Лукашэнка раўнуе да Румаса. Прэм’ер атрымаў за беспрынцыповасць


26 лістапада, у свае юбілейныя першыя 100 дзён на пасадзе прэм’ер-міністра, кіраўнік ураду Беларусі Сяргей Румас, ад прызначэння якога шмат хто чакаў ліберальных рынкавых рэформаў, атрымаў прачуханку ад Аляксандра Лукашэнкі.

Супольны даклад ураду, Нацыянальнага банку, аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму быў прысвечаны вынікам 2018 года і праектам прагнозных дакументаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны налета.

Як заявіў кіраўнік дзяржавы, хоць эканоміка расце практычна па ўсіх галінах, «асноўныя трэнды нашай эканомікі пайшлі ў апошні час уніз і Беларусь зноў уваходзіць у зону развіцця з тэмпамі ніжэй за сярэднесусветныя». А без «упэўненага і ў добрым сэнсе агрэсіўнага росту», заявіў ён, ні эканамічныя, ні сацыяльныя задачы не вырашыць.

Сяргей Румас адзначае сёння 100 дзён прэм’ерства. Фота Maxim Guchek

Паводле Лукашэнкі, у краіне захоўваецца незбалансаванасць бягучага рахунку плацежнага балансу, а таксама сурʼёзная залежнасць экспарту ад аднаго рынку. Больш за тое, «урад спрабуе плаўна абысці і праблему неэфектыўных прадпрыемстваў, якую міністры, ды і губернатары, прывыклі закрываць бюджэтнымі грашыма», а праца па стварэнні лепшых умоў для інвестыцыяў «патанае ў агульных развагах і нейкі бюракратыі», заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Шмат пытанняў выклікае абнаўленне Падатковага кодэкса, які, на думку прэзідэнта, атрымаўся сырым і непрапрацаваным.

Дасталася новаму складу Саўміна і за «атрыманую ў спадчыну ад папярэдняга складу ўрада» «беспрынцыповасць у выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы». У прыватнасці, за ліст ад Сяргея Румаса «з просьбай зняць з кантролю ўсё і ўся, амаль паўсотні даручэнняў як зробленыя, хоць да іх выканання далёка».

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка параіў яму «унікаць у тое, што ён часам падпісвае з падачы сваіх падначаленых«, нагадаўшы аб кантролі за выкананнем уласных даручэнняў.

У сваё апраўданне Сяргей Румас заявіў, што ўрад прымае меры па захаванні тэмпаў росту ВУП на ўзроўні 103,5% па выніках году. Паводле яго, на дадзены момант усе ключавыя паказнікі эфектыўнасці работы ўрада і Нацбанку выкананы, перадае БелТА.

Рынак у Ждановічах, шопінг для тых, хто не зарабляе абяцаныя кіраўніком краіны 500 долараў. Фота Viktor Drachev/TASS

Закрануў ён і найбольш адчувальныя пытанні для насельніцтва (ці толькі для насельніцтва?), – узровень заробкаў і пенсіяў, пытанні занятасці, цэн і стабільнасці курсу рубля. Так, распавёў Сяргей Румас, рэальны рост заробку за 10 месяцаў бягучага года склаў 112,3%, што значна перавышае прагнозны параметр. «У цэлым у чацвёртым квартале задача (заробкаў – belsat.eu) у 1000 рублёў у краіне будзе забяспечана», – паабяцаў ён.

Як заявіў у каментары Belsat.eu палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі, сённяшняй размовай з тыцканнем Сяргея Румаса ў нейкія нібыта яго агрэхі кіраўнік дзяржавы мог хацець паставіць яго на месца. «Можа, тут нават ёсць момант палітычнай рэўнасці, менавіта таму, што Румас стаў раптам медыйнай фігурай, нейкія спадзевы на яго выказваліся. А ў Беларусі, як вядома, толькі адзін палітык, і толькі адзін чалавек павінен вызначаць эканамічны курс», – заявіў суразмоўца.

Не выключае ён і моманту перадвыбарчага піяру. «Лукашэнка, калі нешта не атрымліваецца, усё адно ён у выйгрышы, бо выкарыстоўвае схему добры цар і кепскія баяры, якія ўсё сапсавалі, не так зразумелі, нядбайныя і гэтак далей. А паколькі Лукашэнка мусіў прызнаць, што эканоміка замаруджваецца, да выбараў ніякіх цудаў у галіне дабрабыту не будзе, таму трэба ўжо сёння па крысе мачаць тварам у бруд гэтых новых урадоўцаў, паказваць, што і яны не справіліся», – падкрэсліў Аляксандр Класкоўскі.

Тым не менш, суразмоўца не чакае, што ў беларускім урадзе да выбараў могуць адбыцца істотныя кадравыя змены, бо, на яго думку, нават сам кіраўнік дзяржавы разумее, што беларуская эканамічная мадэль не можа даваць прырост хаця б на ўзроўні сярэднесусветных тэмпаў, але рэформаў ён не хоча. Хаця, калі справы ў эканоміцы пойдуць зусім кепска, то «усялякае можа быць», мяркуе палітычны аглядальнік. «Можа быць і паказальнае адсяканне галоў у пераносным сэнсе нейкіх высокапастаўленых урадоўцаў. Але сітуацыя пакуль гэтага не вымагае», – заключыў ён.

Упершыню абяцанне заробку ў 500 долараў прагучала ад Лукашэнкі ў 2010 годзе. Фота Viktor Drachev/TASS

З тым, што казаць пра эканамічныя перспектывы ўраду як самастойнага субекту – занадта аптымістычна, згодны і беларускі эканаміст Леў Марголін. «Урад дзейнічае ў вельмі вузкім дыяпазоне таго, што яму дазволена. І ў гэтым сэнсе ён спрабуе рабіць нейкія рынкавыя рэчы. Не скажу, каб іх зусім не было. Ёсць мноства дробных рэчаў, якія можна і даўно трэба было прыбіраць, як непатрэбную перашкоду на шляху бізнесу. Але разлічваць на нешта большае, вельмі цяжка», – заявіў ён.

Суразмоўца нагадаў, што, напрыклад, адносна павышэння кошту заробку Сяргей Румас зусім нядаўна абяцаў, што ў верасні сярэдні заробак дасягне 1000 рублёў і больш ніжэй за гэты ўзровень зніжацца не будзе. «І літаральна праз пару дзён пасля гэтай заявы, прыйшлі статыстычныя дадзеныя пра заробкі, і высветлілася, што вераснёўскі заробак не толькі не дасягнуў 1000 рублёў, але і нават апынуўся ніжэй за жнівеньскі. Гэта да пытання пра тое, наколькі заробак залежыць ад заклінанняў прэм’ер-міністра», – адзначыў Леў Марголін.

Разам з тым ён не сумняецца ў тым, што да канца года атрымаецца дасягнуць сярэдняга заробку ў 1000 рублёў, дзякуючы таму, што у снежні яго ў нас па-любому нацягваюць рознымі законнымі і не вельмі законнымі спосабамі». Гэтак, летась заробак у снежні быў вышэй за лістападаўскі на 18%. Але ў тым, што заробак атрымаецца ўтрымаць у гэтых межах надалей, эксперты не ўпэўненыя.

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў