Лукашэнка: Мы гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за забеспячэнне міру на Данбасе

ВІДЭА

Аляксандр Лукашэнка, 2018 год. Фота - http://president.gov.by

Падчас выступу перад Асноўнай групай экспертаў Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў Менску Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, якім можа быць удзел Беларусі ў вырашэнні канфлікту на Данбасе.

«Неабходна весці далейшы пошук узаемапрымальнага рашэння па размяшчэнні на Данбасе міратворцаў. Магчыма, разгледзець варыянт размяшчэння сумеснай місіі ААН і АБСЭ ва Украіне. У яе склад могуць увайсці вайскоўцы, паліцэйскія, цывільны персанал з краінаў, якія на працягу ўсяго перыяду канфлікту ўносілі пасільны ўклад у яго вырашэнне. Трэба забяспечыць прынцып паэтапнасці ў разгортванні гэтай місіі, але часу амаль не засталося», – сказаў Лукашэнка.

На яго думку, таксама варта было б актывізаваць і працу ў «нармандскага фармаце», каб забяспечыць дакладны механізм кантролю за выкананнем менскіх пагадненняў. Аднак гэтага можа не хапіць.

У сувязі з гэтым Лукашэнка падкрэсліў: Беларусь хацела б адчуваць у пытанні вырашэння канфлікту на Данбасе «вялікую запатрабаванасць з боку асноўных сусветных гульцоў».

«Прасцей кажучы, мы можам узяць на сябе адказнасць за забеспячэнне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расейска-ўкраінскай мяжы, а таксама суправаджаць правядзенне выбараў на Данбасе, зыходзячы з разумення таго, што гэтыя рэгіёны з’яўляюцца неадʼемнай часткай Украіны», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка ўжо другі раз цягам апошняга тыдня кажа пра гатоўнасць умяшацца ў канфлікт на Данбасе. 26 кастрычніка падчас Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомлі ён заявіў:

«Мы гатовыя ўключыцца ў гэты канфлікт там, дзе складана і дзе няма таго даверу, які павінен быць. Мы гатовы зрабіць гэта толькі дзеля міру. Гэтую праблему, гэта мой пункт гледжання, павінны вырашыць мы, тры славянскія народы. Гэта нашая бяда. Ні еўрапейцы, ні амерыканцы, ніхто іншы – гэта мы павінны вырашыць гэтую праблему, каб яна не была замарожаная па прыкладзе іншых некалі гарачых кропак на постсавецкай прасторы. Беларусь гатова дзейнічаць толькі ў рамках дамоваў Украіны і Расеі. Мы не напрошваемся на ролю міратворца або пасярэдніка», – падкрэсліў ён.

Раней Лукашэнка заяўляў, што беларускія міратворцы гатовыя стаць паміж канфліктуючымі бакамі ва Ўкраіне пры дамоўленасці паміж Парашэнкам і Пуціным. «Я нават казаў абодвум прэзідэнтам, Парашэнку і Пуціну: вы не разлічвайце на тое, што я чыйсьці буду. Я буду выразна выконваць тое, пра што вы, два прэзідэнты, дамовіцеся: стаць паміж – я стану, дамовіцеся вывесці 10 тысяч узброеных сілаў Беларусі – мы паставім іх на мяжы, дзе вы скажаце. Але я не змагу зрабіць тое, пра што вы не дамовіцеся. У адваротным выпадку з нашай міратворчасці плёну не будзе, калі мы зоймем чыюсьці пазіцыю», – заявіў Лукашэнка 18 лютага 2018 года.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Глядзі таксама
Каментары