Мабільны аператар распавёў пра тэлефонныя звычкі беларусак і беларусаў


Жанчына спраўджвае свой смартфон. Ілюстрацыйнае фота – Vladimir Gerdo/TASS/Forum

Паводле аператара мабільнай сувязі МТС, жанчыны размаўляюць больш за мужчынаў, а мужчыны – сядзяць у інтэрнэце болей за жанчын.

Праз мабільны тэлефон жаночая палова абаненцкай базы размаўляе болей – у сярэднім 123 гадзіны на год. Мужчыны – 98.

Тэкставыя паведамленні жанчыны таксама высылаюць часцей – у сярэднім каля 56 на год (мужчыны – 51).

Мужчыны спажываюць больш інтэрнэту – каля 58 Гб на год, жанчыны – 52 Гб. Гэты трафік можна параўнаць з праглядам 27 фільмаў у высокай якасці.

Найбольш актыўна беларусы карыстаюцца мабільнай сувяззю з панядзелка да пятніцы. У гэтыя дні галасавы трафік расходуюць каля 80 % жанчын і 76 % мужчын. Найбольш гаваркі дзень – пятніца, самы ціхі – нядзеля.

Інтэнсіўнасць спажывання мабільнай сувязі цягам дня амаль не залежыць ад полу. Высокая нагрузка на сетку пачынаецца з 10-ай і дасягае піку а 16-ай: у гэты час тэлефануюць і выходзяць у інтэрнэт 37 % абанентаў.

Больш за ўсё жанчын сярод абанентаў апынулася ў Ляхавічах, Калінкавічах і Крычаве: іхная доля ад агульнай колькасці жыхароў гэтых гарадоў перавышае 59 % у кожным з населеных пунктаў. Жанчын таксама прыкметна больш у Шчучыне, Нясвіжы, Століне, Ваўкавыску і Клецку, а таксама Вялейцы і Мастах.

Больш за ўсё мужчын-абанентаў у Астраўцы – тут іхная доля складае 66 % агульнай колькасці жыхароў. У тройку таксама ўвайшлі Жлобін і Жодзіна. Следам ідуць Светлагорск, Гомель і Менск. У спіс таксама трапілі Рэчыца, Белаазёрск, Бабруйск і Фаніпаль.

ДД

Стужка навінаў