Лукашэнка падтрымаў прапанову Зяленскага


Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага правесці ў Менску сустрэчу сусветных лідараў, прысвечаную ўрэгуляванню расейска-украінскага канфлікту. Пра гэта паведаміла прэс-служба Лукашэнкі ў афіцыйнай заяве.

«Наш прэзідэнт абсалютна падтрымлівае прапановы Уладзіміра Зяленскі. Гэтая пазіцыя нязменная – і заключаецца яна ў тым, што нельга глядзець адзін на аднаго праз прыцэл гарматаў, трэба сядаць і вырашаць праблемы, якіх назбіралася нямала», – паведаміла прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Прэс-служба таксама нагадала словы Лукашэнкі пра тое, што праблему Данбасу мусяць вырашыць «тры славянскія народы», а не еўрапейцы ці амерыканцы.

«Але калі вырашыць праблему ў такім фармаце не атрымліваецца, і адзін з бакоў канфлікту – у дадзеным выпадку Украіна – настойвае і прапануе ўдзел і іншых гульцоў, мы такі фармат падтрымліваем таксама… Тым больш што і пра ўдзел ЗША ў вырашэнні дадзенага канфлікту Аляксандр Лукашэнка ўжо даўно казаў – без амерыканцаў вырашыць гэтую праблему будзе складана, ужо занадта яны пагружаныя ў дадзеныя працэсы», – адзначаецца ў заяве.

«Ну і з нагоды месца правядзення сустрэчы… тут і зусім двух меркаванняў быць не можа: вайна ў нашага парога, і ў Менску заўсёды лічылі і лічаць за гонар быць пляцоўкай для мірных ініцыятыў і перамоваў», – адзначылі ў Лукашэнкі.

Нагадаем, Уладзімір Зяленскі сёння звярнуўся да Уладзіміра Пуціна з прапановаю абмеркаваць пытанні Крыму і Данбасу на сустрэчы ў Менску, у якой таксама мусяць удзельнічаць прэзідэнт ЗША Доналд Трамп, прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Тэрыса Мэй, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон.

«Трэба пагаварыць? Трэба. Давайце. Абмяркуем, чый Крым і каго няма на Данбасе… Месца? Думаю, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка з задавальненнем прыме нас у Менску», – адзначыў прэзідэнт Украіны.

ВІДЭА
Лукашэнка: Мы гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за забеспячэнне міру на Данбасе
2018.10.31 16:47

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў