Маці асуджаных паводле наркатычных артыкулаў гатовыя аднавіць галадоўку


Прадстаўніцы руху «Маці-328», які аб’ядноўвае сваякоў тых, хто трапіў за краты паводле арт. 328 Крымінальнага кодэксу (незаконны абарот наркотыкаў), працягваюць настойвайць на асабістай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і змякчэнні крымінальнага заканадаўства. Яны не выключаюць, што могуць зноў абвесціць галадоўкі пратэсту.

Як заявіла «Белсату» кіраўніца грамадскай ініцыятывы «Маці-328» Ларыса Жыгар, першым пунктам іх патрабаванняў застаецца асабістая сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле Жыгар, па артыкуле 328 асуджаныя ўжо каля 18 тыс. чалавек, што кепска будзе ўплываць як на дэмаграфічную сітуацыю ў краіне, гэтак і на крымінагенную – бо па вызваленні хлопцам будзе цяжка вярнуцца да нармальнага жыцця і яны могуць зноў трапіць у крымінальнае асяроддзе.

«Не ведаю, наколькі гэта рэальна, але да Лукашэнкі трэба данесці гэтую сітуацыю. Калі б ён выслухаў маці, магчыма ў яго душы нешта зварухнулася і сэрца адтаяла. Аляксандр Рыгаравіч, калі ласка, пачуйце матуль!» – заклікала Жыгар.

Цяпер у Палаце прадстаўнікоў знаходзіцца праект унясення зменаў у крымінальны кодэкс у частцы наркатычных злачынстваў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра зніжэнне ніжняй планкі пакарання па арт. 328 на два гады – па ч. 2 з пяці да трох, па ч. 3 – з васьмі да шасці. Жыгар вітае падобныя намеры ўлады, але лічыць, што гэтага не дастаткова. Застаецца нявырашаным пытанне аб асуджэнні няпоўнагадовых, патрэбнае размежаванне па хімічнаму складу наркотыкаў (штучныя або натуральныя) ды размежаванне па вазе. «За адзін грам і адзін кілаграм мусяць быць розныя тэрміны пакарання», – дадае яна.

«Маці-328» гатовыя працягваць барацьбу і лічаць, што тыя галадоўкі, якія жанчыны праводзілі цягам году, не былі безвыніковымі.

«Наша галадаванне дало вынік. Раней улады заўсёды адцягвалі пытанне па змене заканадаўства, не паспявалі разглядзець. І раптам, калі мы выйшлі і абвесцілі галадаванне, улады ўсё ж прынялі да ведама, што трэба нешта мяняць. Калі мы будзем з чымсьці нязгодны, або яны будуць цягнуць з другім чытаннем законапраекту, то будзе зноў галадоўка. Магчыма, яна не будзе бестэрміновай, але яна будзе эстафетнай», – заявіла Ларыса Жыгар.

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак адзначае, што пытанне аб змякчэнні адказнасці за ўжыванне наркотыкаў застаецца ў парадку дня. Праваабаронца нагадвае, што ЗША і шэраг еўрапейскіх краінаў сёння ўжо адмовіліся ад крымінальнага пакарання звычайных спажыўцоў наркотыкаў, а робяць стаўку на альтэрнатыўныя метады выпраўлення людзей.

Алег Волчак

«Сёння матулі кажуць, што акцыі галадоўкі могуць працягнуцца, калі іх не пачуюць. Па-першае, сваякі асуджаных настойваюць на сустрэчы з Лукашэнкам, бо менавіта ён 4 гады таму падпісаў указ аб барацьбе з нарказлачынцамі. Сваякі хочуць данесці да яго ўсю праўду, бо прэзідэнт атрымлівае інфармацыю толькі ад сілавікоў і натуральна, што пра парушэнні працэсу яму не дакладваюць. Па-другое, усе сваякі настойваюць на пераглядзе крымінальных справаў. Сапраўды, зафіксаваны шэраг парушэнняў падчас збору доказаў, папярэдняга расследавання і ў судах. Нарэшце, сваякі заклікаюць да правядзенне прафілактыкі нарказлачынстваў. На сёння адкрытыя межы, таму сваякі заклікаюць закрыць мяжу з Расеяй, каб не завозілася столькі наркотыкаў. Асабліва турбуе прыцягненне да адказнасці непоўнагадовых, якім даюць па 10 гадоў і гэта ўжо мае такі сістэматычны характар», – распавёў «Белсату» Алег Волчак.

Алег Волчак звяртае ўвагу і на яшчэ адну праблему: дыскрымінацыю ў месцах пазбаўлення волі людзей, асуджаных па арт. 328. Такія асуджаныя не маюць магчымасці быць вызваленымі ўмоўна-датэрмінова, у калоніях на іх часцей накладаюць спагнанні, што ў сваю чаргу можа прывесці да новых крымінальных справаў і падаўжэння тэрміну пакарання.

Адзначым, што 3 лістапада ў калоніі № 22 «Воўчыя норы», дзе пераважна адбываюць пакаранні асуджаныя паводле арт. 328, вязні на знак пратэсту адмовіліся выконваць турэмны распарадак, забарыкадаваліся і запатрабавалі прыезду абласнога кіраўніцтва турмаў. Вязні дамагаліся змены адміністрацыі калоніі, але іх пратэсты атрымалася задушыць. У МУС назвалі гэты інцыдэнт парушэннем рэжыму, а СМІ – бунтам.

З чаго ўсё пачалося

У снежні 2014 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў так званы «антынаркатычны дэкрэт», які прадугледжвае больш жорсткае пакаранне за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі. Пры гэтым ён загадаў стварыць для асуджаных паводле 328-га артыкулу «невыносныя ўмовы».

Аляксандр Лукашэнка. Фота – president.gov.by

Улады сцвярджаюць, што дзякуючы дэкрэту Лукашэнкі ў Беларусі стала менш злачынстваў, звязаных з незаконным зваротам наркотыкаў. Паводле дадзеных Вярхоўнага суду, па наркатычных артыкулах у 2017 годзе асуджана 2942 асобы (у 2016-м – 3608, у 2015-м – 3929). Паводле Міністэрства аховы здароўя, таксама знізілася колькасць пацыентаў, якія паступаюць у шпіталі з перадазіроўкай: у 2014 годзе такіх было 1351, у 2015 – 1068, у 2016 – 759, у 2017 – 437. У апошнія два гады не было перадазіровак са смяротным зыходам у непаўналетніх і ў цэлым сярод паўналетніх колькасць перадазіровак знізілася ў два разы.

Між тым сваякі асуджаных і эксперты лічаць, што адбываецца паказальная барацьба з наркотыкамі, але пад ударам апынуліся не наркагандляры, а пераважна тыя, хто ўжываў лёгкія наркотыкі ў малых дозах.

Партрэты асуджанных па арт. 328, фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Сваякі асуджаных па наркатычным артыкуле сталі аб’ядноўвацца ў рух «Маці-328». Сёлета ўдзельніцы ініцыятывы распачалі пратэсты, патрабуючы сустрэчы з Лукашэнкам і змякчэння крымінальнага заканадаўства. У Калінкавічах і Пухавіцкім раёне актывісткі руху «Маці-328» галадалі 14 дзён – з 27 красавіка па 11 траўня. У Лідзе – 10 дзён. Яны двойчы хадзілі ў Адміністрацыю прэзідэнта і на 14-ы дзень спынілі галадоўку, атрымаўшы ад чыноўнікаў абяцанне, што законапраект аб змякчэнні пакарання «за наркотыкі» будзе хутка перададзены на разгляд дэпутатам. У сустрэчы з Лукашэнкам жанчынам адмовілі. Кароткатэрміновая галадоўка пратэста таксама адбылася ў кастрычніку пад сценамі СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Як ставяцца да «Маці-328» улады

Галадоўніцы-328, 8 траўня, фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Стаўленне ўладаў да пратэстаў «Маці-328» дваістае. З аднаго боку, у траўні ў Палату прадстаўнікоў быў накіраваны законапраект, які прадугледжвае зніжэнне ніжняй планкі крымінальнай адказнасці па арт. 328. Лукашэнка заявіў пра неабходнасць адрозніваць пакаранні спажыўцам і пастаўнікам наркотыкаў, а Вярхоўны суд паабяцаў ужываць да спажыўцоў наркотыкаў пакаранні, не звязаныя з пазбаўленнем волі.

З іншага боку як Лукашэнка, гэтак і прадстаўнікі праваахоўных органаў і судовай сістэмы, лічаць, што прынцыповых зменаў заканадаўства не патрабуе, а антынаркатычны дэкрэт быў правільным крокам. Дзеянні актывістак руху «Маці-328» былі раскрытыкаваныя.

У прыватнасці, намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч заявіў, што судовая ўлада супраць паправак у крымінальнае заканадаўства адносна «наркатычнага» арт. 328. Ён дадаў, што сёння «наркатычнае лобі інспіруе грамадскую незадаволенасць, гуляючы ў тым ліку і на пачуццях маці асуджаных». Старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала ў сваю чаргу заявіў, што пратэсты «Маці-328» з’яўляюцца «недапушчальнымі, гэта ціск і ўмяшанне ў правасуддзе». Супраць змякчэння заканадаўства выступіў і кіраўнік МУС Ігар Шуневіч.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў