«Лётаць для нас – гэта значыць жыць». 105 гадоў старэйшаму аэрадрому ў Беларусі


На авіяфестывалі у Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/ Белсат

З нагоды гадавіны пад Горадняй праходзіць авіяцыйны фестываль «Неба выбрала нас» у падтрыманне старэйшага беларускага аэрадрому «Караліно». «Белсат» даведаўся, як жыве аэрадром і што трэба, каб стаць пілотам.

Каля двух дзясяткаў невялікіх самалётаў розных мадэляў з Менску, Берасця, Маладзечна і іншых гарадоў запоўнілі неба пад Горадняй у выходныя. На самалёты можна было не толькі паглядзець, але і праляцець над горадам у кабіне пілота.

Палёты самалётаў на авіяфестывалі. Фота – Васіль Малчанаў/ Белсат

На сёння ў Беларусі – 70 прыватных бартоў, – кажа старшыня «Асацыяцыі аматараў авіяцыі» Віталь Братанюк.

Гледачы на авіяфестывалі на аэрадроме «Караліно». Фота – Васіль Малчанаў/ Белсат

У нас у Горадні засталося 3 прыватныя самалёты. Палёт звычайна каштуе Br 30-40. Часта людзі замаўляюць на дні народзінаў, вяселлі, дый проста ахвотныя паглядзець на горад з вышыні. Сёлета споўнілася 105 гадоў споўнілася нашаму аэрадрому, ён самы стары ў Беларусі і мы, разам з аэраклубам спрабуем усё зрабіць, каб захаваць гэта. Таму што шмат ёсць ахвотных аддаць яго пад забудову. Збіць на гэтым грошы. Канешне, чаму б такая выдатная прастора мела пуставаць? Але будзем далей змагацца. Будзем змагацца, развіваць і фестываль мы робім кожны год, – прызнаецца спадар Віталь.

Як стаць пілотам у Беларусі?

Як распавёў старшыня асацыяцыі, навучыцца лётаць сёння пры вялікім жаданні можа кожны ахвотны, аднак гэта патрабуе ў першую чаргу выдатнага здароўя. На пачатку трэба прайсці медкамісію і курс у Менску, які доўжыцца паўтары месяца.

Арганізатары імпрэзы. Фота – Васіль Малчанаў/ Белсат

«Цяпер не памятаю, але раней курс каштаваў каля Br 6-ці млн (старымі). Правы кіроўцы аўтамабіляў мець не абавязкова. Пасля курсу і налёту вам выдадуць правы на самалёт. Галоўнае здароўе (напрыклад, з дрэнным зрокам нельга лётаць), тэарэтычная падрыхтоўка і – самае важнае – налёт. Трэба налятаць 42 гадзіны практыкі. Гэта можна пасля курсу зрабіць у нас, у «Караліно», – тлумачыць Віталь Братанюк.

Палёты самалётаў на авія фестывалі. Городня 8 ліпеня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Як аказалася, навучыцца лётаць сёння задавальненне далёка не таннае. $ 5 тысячаў у выніку выдаць трэба як мінімум, – распавядае пілот з Берасця Ігар, упэўнены, што кошт вяртаюць тыя неверагодныя эмоцыі, якія кожнага разу дарыць палёт.

Свабодныя палёты радыёмадэляў. Фота – Васіль Малчанаў/ Белсат

Лётаць для нас – гэта значыць жыць. Увесь час вельмі станоўчыя эмоцыі. І хочацца лётаць яшчэ далей, яшчэ вышэй, яшчэ хутчэй. А чаму вырашыў стаць пілотам? Вам гэтага ніхто не патлумачыць. Нешта ўнутры цягне. Калісьці скакаў з парашутам. І калі гэтым захварэеш, то ўжо на ўсё жыццё. Калі ў рэкламе авіяпілотаў кажуць, што мы вас навучым лётаць, – хлусяць. Бо не так проста гэта ўсё. Не кожны чалавек пераможа ў сабе гэтыя страхі. А па-другое, гэта шэсць ступеняў свабоды і трэба на ўсё рэагаваць імгненна. Гэта не на зямлі – там дадаецца яшчэ шмат. Самалёт мяняе сваё становішча і па вертыкалі, і па гарызанталі. На пачатку страшна, але трэба навучыцца не баяцца зямлі на пасадку – у многіх гэта асноўная праблема. Але ёсць методыка і паступова людзі, калі ёсць жаданне, то можна асвоіць. Галоўнае першы палёт, а потым няма межаў.

Гледачы на авіяфестывалі на аэрадроме «Караліно». Фота – Васіль Малчанаў/ Белсат

Аэрадром «Караліно» – самы стары аэрадром у Беларусі, які ніколі не спыняў сваю працу, што робіць яго ўнікальным. З 1912-га года на ім пачалі размяшчаць самалёты, як новы від ваеннай тэхнікі. Вайсковыя самалёты тут стаялі падчас двух апошніх сусветных войнаў. Да 84-га года самалёты ляталі адсюль у Менск, Кіеў і Маскву. Вайсковая гісторыя аэрадрому скончылася ў 93-м, калі расфармавалі вайсковую частку. Сёння тут знаходзіцца Гарадзенскі абласны авіяклуб, дзе кожны ахвотны можа скочыць з парашутам або падняцца ў неба над горадам.

Фота – Васіль Малчанаў/ Белсат

Фестываль «Неба выбрала нас» будзе доўжыцца да 9 ліпеня.

Паўліна Валіш

Стужка навінаў