Максім Вінярскі «Калі ўсе выкажуць сваю пазіцыю, гэты канвеер будзе зламаны»


9 мільёнаў 450 тысяч на рахунак дзяржавы – за акцыю-рэквіем. У судзе Маскоўскага раёну Менску прайшоў разгляд справы над грамадскім актывістам і прадпрымальнікам Аляксандрам Макаевым. Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў акцыі, якая прайшла 24 лістапада каля будынкаў МУС і КДБ і была прысвечаная памяці зніклых апазіцыйных палітыкаў і гадавіне рэферэндуму 1996 года.

«Суддзя напрыканцы паседжання запытаўся, якое ў мяне, як у прадпрымальніка, матэрыяльнае становішча, які я меў прыбытак. На што я адказаў – цяжкае. Максімум паводле гэтага артыкулу штраф 50 базавых, ну а мне далі 45 базавых велічыняў», – распавядае Аляксандр Макаеў, прадпрымальнік, актывіст.

За ўдзел у гэтай жа акцыі сёння асудзілі яшчэ аднаго актывіста – Максіма Вінярскага. Ён мусіць сплаціць дзяржаве 10 з паловаю мільёнаў. Пры гэтым гэта ўжо другі сёлета суд для актывіста «Еўрапейскай Беларусі». 5 студзеня Вінярскага пакаралі штрафам памерам амаль 15 мільёнаў рублёў за далучэнне да студэнцкага маршу, удзельнікі якога патрабавалі ад кіраўніцтва БДУ адмены платных пераздачаў і адпрацовак.

«Калі ўсе пачнуць выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю, магчыма, гэты канвеер будзе зламаны. Пакуль канвеер працуе з невялікай колькасцю, ён працуе. Але кожны раз – гэта выбар кожнага з нас. Прыйсці ці не прыйсці, падтрымаць кагосьці – ці не падтрымаць», мяркуе актывіст Максім Вінярскі.

Не стала б залішнімі падтрыманне і салідарнасць для гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага, імя якога пастаянна фігуруе ў справах аб працы для замежных медыяў без акрэдытацыі. Напярэдадні Кастусь атрымаў паведамленне з судА Калінкавіцкага раёну – журналіста без ягонай прысутнасці на паседжанні пакаралі штрафам 7 мільёнаў 350 тысяч рублёў вось за гэты сюжэт, які выйшаў у эфіры нашага тэлеканалу.

А ўжо заўтра ў райцэнтры Карма Гомельскай вобласці Жукоўскага і ягонага калегу Аркадзя Малыша чакае новы суд – таксама за супрацу з «Белсатам».

Агулам жа за апошні месяц на гомельскіх журналістаў склалі ажно пяць пратаколаў, тры з якіх – на Кастуся Жукоўскага. А 13 студзеня адбыўся і першы сёлета суд – журналістку Ларысу Шчыракову пакаралі штрафам за супрацу з «Белсатам» больш як на 4 з паловаю мільёны рублёў.

Віталь Бабін, «Белсат»

Стужка навінаў