Пасля чарговага загаду Аляксандра Лукашэнкі беларусам «не ныць», «Белсат» папрасіў псіхолага Таццяну Калгіну патлумачыць, як гэта зрабіць.
9 красавіка падчас працоўнае паездкі ў Лагойскі раён Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дзяржава больш не будзе слухаць ныццё аграрыяў, а прадпрыемствы сельскай гаспадаркі павінныя разлічваць на свае сілы.
«Нашая бяда – псіхалогія. Мы, аграрыі, пачынаем ныць: а вось нам цяжка. Дворнік (віцэ-прэм’ер. – заўвага.) ходзіць, думае: так, сапраўды. Увайшоў у становішча. Трэба ім дапамагаць. Бяжыць да мяне, мяне пераконвае. Я таксама думаю: так, трэба дапамагаць. А ён сядзіць і рукі пацірае, пасмейваецца: вось я напружыў – мне далі. Усе – дурніца павінна быць закончаная», – заявіў Лукашэнка.
Паводле псіхолагаў, з дапамогай ныцця людзі шукаюць дапамогі, абараняюць сябе або прыцягваюць увагу, каб атрымаць тое, што трэба.
«Ныццё – гэта маніпулятыўная камунікацыя [ў мэтах] атрымання чагосьці і задавальнення сваіх жаданняў», – кажа «Белсату» псіхолаг Таццяна Калгіна.
Тое, што ныццё не падабаецца Аляксандру Лукашэнку, – нармальна. Паводле спецыялісткі, людзі «камунікуюць на энергетычным узроўні, і калі адзін ные, то ў другога адбываецца адток энергіі».
«Нарастае раздражненне, чалавеку становіцца кепска ад ныцця – і ў камунікацыі адбываецца канфлікт, – працягвае Таццяна Калгіна. – Дарослы чалавек нацэлены на канструктыўны абмен інфармацыяй».
Каб перастаць ныць, псіхолаг раіць звярнуцца да адмыслоўцаў.
«Можна прыгадаць нядаўнюю некамфортную камунікацыю, капнуць глыбей і разабрацца, чаго ты хочаш дасягнуць з дапамогай ныцця на самой справе», – дадае Таццяна Калгіна.
Аляксандр Лукашэнка часта просіць не ныць. На ягоную думку, ныццё замінае Беларусі квітнець, а ў перспектыве можа прывесці да дзяржаўнага перавароту і сепаратызму.
«Хопіць хадзіць і ныць, што мы чагосьці не можам. Будзем ныць да таго часу, пакуль ці не перавернуць, як у Арменіі ці ва Украіне, ці ўвогуле на кавалкі разарвуць. Будзе, як у 1993–1994 гадах, калі вы тут Палескую рэспубліку [магчыма Аляксандр Лукашэнка меў на ўвазе Палескую аўтаномію. – Заўв. belsat.eu] хацелі стварыць. Пагатоў, што палешукі не дурныя людзі», – заяўляў Аляксандр Лукашэнка на паседжанні з Жыткавіцкім райвыканкамам летась.
Дзесяць гадоў таму, калі расейскія дзяржаўныя прадпрыемствы скарацілі пакупкі беларускай прадукцыі, Аляксандр Лукашэнка загадваў нашаму ўраду не ныць, а наладжваць гандлёва-эканамічныя сувязі з іншымі краінамі.
«Хопіць хадзіць, Сяргей Сяргеевіч [Сяргей Сідорскі – прэм’ер-міністр Беларусі ў 2003–2010 гг. – Заўв. belsat.eu], і вадзіць за сабой міністраў па пратаптаных сцежках. Трэба ісці ў іншыя месцы, дзе нас не ведаюць, дзе нас чакаюць, – заяўляў Лукашэнка. – Не атрымліваецца ў Расеі – не трэба кланяцца, не трэба ныць і плакаць. Трэба шукаць сваё шчасце ў іншай частцы планеты».
Дзяніс Дзюба