Лукашэнка выйшаў да жыхароў Баранавічаў. Яны пыталіся яго пра курыцу


22 сакавіка 2019 года. Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з жыхарамі Баранавічаў. Фота – president.gov.by

У пятніцу падчас візіту ў Баранавічы Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з людзьмі, якія чакалі на яго каля будынку гарвыканкаму.

Афіцыйныя медыі пішуць, што людзі сабраліся там пасля таго, як пабачылі картэж кіраўніка Беларусі.

Мясцовыя медыі падаюць, што Лукашэнка выйшаў да гараджанаў пасля сустрэчы з кіраўніцтвам гораду і прабыў на вуліцы каля 20 хвілінаў.

Пасля пытання пра рост цэнаў на курыцу Лукашэнка паабяцаў людзям змагацца з неабгрунтаваным ростам коштаў.

«Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю прапануе адрадзіць народны кантроль. Прафсаюзам я даручаў, каб яны глядзелі за цэнамі і інфармавалі мяне. Мы паглядзім, хто тут пачынае сваволіць з коштамі. Таму што няма падстаў для іх росту. Гэта ўжо лезуць у кішэні», – адказаў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, часам прадпрыемствы вымушаныя падымаць кошты на сваю прадукцыю.

«Вы не думайце, што павысілася цана на халадзільнік, і гэта я забраў гэтыя грошы. Не, гэтыя грошы» Атлант «, які вырабляе, і атрымаў. Не скажу, што ў іх усё добра, але яны стараюцца. Мы кантралюем і глядзім. Дзесьці аб’ектыўна выраслі цэны», – дадаў Лукашэнка.

ДД

Стужка навінаў