Марыя Калеснікава ўступілася за свайго адваката Аляксандра Пыльчанку


Адваката Віктара Бабарыка і Марыі Калеснікавай Аляксандра Пыльчанку могуць пазбавіць ліцэнзіі за каментар TUT.by.

У жніўні юрыст заклікаў генпракурора распачаць крымінальныя справы супраць сілавікоў, якія збівалі і катаванні мірных грамадзянаў, а на час праверкі адхіліць ад займаных пасадаў міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева, ягоных намеснікаў і начальніка Ізалятару часовага ўтрымання на вул. Акрэсціна ў Менску.

Арыштаваная месяц таму Марыя Калеснікава са следчага ізалятару на Валадарскага напісала заяву ў Мінюст у сувязі з выклікам ейнага абаронцы на паседжанне кваліфікацыйнай камісіі. Спадарыня Марыя лічыць, што пасля арышту ейных адвакатаў Іллі Салея і Максіма Знака, пазбаўленне ліцэнзіі Аляксандра Пыльчанкі «паставіць ейную абарону пад пагрозу».

Hавiны
Праваабаронцы прызналі Калеснікаву, Знака і Салея палітвязнямі
2020.09.10 17:43

Днём раней у абарону ліцэнзіі адваката ў Мінюст звярнуўся экс-прэтэндэнт на прэзідэнта Віктар Бабарыка, які знаходзіцца пад вартаю амаль 4 месяцы.

«Намер пазбавіць майго абаронцу ліцэнзіі я расцэньваю як парушэнне майго права на абарону і ціск на мяне. Я ўжо не маю магчымасці скарыстацца юрыдычнаю дапамогай адваката Максіма Знака, якому выдалі даверанасць на прадстаўленне маіх інтарэсаў у судах, у тым ліку па пытаннях ажыццяўлення выбарчых правоў. Цяпер ён заключаны пад варту».

Кваліфікацыйная камісія ў пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі збярэцца ў справе Пыльчанкі апоўдні 15 кастрычніка.

ЮЦ Belsat.eu

Стужка навінаў