Лукашэнка і Пуцін за 20 гадоў пахавалі Саюзную дзяржаву

7 траўня 2000 года Уладзімір Пуцін заняў пасаду прэзідэнта Расеі. Ні з кім за 20 гадоў Расея не спрачалася так часта, як… з саюзнаю Беларуссю. Вынікі двух дзясяткаў гадоў суседства з пуцінскаю Расеяй – у сюжэце з праграмы «ПраСвет».

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Гэта фэйк, фэйк ад дзяржаўнага «Первого канала» Расейскай Федэрацыі!»

Аляксандр Лукашэнка абураны дзеяннямі дзяржаўнага расейскага тэлеканалу. Журналіста, які рабіў сюжэт, выслалі з Беларусі. Чарговы красамоўны прыклад у скарбонку расейска-беларускіх дачыненняў апошніх дваццаці гадоў. Двух дзесяцігоддзяў будавання супольнае дзяржавы на словах, і ўсё большай аддаленасці ў рэчаіснасці.

Каментуе Валер Карбалевіч, палітолаг, Менск:

«Былі газавыя войны, нафтавыя войны, малочныя войны, інфармацыйныя войны і так далей. Асабліва вялікая вайна была напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе».

Гісторыя дачыненняў дзвюх дзяржаваў як люстранае адбіццё адносінаў двух палітыкаў. Справа не ладзілася з самага пачатку.

Ці Беларусь выбіла ў Расеі зніжку на БелАЭС?

Гаворыць Ігар Тышкевіч, аналітык Украінскага інстытуту будучыні, Кіеў:

«У 2000 годзе, калі прыходзіў Пуцін, гэта была ў пэўнай меры неспадзяванка для Лукашэнкі. І нават давайце згадаем, на каго тады ставіла Беларусь, з кім Лукашэнка падтрымліваў кантакт. Гэта Прымакоў і Лужкоў, якія аказаліся не па той бок барыкадаў».

Да 2000 года Аляксандр Лукашэнка і сам меў крамлёўскія амбіцыі, менавіта таму дакументы аб абʼяднанні з Расеяй Барыса Ельцына падпісваліся паскоранымі тэмпамі, адзін за адным. Тады ж сфармаваўся і прынцып, на якіх дзве краіны суіснавалі доўгі час. Вострыя на язык палітолагі назвалі яго «нафта ўзамен за пацалункі». З часу, калі пасаду ў Маскве заняў Уладзімір Пуцін, «нафта за пацалункі» працавала па інерцыі, а вось цягніку інтэграцыі афіцыйны Менск неўзабаве сарваў стоп-кран.

Аляксандр Лукашэнка заявіў у 2002 годзе:

«Гэты саюз будзе будавацца на прынцыпах міжнароднага права і агульнапрынятых прынцыпах пры пабудове такіх саюзаў».

А ў 2019-м:

«Hам кожны год падсоўваюць новыя умовы, і ў выніку мы ў эканоміцы штосьці губляем і губляем. Каму патрэбны такі саюз?»

Прычынаў у такім разладзе шмат, але ледзь не галоўная – у персонах двух палітыкаў. Лукашэнка і Пуцін – людзі з абсалютна розным характарам, розным бэкграундам і як вынік – розным стылем кіравання. А рэдкія падабенствы дзеляць іх яшчэ больш.

«Кожны з іх грае ролю альфа-самца. А ў любой зграі альфа-самец можа быць толькі адзін», – мяркуе Ігар Тышкевіч.

Лукашэнка і Пашыньян пасябравалі супраць Пуціна дзякуючы каронавірусу

Падыход Уладзіміра Пуціна да Беларусі цягам усіх гэтых гадоў заставаўся такі самы. Яшчэ ў 2002-м, не задаволены прапанаваным Менскам фарматам Саюзнай дзяржавы, ён прамовіў сваё крылатае «мухі – асобна, катлеты – асобна». А рыторыка Аляксандра Лукашэнкі пра «братэрскія пачуцці» і «дзяды разам ваявалі», ніколі не прыносіла жаданага выніку. «Крэпкі хазяйственнік» і «эфектыўны менеджар» заўсёды гаварылі рознымі мовамі.

Уладзімір Пуцін, 2010 год:

«Калі гаворка пра Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, то што значыць [я яго] «крыўджу»? У палітыцы працуюць іншыя катэгорыі – катэгоры інтарэсаў».

Вайна ў Грузіі ў 2008-м, акупацыя Крыму ў 2014-м. Усе зразумелі: калі трэба, Уладзімір Пуцін гатовы вырашаць канфлікты сілай. У 2018-м надышла і чарга Беларусі. Расейскі прэмʼер Дзмітрый Мядзведзеў літаральна паставіў ультыматум: хочаце расейскіх ільготных вуглевадародаў – станавіцеся часткаю Расеі. У тым, што гэта пазіцыя Уладзіміра Пуціна, сумневаў няма. Але для народу прынята гуляць у гульню: Уладзімір Уладзіміравіч не робіць такіх прапановаў публічна, а Аляксандр Рыгоравіч ніколі не кажа, што гэта нам прапануе Пуцін.

Аляксандр Лукашэнка, 2020 год:

«Нам кажуць, што мы розныя краіны, трэба, каб мы былі адною краінай. Як гэта – адна? Як можна мець адную краіну з Расеяй? Вы чуеце: давайце ўключым Беларусь у склад Расеі».

18 гадоў таму Лукашэнка адмаўляўся нават верыць у такі сцэнар.

Аляксандр Лукашэнка, 2002 год:

«Пра якое паглынанне Расеі Беларуссю ці Беларусі Расеяй тут можа ісціся? Гэта прыдумкі нашай нацыяналістычнай апазіцыі».

Вось так Уладзімір Пуцін цягам дваццаці гадоў рабіў з Аляксандра Лукашэнкі нацыяналістычнага апазіцыянера. Гэта, канечне, жарт, але не толькі за тое патрыятычныя беларусы могуць падзякаваць Уладзіміру Уладзіміравічу. Супольнымі намаганнямі палітыкі пахавалі праект Саюзнай дзяржавы: пасля пачатку падатковага манеўру ў Расеі формула «нафта ў абмен на пацалункі» адыходзіць у нябыт, Масква перастала, як раней, выдаваць бясконцыя крэдыты, а тэма палітычнай інтэграцыі зляцела з павесткі дня.

Лукашэнка не дамовіўся з Пуціным пра нафту?

Каментуе Андрэй Суздальцаў, палітолаг з Вышэйшай школы эканомікі, Масква:

«Што атрымліваецца? Што ўжо бліжэй восені – я шмат гадоў пісаў пра датацыі і так далей – я напішу ў сваіх артыкулах, што рэспубліка пачынае жыць за свой кошт, за свае грошы. Гэта мяне вельмі радуе. Гэта суверэнітэт і незалежнасць».

Цяпер Уладзіміра Пуціна больш турбуюць уласныя справы. Пасля дваццаці гадоў пры ўладзе 67-гадовы «малады і энергічны лідар» заняты зменамі ў Канстытуцыі, каб мець магчымасць кіраваць Расеяй і надалей. І гэта хіба адзіны момант, у якім ён бы мог прызнаць Лукашэнку сваім ментарам ды настаўнікам.

Ігар Кулей, belsat.eu

Сюжэт з праграмы «ПраСвет» ад 08.05.2020

Іншыя тэмы выдання:

Калаж з фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны