Лукашэнка цягне Беларусь у тупік. Ці Пуцін хоча ягонага сыходу?

Ні кроку на Захад. Лукашэнка спаліў масты ў Еўропу, калі прысягаў на Канстытуцыі, адмовіўшыся ад транзіту ўлады. Але і Расея, да якой у роспачы звярнуўся па дапамогу, не зацікаўленая пакідаць непатрэбнага беларусам кіраўніка на ўжо не ягонай пасадзе. У дадатак Расея аднаўляе дыялог аб інтэграцыі, якую сёлета затармазіў Менск. Што чакае Лукашэнку пасля адмовы ад шматвектарнай палітыкі?

Я не ішоў на Захад, а праводзіў шматвектарную палітыку – заяўляў Лукашэнка месяц таму, але, правёўшы напаўпадпольную інаўгурацыю падчас масавых пратэстаў беларусаў, фактычна адмовіўся таго самага заходняга вектару.

«Але самая гэтая патаемная інаўгурацыя без апавяшчэння заходніх лідараў была ўспрынятая з боку Еўропы і ЗША як, па-сутнасці, акт спальвання мастоў», – мяркуе Юрый Царык, сустваральнік Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў.

Больш за тое, Еўразвяз заявіў пра перагляд фармату стасункаў з Беларуссю: вылучыў грамадзянскую супольнасць і рэпрэсаваных як аб’ект супрацы і дапамогі на фоне санкцыяў у дачыненні чальцоў дзяржапарату.

Тым не менш паслы Беларусі ў краінах Захаду не адкліканыя, а заява Еўразвязу пра непрызнанне Аляксандра Лукашэнкі легітымным прэзідэнтам – пакуль не мае юрыдычнага працягу. Хоць інаўгурацыя…

«…Закрыла шлях у Беларусь для амбасадара Злучаных Штатаў Амерыкі – спадарыні Фішэр. Яна не можа цяпер прыляцець, пасля таго як Вашынгтон заявіў, што не прызнае гэтай інаўгурацыі, таму стасункі будуць заставацца на ранейшым напаўзамарожаным узроўні», – лічыць украінскі палітолаг Яўген Магда.

Ці Францыя стане пасярэдніцаю ў беларускім крызісе?

Жаданне Лукашэнкі застацца насуперак воклічам «сыходзь» пацягне за сабою далейшы разрыў паміж заходнім светам і еўразійскаю прастораю – мяркуе палітолаг Валер Краўцоў.

Валер Краўцоў:

«Па-сутнасці, Еўразвяз сёння грае на руку Крамлю ў плане перадачы палітычнай суб’ектнасці з Беларусі ў Расею. Адсяканне палітычных камунікацыяў паміж Беларуссю і Захадам абсалютна ўкладаецца ў логіку новых палітычных трэндаў, якія сёння актыўна задае Расея».

Пра тое, што Беларусь даўно свая, а Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы – рэалізоўваецца, Уладзімір Пуцін заявіў адразу ж пасля інаўгурацыйнага скандалу Менск – Вашынгтон – Брусeль.

Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расеі:

«Ва ўмовах беспрэцэдэнтнага вонкавага ціску пасля прэзідэнцкіх выбараў хацеў бы яшчэ раз паўтарыць: дачыненні Расеі і Беларусі не падлягаюць ані часу, ані кан’юнктуры, маюць пад сабой трывалы фундамент».

Фундамент даваў расколіну, асабліва заўважную на працягу апошніх двух гадоў, калі кіраўнікі краінаў не маглі дамовіцца пра нафтагазавыя кошты і паглыбіцца да самага дна ва ўзноўленую Уладзімірам Пуціным інтэграцыю.

Лукашэнка са скандаламі адпіраўся ад падпісання нявыгадных для сваёй улады дамоваў. Але гэта не пазбавіла Беларусь ад эканамічнай залежнасці – нагадвае палітолаг з Масквы.

Каментуе Андрэй Суздальцаў, палітолаг, Вышэйшая школа эканомікі, Масква:

«Прынамсі за 30 гадоў незалежнасці, 26 з якіх Лукашэнка ва ўладзе, ён нічога не зрабіў дзеля таго, каб эканамічна развіць. Пуцін з чаго сыходзіць: хто б ні быў ва ўладзе ў Беларусі, Лукашэнка, Ціханоўская ці Пазняк, усё роўна давядзецца вырашаць пытанні з Масквою».

Эксперт кажа, што падпісанне Лукашэнкам усіх дарожных мапаў – на фоне непрызнання выбараў унутры краіны – прывяло б да чарговага абвастрэння.

Хоць у часткі расейскай палітычнай эліты ёсць жаданне скарыстацца момантам і прасунуць замарожаную інтэграцыю. Таму менавіта з расейскіх медыяў гучыць, што лёд растопіцца. Лукашэнка ж паўтараў адно пра неабходнасць узнаўлення гандлёвых сувязяў і адкрыта рэкламаваў:

«Калі вас задаволіць, а я ўпэўнены, што вы аддасце перавагу менавіта гэтай кампаніі, бо якасць і ўзровень высокі».

«Калі вам патрэбная будзе дапамога, якую мы можам аказаць, мы заўжды можам падключыцца».

«Нават калі калючы дрот нацягне нехта паміж нашымі дзяржавамі на мяжы, нашыя людзі ўсё роўна знойдуць выхад і адпаведныя хады, каб трапіць у Беларусь і наадварот».

Пачалася прыхаваная акупацыя Беларусі

Пакуль Лукашэнка спрабуе захаваць пад сабою ўлюбёны фатэль і абудзіць транзіт тавараў і паслуг на ўсход, Масква з-пад яго гэты фатэль выцягвае – лічыць даследнік.

Юрый Царык:

«Расейскія ўлады пад выглядам падтрымання Лукашэнкі запусцілі сваіх спецыялістаў па медыя-камунікацыях і палітычных камунікацыях, якія робяць тое, што выгадна Маскве. Каб не было нармальных перамоваў самастойных без умяшання Масквы, або выключыць нацыянальнае прымірэнне і выключыць захаванне стратэгічнай аўтаноміі Беларусі ад Расеі».

Калі такую схему Крамлю ўдасца захаваць, Лукашэнка апынецца ў пастцы, у якую сам сабе праклаў дарогу, чарговы раз абраўшы імперскі Усход замест дэмакратычнага Захаду.

Сюжэт для праграмы «ПраСвет» ад 01.10.2020:

Ці звязаныя рэвалюцыя ў Беларусі з вайной у Карабаху. «ПраСвет» з Алінаю Коўшык

Калаж з фота: Калаж з фота: Maxim Guchek / TASS / Forum; Mikhail Klimentyev / TASS / Forum

Юлія Цяльпук, belsat.eu

 

Hавiны