Манастыр пашыў берасцейскім школьнікам сцяг Расейскай імперыі


Штандар з двухгаловым арлом для кадэтаў школы № 35 зрабілі манашкі Залаташвейнай майстэрні Свята-Раство-Багародзіцкага жаночага манастыра.

На сцяг звярнуў увагу Ігар Маслоўскі ў «Facebook’у».

У каментарах чытачы выказалі абурэнне ды і параілі «рускаму свету зуб за зуб выбіваць».

Дырэктарка школы Галіна Анішчук распавяла belsat.eu, што гэта сцяг Александрыйскага корпусу, і сказала, што лепш звярнуцца да ейнага намесніка, які заснаваў кадэцкі корпус у школе. Аднак ягонага тэлефоннага нумару даваць не захацела. Лепш у школу прыходзьце, дадала яна.

Аказалася, што кіраўнік кадэцкага корпусу школы № 35 Віктар Пенза службовага тэлефону не мае, а на мабільныя званкі ён не адказаў.

Затое ўдалося звязацца з манастыром і распытаць пра штандар.

«А чаго вы абураецеся? Пачытайце гісторыю. Мы адрадзілі сцяг, які Мікалай І даў берасцейскаму кадэцкаму корпусу ў 1841 годзе. Пазней яго расфармавалі, корпус сышоў у Маскву, штандар згубіўся.

Але гістарычна ён належыць нашаму берасцейскаму корпусу. Усё ўзгоднена з Узброенымі Сіламі Беларусі. Кожны корпус меў сцяг, наш меў зялёна-сіні. Вы ж разумееце, Беларусь не заўсёды была Беларуссю, яна ж была і ў Расейскай імперыі».

Колькі каштаваў сцяг, манашкі распавесці не захацелі.

«У працэсе вучобы чаму б і не паказаць гэты сцяг. Але мне пра гэта нічога не вядома», – пракаментавала belsat.eu кіраўніца прэс-службы Міністэрства адукацыі РБ Людміла Высоцкая.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары