Лукашэнка прызначыў новага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта


30 студзеня Лукашэнка правёў кадравы дзень. Пра гэта паведамляюць БелТА і тэлеграм-канал «Пул Первого».

Новым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта стаў Валерый Бельскі, экс-дырэктар Інстытуту эканомікі НАН Беларусі. На гэтай пасадзе ён змяніў Мікалая Снапкова.

Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да новапрызначанага, адзначыў важнасць ягоных экспертных ацэнак адносна эканамічных дакументаў, якія паступаюць на разгляд кіраўніка краіны.

Кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што стаяць сур’ёзныя задачы, у тым ліку планаванне наступнай пяцігодкі і пераадоленне звязаных з Расеяй негатыўных зʼяваў у эканоміцы.

«Тыя страты, якія падкінулі нашы браты, мы павінны нівеляваць за кошт іншых напрамкаў», – рэзюмаваў Лукашэнка.

  • Валерый Бельскі нарадзіўся ў 1968 годзе ў Бялыніцкім раёне. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. З 1995 года працаваў на розных пасадах у Беларускім навукова-даследчым інстытуце эканомікі і інфармацыі АПК (цяпер Інстытут аграрнай эканомікі НАН Беларусі). У 2008-2012 гадах дырэктар Інстытуту сістэмных даследаванняў у НАН, затым тры гады працаваў памочнікам чальца Калегіі (міністра) па прамысловасці і аграрным комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі.
  • У 2015-2016 гадах быў рэктарам Інстытуту падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі, затым – дырэктарам Інстытуту эканомікі НАН.

Новы намеснік кіраўніка спраў прэзідэнта – Генадзь Богдан, які раней працаваў дырэктарам рэспубліканскага вытворча-гандлёвага прадпрыемства «Беларусьгандаль».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў