«Людзі пэндзлямі фарбуюць МАЗы». Як у Беларусі ідуць італьянскія забастоўкі


Завадчане знаходзяць унікальныя шляхі, каб пратэставаць на працоўных месцах.

Заканадаўства ў Беларусі такое, што класічную забастоўку не правядзеш (падрабязней мы распісвалі гэта вось тут). Але завадчане ўсё адно знаходзяць унікальныя шляхі, каб пратэставаць на працоўных месцах.

«Людзей пачалі прымушаць працаваць з-пад палкі. Самых актыўных пазвальнялі. Пагражалі нават фізічнай расправай сем’ям тых, хто выступаў за забастоўку, ціснулі праз кіраўніцтва, прафсаюзы… Хто на што прыдатны. Ніякай маралі не засталося. Але так рабіць немагчыма. І не абавязкова, каб усё прадпрыемства стала, каб стачка была эфектыўнай», – адзначыў заснавальнік «Беларускага фонду салідарнасці» Яраслаў Ліхачэўскі.

Яраслаў Ліхачэўскі.
Фота: асабісты архіў

«На БМЗ у Жлобіне завадчан прымушалі працаваць. Але раптам абваліўся газаадвод, і з трох пячэй толькі адна працуе. І газаадвод вельмі павольна рамантуюць.

Мая ўлюбёная гісторыя – Гарадзейскі цукровы камбінат. Супербеднае прадпрыемства, кіраўніцтва якога зарабляе вялікія грошы на цукры. Там людзей вельмі запалохалі, вельмі моцна пагражалі. Урэшце, яны адмовіліся ад забастоўкі. З усяго прадпрыемства звольніліся тры чалавека. Толькі тры. Але гэта былі людзі, якія адказвалі за пусканаладачныя працэсы. І абсталяванне стаяла, бо не было каму яго запускаць. Потым знайшлі кагосьці, запусцілі, а абсталяванне паламалася.

Звольнілі 10 чалавек з канвееру МАЗ, канвеер на доўгі час стаў. Потым зламаліся пульверызатары. Цяпер машыны пэндзлямі фарбуюць. І за тыдзень на заводзе вырабляюць столькі машын, колькі раней выраблялі за дзень», – распавёў Ліхачэўскі.

Аб’ектыў
«Беларуськалій» супраць стачкаму. Што пастанавіў суд?
2020.09.12 00:30

Салігорск ужо стаў легендарным горадам. Але акрамя славутага Юрыя Корзуна, які прыкуў сябе кайданкамі пад зямлёй, там адбываецца шмат чаго яшчэ.

«Людзі вельмі актыўна пратэстуюць на прадпрыемстве, спускаюцца ў шахты, але не выконваюць планы. І ўжо сарваныя буйныя кантракты, не могуць паставіць у поўным абʼёме ўгнаенні», – распавядае Ліхачэўскі.

Паводле Яраслава, такія дзеянні адбываюцца па ўсёй краіне:

«На Інтэграле згарэла абсталяванне, на МТЗ згарэла падстанцыя. Сваімі дзеяннямі ўлады спынілі эканоміку. І не саромеюцца ніякіх шляхоў ціску на працаўнікоў».

Асабісты капітал
«Беларусь паступова ператворыцца ў Прыднястроўе». Што выратуе эканоміку?
2020.09.14 19:10

А што пасля працы?

Тыя, хто згубілі працу, маюць розныя гісторыі:

«У Горшым выпадку людзей не проста звальняюць, але і заводзяць крымінальныя справы. У такой сітуацыі мы дапамагаем пацярпелым зʼехаць за мяжу, пакуль гэта ўсё не скончыцца. Так завадчане едуць у Літву, Польшчу, Украіну, некалькі чалавек паехалі ў Латвію. Зміцер, які з КДБ збег, ён прыехаў да нас у Кіеў, і мы разам з ім запісвалі заклік да шахцёраў. Каб тыя, каго прымушаюць працаваць, не рыштунак у рукі бралі, а асадку і пісалі заявы кіраўніцтву і ў пракуратуру пра пра кепскія ўмовы працы».

Інтэрв’ю
«Там, дзе ідуць беларусы, яшчэ ніхто не хадзіў». Гісторык Сяргей Харэўскі – аб пратэстах
2020.09.14 13:10

Калі чалавеку нічога не пагражае, ён застаецца ў Беларусі. Яму выплачваюць дапамогу ў 1,5 тыс. еўра ад фонду – гэта мае хапіць на першы час, пакуль чалавек шукае новае месца працы ці атрымлівае новую спецыяльнасць.

«Тыя, хто быў задзейнічаны ў стачкамах, яны застаюцца на сувязі з прадпрыемствам. Такія людзі маюць больш даверу сярод завадчанаў, лягчэй з імі камунікуюць, чым мы. Таму працаваць нам з заводамі праз былых супрацоўнікаў значна прасцей», – адзначыў Ліхачэўскі.

Hавiны
Як змяніліся кошты ў Беларусі за жнівень
2020.09.15 21:14

МАЗ у лічбах за жнівень

Страйкоўцы заводу сабралі дадзеныя, колькі машын яны выпускалі да і пасля выбараў. Калі арганізаваць афіцыйную забастоўку на заводзе не атрымалася (упрыватнасці, праз частыя візіты АМАПу), людзі пачалі зрываць планы.

Колькасць выпушчаных машынаў у дзень

Максімальнае адставанне ад плана кожны месяц гэтага года да выбараў было не больш за 10 %. За жнівень фактычна зрабілі 562 машыны пры запланаваных 732. План амаль у паўтара разы больш, чым было выпушчана. Калі прасачыць інтэнсіўнасць працы па гатовых машынах, то пасля 9 жніўня бачна, як на траціну спала вытворчасць. Працаўнікі заводу мяркуюць, што пратрымацца МАЗу за кошт прыбытку не атрымаецца, яшчэ больш скарачаць заробкі ўжо няма куды:

«Можна было б інвеставаць у вытворчасць, аптымізаваць працоўны працэс, павялічыць продаж. Праўда, апошнія дваццаць шэсць гадоў гэта неяк не атрымлівалася», – кажа Ліхачэўскі.

Марыя Грыц Belsat.eu

Стужка навінаў