Лукашэнка маскіруе правал эканомікі ды рэпрэсіі


Лукашэнка зноў хваліцца ўяўнаю правільнасцю сваёй палітыкі ў барацьбе з пандэміяй каронавіруса. Гэтым разам – эканамічнымі поспехамі ігнаравання віруса перад працаўнікамі заводу «Гарызонт». Аднак што хаваецца за гэтымі словамі ды якія рэальныя дзеянні прыкрывае ковідам рэжым?

Ужо абрыдлая для беларусаў карціна: нелегітымны кіраўнік краіны ў чарговым пункце свайго бясконцага турнэ па прамысловых прадпрыемствах хваліцца нібы выдатнымі вынікамі палітыкі рэжыму ў дачыненні каронавіруса.

Аляксандр Лукашэнка:

«Калі казаць пра гэтую пандэмію – нам трэба працаваць. Вось я першы раз на заводзе халадзільнікаў сутыкнуўся з тым, што мне пачалі дзякаваць за тое, што мы не закрыліся. Бо ўсе закрыліся, асабліва ў Расеі, і казалася, што халадзільнікаў няма. І ён кажа, што ўпершыню за ўсю гісторыю заводу халадзільнікаў мы прыязджаем туды – там з рукамі і нагамі набываюць халадзільнікі».

Цымус сітуацыі ў тым, што толькі на ліпень 2020 года аб’ём запазычанасцяў «Атланту» перавышаў каштоўнасць яго актываў на 185 мільёнаў рублёў. І лічба гэтая пастаянна расце. А за апошнія два гады з заводу звольнілі прыблізна паўтары тысячы чалавек! Во дзе ўжо сапраўды паспяховае прадпрыемства. Падтрымка гэтакіх мастадонтаў – галоўная эканамічная захада рэжыму ў барацьбе з наступствамі пандэміі, мяркуе Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру (BEROC):

«Падтрымалі дзяржсектар, прамысловыя прадпрыемствы, ім далі загад падтрымліваць узровень выпуску прадукцыі на максімальна магчымым узроўні, нягледзячы на падзенне попыту. У выніку шмат якія з іх назапасілі запазычанасці і страты. І выглядае, што гэтыя запазычанасці і страты пакрывала дзяржава, бо цяпер мы даведваемся, што больш за мільярд выдаткавалі на падтрымку рэальнага сектару. І гэта не падтрымка прыватнага бізнесу, на які выдаткавалі нейкія мільёны, а не мільярд».

І мала проста ўбухваць бюджэтныя сродкі ў абсалютна нерэнтабельныя праекты, дык яшчэ трэба адбіраць грошы ў тых, хто не так даўно лічыўся галоўнаю надзеяй беларускай эканомікі. Павышэнне падаходнага падатку для рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогіяў і «Вялікага каменю» з 9 да 13 % – яшчэ адзін раздзел у гісторыі з супам, звараным з курачкі, якая нясе залатыя яйкі.

Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка BEROC:

«Павышэнне падаткаў адыграе другасную ролю, бо асноўная страта інвестыцыйнай прывабнасці адбылася ў наступствах палітычнага крызісу. Гэта поўная страта даверу да дзяржавы, поўнае разуменне таго, што і ІТ, і бізнес агулам успрымаюцца як апаненты, а не як партнёры. Няма ніякіх партнёрскіх адносінаў, ніякага разумення, ніякай стабільнасці і ніякага пазітыўнага парадку дня ў будучыні».

І на фоне масавага тэрору ў краіне паляпшэнне не прадбачыцца. А ўлады і не думаюць адхіляцца ад гэтай лініі. Гэтак, паводле кіраўніка аналітычнага праекту «Belarus Security Blog» Андрэя Паротнікава, рэжым наўмысна выкарыстоўвае каронавірус у якасці зброі супраць пратэсту, каб запужаць яго актыўных удзельнікаў і выбіць з супраціву як мага большую колькасць людзей. Робіцца гэта ў першую чаргу праз адмысловае стварэнне спрыяльных умоваў для распаўсюду Covid-19 у месцах утрымання арыштаваных паводле адміністратыўных справаў.

