Лукашэнка ўзмацніць мяжу з улікам міграцыі, кантрабанды і пагрозы тэрору


Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову Дзяржаўнай мяжы Беларусі органамі памежнай службы ў 2018 годзе.

Як паведамляе БелТА, гэтае рашэнне прынята «з улікам новых элементаў абстаноўкі». Сярод гэтых элементаў – узмацненне сумежнымі дзяржавамі аховы знешняй мяжы ЕЗ у сувязі з міграцыйным крызісам, а таксама павышэннем узроўню тэрарыстычнай небяспекі ў краінах Заходняй Еўропы; захаванне высокай рызыкі кантрабанднага перамяшчэння ў Беларусь зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і іншых сродкаў тэрору.

У рашэнні таксама ўлічаны змены ў структуры тэрытарыяльных органаў памежнай службы, звязаныя з выстаўленнем новых падраздзяленняў на ўкраінскім і прыбалтыйскім кірунках.

«Вы ведаеце, што адбываецца ў Еўразвязе, усходняя мяжа – мы нядаўна пра гэта падрабязна гаварылі падчас абмеркавання нашых візавых праблем з Расейскай Федэрацыяй. Паўднёвая мяжа – украінскі напрамак – знаходзіцца пад уплывам тых працэсаў, якія адбываюцца перадусім ва Украіне. Што тычыцца балтыйскага напрамку, тая рыторыка, якая гучыць у гэтых краінах, што нас прылічаюць разам з Расеяй ледзь не ў разрад агрэсараў, таксама не праходзяць гэтыя заявы міма нашых вушэй», – сказаў Лукашэнка.

Прыярытэтнымі задачамі памежнікаў у 2018 годзе будуць папярэджанне нелегальнага пранікнення ў Беларусь тэрарыстаў, экстрэмістаў, а таксама перамяшчэння сродкаў тэрору, экстрэмісцкай і іншай злачыннай дзейнасці; недапушчэнне нелегальнага перамяшчэння ў краіну кантрабандных грузаў і іншых тавараў; барацьба з нелегальнай міграцыяй і наркатрафікам; нарошчванне інфраструктуры на мяжы і памежнай тэрыторыі.

Для выканання гэтых задач прадугледжваюцца змены ў парадку пропуску праз мяжу фізічных асоб і транспартных сродкаў, удасканаленне сістэмы маніторынгу абстаноўкі, ўкараненне ў дзейнасць органаў памежнай службы новых тэхналогій.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары