Лукашэнка ўзяўся за каронавірус. Сёння ён праінспектаваў ужо чацвёрты шпіталь, які працуе з COVID-пацыентамі


Апошнім часам Лукашэнка перастаў называць каронавірус псіхозам. Цяпер для яго гэта тэма № 1, піша тэлеграм-канал @pul_1. Ён паабяцаў праверыць, як працуюць з каронавіруснымі пацыентамі ў рэгіянальных больніцах. За некалькі тыдняў Лукашэнка пабываў у чатырох шпіталях. Сёння наведаў 4-ую гарадскую клінічную больніцу Менску.

Лукашэнка ў 4-й ГКБ Менску. Фота presdient.gov.by

Пад лячэнне пацыентаў з COVID-19 тут перапрафіляваны тэрапеўтычны корпус, частка хірургічнага корпусу і нефралагічнае аддзяленне. Усяго ў клініцы 888 ложкаў, 70 % з іх аддалі ковідным пацыентам.

Лукашэнку падвялі да адной пажылой пацыенткі, якой ён спрабаваў дапамагчы папіць вады. Тая яго не пазнала, пакуль не ссунуў маскі на падбародак.

– Ну ўсё, цісну вашу руку. Ачуняеце – вось паглядзіце, потым мне патэлефануйце.

– А каму тэлефанаваць?

– Знойдзеце, калі захочаце, знойдзеце. Я абавязкова адкажу.

Іншым жанчынам, якім паціскаў руку без пальчатак, Лукашэнка параіў пасля хваробы пайсці займацца спортам, дыхаць і хадзіць.

Падчас візіту Лукашэнка выказаў думку, што не варта ператрымліваць хворых у медычных установах, калі яны ідуць на папраўку.

«Калі чалавек дома далечваецца, ён камфортней пачуваецца і хутчэй акрыяе. Гаворка не ідзе пра тое, што мы павінны выпіхваць людзей. Але калі дынаміка добрая, чалавек ідзе на выздараўленне, нельга яго трымаць».

Таксама ён заявіў, што прышчэпліваць беларусаў ад COVID-19 будуць расейскай вакцынай. Не выключана, што з часам краіна наладзіць вытворчасць уласнага прэпарату. Пакуль разглядаюць тры варыянты атрымання вакцыны:

  • закуп расейскай
  • вытворчасць вакцыны з расейскага штаму
  • распрацоўванне ўласнай.

«Я не выключаю, што нам прыйдзецца задзейнічаць усе тры варыянты. Нам трэба будзе купіць вакцыну, каб тэрмінова правакцынаваць групу рызыкі (гэта лекары і медсёстры, перш за ўсё). Нам нядрэнна было б наладзіць вытворчасць. Справа нават не ў тым, што мы потым зможам прадаць яе, але трэба для сябе і сваіх людзей вырабіць вакцыну. Таму пойдзем усімі гэтымі напрамкамі. І калі напрацоўкі нашых навукоўцаў акажуцца сур’ёзнымі, будзем займацца ўласнай вакцынай», – сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка распавёў, што прапановы для вырабу вакцыны яму падалі спецыялісты з Віцебску і навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук. Паводле яго, свая вакцына неабходная нам таму, «што гэтая зараза застанецца з намі назаўсёды».

Ён звярнуў увагу, што ў свеце цяпер вядзецца барацьба за распрацоўванне і вытворчасць вакцыны.

«Мяне што насцярожвае ў гэтай вакцыне – бойка за грошы. У гэтым круцяцца мільярды долараў, і ўсе пачалі біцца за гэтыя грошы, часам грэбуючы адказнасцю і за вакцыну, і тых людзей, якія ў гэтым выпадку на выпрабаваннях», – сказаў ён.

Усе пазначаныя варыянты плануецца абмеркаваць на нарадзе 17 снежня.

  • Лукашэнка не раз грэбаваў захадамі бяспекі падчас ваяжаў у шпіталі. Упершыню ў медычнай масцы на публіцы ён з’явіўся падчас візіту ў віцебскай радзільні 26 лістапада, дый там у чырвонай зоне сцягваў яе на падбародак. Раней ён часцей за ўсё называў маскі «наморднікамі».
  • Апошнім часам Лукашэнка наведаў 6-ю гарадскую клінічную больніцу Менску, Віцебскі абласны клінічны радзільны дом, Стаўбцоўскую цэнтральную раённую больніцу.
  • За содні ад каронавіруса памерлі 10 чалавек. Ахвяраў ужо 1273.

ДР belsat.eu

Напішы журналістам
Стужка навінаў