Фільмы
«Тут ніхто не памрэ»
2020.12.18 12:00

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік праекту «Belarus Security Blog»:

«Шмат людзей, ізаляванае памяшканне, сапсаваная вентыляцыя, адсутнасць гарачай вады. Нават калі былі вольныя камеры, ёсць інфармацыя, што адміністрацыя месцаў утрымання імкнулася захаваць такую перагрузку менавіта палітычных камераў, што безумоўна стварала дадатковыя рызыкі захворвання, калі, напрыклад, нехта, хто там утрымліваўся, быў ужо хворы на ковід. А з улікам таго, што ўвесь час гэтыя людзі перамешваліся, гэта фактычна прывяло да таго, што колькасць людзей, якія выйшлі з адміністратыўнага арышту з ковідам, зашкальвала».

Не дзіўна, што пры такой камбінацыі эканамічнай і грамадскай палітыкі рэжыму дзяржаву імкліва пакідаюць найлепшыя спецыялісты. Гэтак, паводле папярэдніх ацэнак, у перыяд пасля 9 жніўня з Беларусі выехалі каля 4 тысячаў працаўнікоў ІТ-сферы. Агулам жа, толькі паводле афіцыйных звестак, за мяжу выехалі каля 15 тысячаў чалавек. Адпаведна, найлепшы сцэнар, які можа чакаць беларускую эканоміку бліжэйшым часам, – гэта застой.

Кацярына Барнукова, акадэмічная дырэктарка BEROC:

«Трэнд будзе на бюджэтную кансалідацыю, скарачэнне выдаткаў. Што там ужо можна скараціць, складана зразумець. З аднаго боку, будуць старацца не скарачаць сацыяльных выплатаў: заробкаў бюджэтнікаў, пенсіяў і выплатаў на дзяцей. З другога – будуць шукаць нейкія спосабы скараціць выдаткі, бо мы бачылі, што дэфіцыт бюджэту запланаваны даволі вялікі. Наколькі ён пад’ёмны для нас, пакуль незразумела».

Давайце разбірацца
У 2020 годзе сабралі ўсе магчымыя крызісы
2020.12.31 19:30

А плануецца бюджэтны дэфіцыт на ўзроўні чатырох мільярдаў рублёў. Менавіта таму ўсё часцей чуваць пра скарачэнне адпачынку для догляду дзіцяці, пашырэнне платных медычных паслуг і іншыя, так бы мовіць, цуды сацыяльнай дзяржавы. Прыкрываецца гэтае ўсё, як і новыя падаткі, канечне ж, барацьбою з пандэміяй і цяжкімі яе наступствамі. Аднак беларусы дагэтуль не ўбачылі нават праўдзівай статыстыкі захворванняў і смерцяў, бо яе звычайна няма, не кажучы пра істотную падтрымку пацярпелых ад эпідэміі.

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік праекту «Belarus Security Blog»:

«Небяспека гэтай хваробы і небяспека гэтай сітуацыі прывяла да вельмі цяжкіх наступстваў. Вельмі шмат людзей памерла: Беларусь за першыя тры месяцы пандэміі страціла людзей у 8 разоў больш, чым за 9 гадоў вайны ў Афганістане. Але таксама паказала, што рэжым – гэта небяспека для грамадзянаў Беларусі. Што толькі падштурхнула пратэсты супраць той сістэмы, якая існуе. Фактычна сістэма негуманная, нялюдская. Сістэма, для якой чалавек да гэтага часу застаецца малакаштоўным рэсурсам».

Фактычна адзіны рэсурс, якім цяпер рэальна даражыць Лукашэнка, – неабмежаваны і беспакараны гвалт. Менавіта ён і дазваляе заставацца ля ўлады, і на яго падтрыманне будуць кідацца ўсе магчымасці да апошняга.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Andrei Stasevich / TASS / Forum

Стужка навінаў