Падчас урачыстага сходу з нагоды Дня незалежнасці Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз згадаў нейкіх «замежных лялькаводаў», а таксама выказаўся пра суверэнітэт Беларусі і савецкую спадчыну, перадае БелТА.
«Калі пойдзем па навязаных сцэнарах услед за тымі, кім кіруюць, як я ўжо казаў, замежныя лялькаводы, перастанем быць беларусамі. Беларусамі, якія ў самыя цяжкія часы выходзілі пераможцамі.
Беларусамі, якія заўсёды ставіліся з вялікай павагай да таго, што было зроблена папярэднікамі. Беларусамі, якія заўсёды абапіраліся на спрадвечныя традыцыі ў культурным, навуковым, вытворчым, палітычным і грамадскім жыцці краіны», – заявіў Лукашэнка.
Ён таксама дадаў, што вайна працягваецца ў культурнай, інфармацыйнай, палітычнай, эканамічнай сферах, а «у братэрскай нам краіне нават перайшла ў гарачую фазу».
«Тое, што ў далёкім 45-м беларускі народ абараніў сваю незалежнасць са зброяй у руках, – гэта сур’ёзны аргумент супраць любога ўмяшання ў жыццё краіны. Але сёння мала падхапіць гістарычны сцяг Перамогі бацькоў і дзядоў, горда пранесці яго і перадаць дзецям. Надышоў час абараніць гонар сцяга пераможцаў.
Калі мы бачым, што нават нашчадкі народаў, выратаваных 75 гадоў таму ад фашысцкага рабства і генацыду, бураць помнікі савецкім воінам і гераізуюць нацыстаў, мы разумеем, што вайна не скончылася», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь «будзе ісці сваім шляхам, чаго б гэта ні каштавала».
Закрануў ён таксама і тэму рэферэндуму 1996, калі былі значна пашыраныя паўнамоцтвы прэзідэнта.
«Я хачу некаторым нагадаць, а моладзь, якая гэтага не ведае, праінфармаваць, што ні я ўзяў і манапалізаваў гэтую ўладу, ускінуў на свае плечы непасільную ношу. Тады мы прадстаўлялі крывавы абрубак вялікай, вялікай дзяржавы – Савецкага Саюза. Ні грошай, ні мукі, каб хлеб спячы, навокал страйкі.
І тады я прапанаваў варыянты, не кулуарна, не маючы тады яшчэ ніякай улады. І вы на рэферэндуме, падтрымаўшы мяне, узвалілі на мае плечы гэтую ношу. Як магу, так і нясу», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
***
Нагадаем, 3 ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень незалежнасці. Дата вызвалення Менску ад фашысцкіх войскаў у 1944 годзе была зацверджаная ў 1996-м як афіцыйнае дзяржаўнае свята.
КА belsat.eu