзеным канкрэтным выпадку прысутнасць Цапкалы ў бюлетэні, як і прысутнасць Бабарыкі, стварае эфект наяўнасці выбару. Іх электараты перасякаюцца, але не супадаюць. Затое ў грамадскай думцы Захаду і нашых палітычных джунгляў менавіта яны ўвасабляюць у сабе больш-менш выразную альтэрнатыву. Сяргей Ціханоўскі выразна сфармуляваў, супраць чаго і каго ён (рэінкарніраваўшыся ў жонку) выступае, але за што ён выступае, выразнага адказу мы не маем. І ў гэтым ён, як ні дзіўна, супадае з Акелам Лукашэнкам, які дагэтуль пазначае ўсеагульную будучыню – у выпадку яго перавыбрання – як захаванне ўсеагульнага мінулага. А вось з гэтым у джунглях, падобна, ужо ніхто не можа пагадзіцца. Рухацца ж кудысьці трэба: джунглі гараць, і «чырвоная кветка», таго і глядзі, абпаліць усім калі не морды, то хвасты ва ўсякім выпадку.

Праваабаронцы: Выбарчая кампанія праходзіць у сітуацыі няспынных рэпрэсіяў

Але Лукашэнка ўсіх палохае – і не больш. У любым выпадку, менавіта да 24-га чэрвеня спадарыня Ярмошына атрымае адказ на сваё галоўнае пытанне. Пасля гэтага справа будзе тэхнічна вырашаная: да таго часу ў Лідзіі Міхайлаўны будзе выразны спіс тых, хто рэальна сабраў подпісы, а хто спадзяецца на паўтор «лафы» 2010 года, калі зарэгістравалі наагул усіх. Памятаеце? Тады Аляксандр Рыгоравіч паабяцаў прэзідэнту Літвы (няшчасная жанчына, якая вынесла на сабе Канстытуцыю) Далі Грыбаўскайтэ зарэгістраваць менавіта «усіх». Што ён і зрабіў. Жаласны для ўдзельнікаў тых прусачыных бягоў вынік мы ўсе памятаем.

Але і Лукашэнка памятае. Імкнучыся вылучыцца ў вачах патэнцыйных выбарнікаў, зграя зарэгістраваных ваўчанят так накінулася на адсутнага ў студыі важака, што таму давялося моцна пашкадаваць пра падобныя гульні. Бо нават спойлер, з’явіўшыся перад тэлекамерай, вольна або мімаволі, пачынае думаць пра сябе як пра сурʼёзнага палітычнага гульца, што і прывяло шмат каго да сумнага зыходу. Кагосьці пасадзілі ўсурʼёз і надоўга, кагосьці скампраметавалі ў вачах публікі, а кагосьці папросту зламалі, выкарыстаўшы.

Ці баіцца Лукашэнка рэферэндуму?

Таму высокая верагоднасць таго, што памылку 2010 года з рэгістрацыяй усіх, хто абвясціў пра сабраныя подпісы, улада можа і не паўтараць. Але гэта не азначае, што спойлера не зарэгіструюць у прынцыпе – хоць бы для страхоўкі, для імітацыі наяўнасці альтэрнатывы. І тут важна, каб выбарнік зразумеў: на самой справе, выбар зусім дыхатамічны, па прынцыпе «альбо – альбо». Трэцяга не дадзена. Выбіраць прыйдзецца паміж шматаблічным Лукашэнкам і анты-Лукашэнкам.

Але колькі твараў будзе ў Лукашэнкі і якое будзе прозвішча яго антыподу, мы даведаемся толькі 30-га чэрвеня. Да той пары ваўкі будуць маўчаць. Нават калі Акела ўжо прамахнуўся – яны ўсё роўна будуць маўчаць. Каб потым з падвоеным разлютаваннем накінуцца на важака, які прамахнуўся, і спісаць на яго ў тым ліку і ўласныя пралікі.

/ІР

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў