Махляр з Расеі прасіў у мянчанак секс цягам года, наўзамен абяцаў дарагое аўта


Грамадзянін Расеі разлічваў на гадавы інтым і на грошы беларускіх дзеўчын.

31-гадовы грамадзянін суседняй краіны, ураджэнец Віцебску, праз пасярэдніцу знаёміўся ў сацыяльных сетках з беларускімі дзеўчынамі, прапаноўваючы ў падарунак дарагое аўта. Узамен прасіў аказваць яму інтымныя паслугі на працягу года.

Першай ахвярай зламысніка стала 25-гадовая жыхарка Менску, паведамляе прэс-афіцэр Першамайскага РАУС сталіцы Вольга Куцько. Дзяўчыне прыйшло паведамленне ад незнаёмай, якая назвала сябе Анастасіяй Бачковай і пісала, што багаты і забяспечаны мужчына шукае сабе добрую дзяўчыну для стасункаў. Ён нібыта гатовы быць спонсарам і можа адразу падараваць дарагое аўта.

Zrzut ekranu 2016-02-19 o 11.54.10

«Між новымі знаёмымі пачалася перапіска: удакладняўся ўзрост, рост, захапленні і прынцып адбору дзеўчын. Пабачыўшы зацікаўленасць, Анастасія папрасіла пакінуць нумар мабільнага», – распавядае Вольга Куцько.

Праз пэўны час у «Вайберы» дзяўчыне напісаў «спонсар Алег» з маскоўскага нумару. Мянчанка папрасіла даслаць фотаздымак, але мужчына адразу паставіў жорсткія ўмовы: ён набывае машыну, а з яе боку павінны быць сустрэчы і інтым.

«Расеец набыў квіткі і прыляцеў у Менск, дзе папрасіў дзяўчыну падключыць яго да беларускага мабільнага аператара. Пасля падключэння яны накіраваліся ў кавярню. Там госць даведаўся, што дзяўчына хоча «Porsche». Машына ў салоне каштавала 69,5 тыс. еўра. Алег быў здзіўлены сумай і сказаў, што гэта дорага. Пасля распавёў, што ўжо набываў нейкай жанчыне аўта, але яна пасля атрымання падарунку перадумала ўступаць у інтымную сувязь. А таму цяпер ён бярэ ў залог $ 600», – працягвае Вольга Куцько.

Правоў кіроўцы ў дзяўчыны не было, Алег сказаў не хвалявацца і накіраваў яе ў салон заключаць дамову. Сам нібыта паехаў вырашаць пытанне з правамі. Хутка дзяўчына, якая паспела заключыць дамову, паведаміла нумар рахунку, на які трэба пералічыць грошы на пакупку, на што расеец сказаў, што правы кіроўцы каштуюць $ 1200, таму трэба дадаць яшчэ $ 600. Дзяўчына аддала апошнія $ 200. Праз пару дзён зразумела, што нешта не так, і звярнулася ў міліцыю.

Яшчэ адной ахвярай зламысніка стала 32-гадовая мянчанка.

Цяпер спонсар затрыманы і знаходзіцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкаму.

Усіх, хто стаў ахвярай чалавека з фотаздымку вышэй, міліцыя раіць звяртацца ў Першамайскае РУУС Менску па тэл.: (8-017) 280-02-02, (8-029) 344-76-32, (8-029) 159-02-01

НМ, belsat.eu, паводле Interfax

Стужка навінаў