«Магілёўліфтмаш» прадставіў падʼёмнік у басейн для людзей з інваліднасцю


«Магілёўліфтмаш» распрацаваў спецыяльны падʼёмнік для людзей з інваліднасцю. Прылада павінна дапамагчы людзям з праблемамі апорна-рухальнага апарата спусціцца ў басейн і падняцца з яго. Назва падʼёмніка – «Журавель -1».

«Просты ў эксплуатацыі, лёгкі і эрганамічны ліфт або падʼёмнік – гэта магчымасць спакойна перамяшчацца з аднаго ўзроўню на іншы з камфортам, не ствараючы клопатаў навакольным і не адчуваючы сябе ўшчэмленым», – напісана на сайце «Магілёўліфтмаш».

«Журавель-1». Фота «Магілёўліфтмашу»

Пробны экзэмпляр «Жураўля» ужо год працуе ў адным з басейнаў Магілёва, а першая буйная партыя была выпушчана напрыканцы 2018 года. Інфармацыя пра падʼёмнік на сайце «Магілёўліфтмаш» зʼявілася толькі цяпер.

Актывіст з Ліды Саша Аўдзевіч, які перасоўваецца на вазку, у цэлым станоўча ацэньвае падʼёмнік ад «Магілёўліфтмаша»:

«Безумоўна, гэта выгадна людзям. Такі падʼёмнік пашырае магчымасці людзей з інваліднасцю. Хаця, і не зʼяўляецца першай неабходнасцю. Я вам скажу, што куды важней дабрацца на вазку да басейна праз безбарʼернае асяроддзе. Апусціцца ў ваду не такі ўжо і квэст у параўнанні з тым, як зручна прыняць душ, наведаць прыбіральню, і наагул даехаць па горадзе да месца. І яшчэ мяне цікавіць кошт гэтай прылады, ці змогуць беларускія медычныя і спартовыя ўстановы іх сабе дазволіць».

Мы дазваніліся да спецыяліста «Магілёўліфтмаша», які паведаміў: «Кошт падʼёмніка «Журавель-1» складае 4350 рублёў. Але пакупнікі могуць разлічваць на зніжку. Дзеля гэтага трэба напісаць нам ліст і папрасіць разгледзець магчымасць зніжкі. У цэлым мы плануем пастаўляць падʼёмнікі «Журавель-1» па Беларусі і ў Расею».

Падʼёмнік для басейна «Журавель-1» выкананы з водатрывалага матэрыялу, устойлівага да карозіі. Канструкцыя складаецца з сядзення і электрапрывада для спуска і падʼёма. Сядзенне выраблена з пластыка, металічныя дэталі – з нержавеючай сталі. Падʼёмнік разлічаны на максімальную вагу – 120 кг.

На заводзе мяркуюць, што новыя прылады будуць карысны для рэабілітацыі фізічна аслабленых людзей сярод дамоў-інтэрнатаў, аздараўленча-медыцынскіх устаноў і рэабілітацыйных цэнтраў, а таксама ў спартовых комплексах.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў