Макей паабяцаў, што Беларусь не будзе гандляваць суверэнітэтам. І прыгадаў ВКЛ


Міністр замежных справаў Уладзімір Макей выступіў з прамоваю падчас святочнай імпрэзы з нагоды 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы.

«Кіраўніком нашай дзяржавы ставяцца перад намі новыя амбіцыйныя задачы, якія дыктуе сам час. Беларусь як самастойная, незалежная еўрапейская дзяржава будзе і далей праводзіць шматвектарную вонкавую палітыку, не гандлюючы сваім суверэнітэтам у залежнасці ад тых ці іншых кан’юнктурных меркаванняў», – заявіў міністр.

Паводле міністра, афіцыйным Менскам будзе працягнуты курс на паглыбленне і развіццё стасункаў з Расеяй і іншымі партнёрамі на еўразійскай прасторы. Беларусь таксама разлічвае на сурʼёзныя дывідэнды ад выраўноўвання і вывядзення на належны ўзровень кантактаў і дыялогу з Еўразвязам і ЗША, мае намер умацоўваць стасункі ўсебаковай супрацы і стратэгічнага партнёрства з Кітаем.

У сваім выступе міністр падрабязна спыніўся на асноўных вехах станаўлення беларускай дыпламатычнай службы, гісторыя якой афіцыйна адлічваецца сённяшнімі ўладамі ад 22 студзеня 1919 года. Аднак Макей падкрэсліў: вытокі беларускай дыпламатыі сыходзяць у значна больш далёкае мінулае, бо вонкавыя сувязі беларускія землі мелі ўжо ў перыяд Полацкага княства.

«Асаблівай увагі заслугоўвае эпоха Вялікага княства Літоўскага. Многія нашы суайчыннікі знаходзіліся на дыпламатычнай службе такіх дзяржаваў, як Рэч Паспалітая, Расейская імперыя», – адзначыў міністр.

Справка
Кузьма Кісялёў – дзяржаўны дзеяч савецкіх часоў, старшыня СНК БССР (1938-1940 гг.) і кіраўнік МЗС БССР (1958-1966). Анатоль Гурыновіч – дыпламат, міністр замежных справаў БССР (1966-1990 гг.). Андрэй Грамыка – міністр замежных справаў СССР з 1957 па 1985 год.

Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што ў сваёй сучаснай гісторыі дыпламатычная служба не раз даказвалі здольнасць працаваць прафесійна і паспяхова адстойваць інтарэсы краіны. Паводле Макея, прыкладамі для пераймання і для цяперашняга пакалення дыпламатаў служаць Кузьма Кісялёў, Анатоль Гурыновіч і Андрэй Грамыка.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў