Лукашэнка і Пашыньян пасябравалі супраць Пуціна дзякуючы каронавірусу

Колькі б Лукашэнка ні называў пандэмію каронавірусу псіхозам, але дыстанцыйная праца дайшла і да лідараў былога СССР. Сустрэча кіраўніцтва краін-удзельніц Еўразійскага эканамічнага саюза прайшла ў фармаце відэаканферэнцыі. Беларусь разам з Арменіяй выставіла цэлы шэраг прэтэнзіяў да спосабу функцыянавання саюза ў крызісных умовах. Больш падрабязна пра гэтую інтэрнэт-дыскусію – у сюжэце праграмы «ПраСвет».

Пра гэтую працоўную сустрэчу Аляксандр Лукашэнка з Ніколам Пашыньянам дамовіліся яшчэ ў канцы сакавіка. Лідары прыйшлі да меркавання, што ва ўмовах каронавіруснага крызісу трэба тэрмінова склікаць усё кіраўніцтва ЕАЭС і вырашыць надзённыя пытанні на вышэйшым узроўні. Анансаваў парадак сустрэчы прэм’ер-міністр Арменіі на пасяджэнні Еўразійскай міжурадавай рады.

Нікол Пашыньян, прэмʼер-міністр Арменіі:

«Неабходна паскорыць прыняцце захадаў для істотнага павелічэння долі плацяжоў у нацыянальных валютах у гандлі ўнутры ЕАЭС».

Прэмʼер мае на ўвазе разлікі з Масквой за газ. Гэта ж ён і паўтарыў на паседжанні на вышэйшым узроўні. З такой самай просьбай неаднаразова выступаў і Аляксандр Лукашэнка, ледзь ні з здзекам кажучы: вы ж хочаце агульную валюту ў Саюзнай Дзяржаве, так давайце з разліку ў рублях і пачнем. Наогул, Арменія ў расейскіх інтэграцыйных абʼяднаннях знаходзіцца ў падобнай на беларускую пазіцыі.

Матэуш Кубяк, аналітык кансалтынгавай фірмы «Esperis», Варшава:

«Сёлета заканчваецца перыяд мытных прэферэнцыяў для Ерэвана ў межах арганізацыі, і яны, вядома, хацелі б, каб гэты перыяд прадоўжыўся. Ключавое для іх пытанне – свабода гандлю газам на рынку ЕАЭС, і яны чакаюць, што ў гэтым аспекце інтэграцыя з Расеяй прынясе свой плён».

Краіна залежыць ад Крамля амаль гэтак жа, як і Беларусь. У Расеі працуюць або пражываюць амаль паўмільёна армянскіх грамадзянаў. АЭС у Мецаморы працуе на расейскім паліве, мясцовыя чыгункі цалкам належаць Расеі. Газпром зʼяўляецца манапалістам у Арменіі, дзе валодае ўсёй сеткай газаправодаў і прадае Ерэвану сыравіну па $ 165 за тысячу кубаметраў. А Менск у гэтым годзе плаціць $ 127 за тысячу кубаметраў расейскага газу.

Лукашэнка правакуе паніку. Зноў закруціць гайкі?

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік, Менск:

«На самой справе, калі казаць пра кошты на газ, то яны выглядаюць завышанымі і для Беларусі, і для Арменіі. Ва ўсім свеце кошты на энергарэсурсы ўпалі. Лукашэнка мае рацыю, кажучы, што, маўляў, немцам вы танней, чым нам прадаеце».

І прычым нашмат. Нямеччына плаціць за расейскае блакітнае паліва менш за $ 90 долараў за тысячу кубаметраў. І ні ў якія саюзы з Масквой не ўступае. На онлайн-сустрэчы Лукашэнка падтрымаў Пашыньяна.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Відавочна, што пры такой рэзкай змене эканамічнай кан’юнктуры цана мусіць быць больш адаптыўнай. У гэтай частцы маё асаблівае зварот да прэзідэнту Уладзіміру Уладзіміравічу Пуціну, каб мы маглі аператыўна разгледзець гэтае пытанне».

Афіцыйны Менск заўсёды шукаў сабе таварыша ў шчыльных шэрагах расейскай інтэграцыі. Раней саюзнікам Лукашэнкі ў барацьбе за раўнапраўе ў расійскіх інтэграцыйных абʼяднаннях быў экс-прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Удваіх патрабаваць чаго-небудзь ад Масквы нашмат зручней. Нурсултан Абішавіч стаміўся і сышоў, прыходзіцца шукаць яму замену. Цяпер сябраваць супраць Пуціна Менск спрабуе з Ерэванам.

А яшчэ нядаўна Лукашэнка з Пашынянам змагаліся за права пасадзіць свайго стаўленіка на зусім сімвалічнае месца кіраўніка АДКБ.

«Я на самой справе не ўзгадваю, каб інтарэсы Лукашэнкі і Пашыняна так супадалі, як цяпер у пытанні газу. Праўда, я б назваў гэта тактычным саюзам: спроба дамагчыся поспеху ў кароткатэрміновых інтарэсах. Бо варта памятаць пра тое, што Беларусь развівае супрацу з Азербайджанам, што не дазваляе стварыць які-небудзь доўгатэрміновы саюз з Арменіяй», – упэўнены Матэуш Кубяк.

Калі коратка, то праблема ў тым, што знаходзячыся ў ваенным саюзе з Арменіяй, у АДКБ, Беларусь прадае зброю Азербайджану. А Баку і Ерэван з пачатку 1990-х маюць тлеючы канфлікт за кантроль за Нагорны Карабах. Але пакуль інтарэсы супадаюць, Лукашэнка нагадаў, што не газам адзіным жыве ЕАЭС.

«Варта хутка адаптаваць дзейнасць Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця і Еўразійскага Банку развіцця пад актуальныя патрэбы эканомікі. Фонду трэба паставіць задачу і даць права аператыўна прымаць рашэнні аб спрошчаным парадку выдзялення дапамогі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка».

«Максімум тры месяцы пратрымаюся». Як COVID-19 б’е па беларуcах за мяжой?

Фонду Беларусь сёлета мусіць выплаціць па старых даўгах каля паўмільярда долараў. Міністр фінансаў ужо спадзяецца атрымаць новы крэдыт, пажадана прыкладна ў мільярд. Гэта значыць, жадання меншых удзельнікаў інтэграцыі зразумелыя.

Да каронавіруса бо як было: з’язджаліся ў краіну-гаспадыню саміту цэлымі ўрадавымі дэлегацыямі. А там ужо ад нязручнай размовы сам-насам і не ўцячэш – абавязковы пункт такіх сустрэч. А цяпер – ну хіба гэта самітам назавеш – сапраўды, рабочая сустрэча. Селі перад кампутарам, агучылі прэтэнзіі галоўнаму інтэгратару. А ў адказ толькі пасаж пра каронавірус.

Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расеі:

«Згодны з шмат якімі ацэнкамі, што прагучалі цяпер. Пандэмія каронавіруса аказвае сапраўды негатыўны ўплыў на ўсе бакі жыцця».

І далей, павдле апублікаванай стэнаграмы, Пуцін адказаў на просьбы і прэтэнзіі калегаў 10-хвіліннай гісторыяй пра тое, як Расея змагаецца з каронавірусам. У чым жа справа? Няўжо відэафармат перашкодзіў вырашыць усе пытанні?

Валерыя Касцюгова, рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», Менск:

«У ранейшыя гады пры асабістых сустрэчах удавалася дасягнуць нейкіх абяцанняў і нават потым выканання гэтых абяцанняў. Але звярніце ўвагу, гэтая карціна неактуальная ўжо 4-3 гады. Гэта значыць, ужо чатыры або тры гады ні на воднай з сустрэчаў ні воднае рашэнне не было прынята».

Асабліва наглядна гэта паказаў мінулы год. Маўляў, мусілі даінтэгравацца ледзь не да ўзроўню канфедэрацыі, калі верыць расейскім медыям, а ў выніку – нават роўмінг не адмянілі і па энерганосьбітах дагэтуль канчаткова не дамовіліся. Але тэма не закрытая, да яе проста прыйдзецца вярнуцца.

«Аляксандр Лукашэнка будзе атакаваць Расею з падвоенай сілай. Мне здаецца, што наступствы гэтага крызісу для беларускай эканомікі будуць такія, што гэта будзе адзіны шлях, які ён здольны сабе ўявіць для пераадолення гэтых наступстваў», – лічыць Валерыя Касцюгова.

Андрэй Елісееў: Рост выпадкаў каранавіруса ў Беларусі большы, чым у суседзяў

Калі гэта адбудзецца, сказаць цяжка. Ніхто не ведае, наколькі магутным апынецца ўдар каронавіруса па беларускай эканоміцы. Прагнозы большасці экспертаў вар’іруюцца ад дрэннага і жудаснага да «мы вернемся ў дзевяностыя». Так бы мовіць, завершым круг, бо менавіта тады Лукашэнка павёў сваю краіну дарагой бясконцай інтэграцыі.

Усевалад Шлыкаў/МВ, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 17.04.2020

Іншыя тэмы выдання:

Калаж з фота: SPUTNIK / Reuters / Forum, Mikhael Klimentyev / Forum, ANNEGRET HILSE / Reuters / Forum

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны