Лукашэнка правакуе паніку. Зноў закруціць гайкі?


Беларусь, толькі паводле афіцыйных лічбаў, абагнала Украіну ў колькасці захворванняў на каронавірусную інфекцыю. Пры тым, што ўкраінцаў у чатыры разы больш як беларусаў. На гэтым фоне Лукашэнка працягвае паводзіць сябе, як бы эпідэміі не было, і рыхтуецца да жорсткіх захадаў супраць пагрозаў стабільнасці.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі, заявіў:

«У нас у краіне не памёр ні адзін чалавек ад каронавіруса. Ні-во-дзін!»

На фоне такіх заяваў ужо і не здзіўляешся правядзенню агульнарэспубліканскага суботніку, які ўлады анансавалі на 25 красавіка. Вось дзе цвердалобасць. Нават кіраўніцтва Расейскай праваслаўнай царквы ў Беларусі заклікала вернікаў не наведваць храмаў менавіта з прычыны каронавіруса. Хоць самі богаслужэнні працягнуць адбывацца.

ВІДЭА
Лукашэнка загадаў стрымаць цэны. Што з гэтага выйдзе?
2020.04.11 16:24

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі:

«Усіх заклікаю: лепш удома ў гэтым годзе – і ў Вялікдзень, і ў Радаўніцу – памаліцца за сваіх блізкіх. І, канечне, услаўляючы ўваскрэслага Хрыста Збавіцеля».

Аднак не ўсе вернікі прыслухоўваюцца да мітрапаліта.

«Я буду ў царкве. Гэта мая традыцыя. Я рэдка бываю, але на Раство і Вялікдзень я заўжды ў царкве», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле кіраўніка місіі Еўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ Патрыка О’Конара, Беларусь уваходзіць у новую фазу эвалюцыі ўспышкі каронавіруснай інфекцыі ды цяпер час рыхтавацца да горшых сцэнароў і ўмацоўваць узаемадзеянне ўраду з усім грамадствам. Адпаведна, камунікатыўная стратэгія Лукашэнкі на гэтым фоне выглядае як мінімум дзіўна.

Вольга Харламава, палітолаг:

«Ён намагаецца нейкім чынам – як умее, ён проста не валодае іншымі методыкамі – паспрыяць адносна спакойнаму ўспрыняццю сітуацыі. Ён спрабуе збіць магчымую паніку. На жаль, тое, што ён робіць, не збівае панікі, а, наадварот, яе правакуе. Бо тое, што ён кажа, наўпрост супярэчыць таму, што адбываецца, і таму, што кажуць усе астатнія».

Складваецца ўражанне, што і астатнія чыноўнікі дзейнічаюць ды выступаюць без нейкай каардынацыі. Напрыклад, у панядзелак кіраўнік Беларускай федэрацыі футболу Уладзімір Базанаў заявіў, што гэта не справа міністра аховы здароўя выказвацца аб прычынах адмены і пераносу футбольных матчаў у цяперашняй сітуацыі, калі Каранік агучыў факт пераносу гульні «Віцебску» і «Смалявічаў» праз успышку каронавіруса.

«Гэта сведчыць пра крызіс улады. Гэта сведчыць пра тое, што інфармацыя аб сітуацыі адэкватна не даведзеная не толькі да беларусаў, да жыхароў, а нават да ўладаў, да тых, хто прымае не галоўныя рашэнні, а рашэнні ў рэалізацыі нарматыўных актаў», – упэўненая Вольга Харламава.

ВІДЭА
Андрэй Елісееў: Рост выпадкаў каранавіруса ў Беларусі большы, чым у суседзяў
2020.04.13 13:07

І ладна б інфармацыя дрэнна даходзіла да шараговых чыноўнікаў. Тут, выходзіць, адкрыта дэзынфармуюць самога кіраўніка краіны! Бо як яшчэ патлумачыць наступнае? Месяц таму Лукашэнка кажа пра перавытворчасць медычных масак:

«Учора мне прэмʼер дакладвае, кажа, што няма куды маскі падзець! Мы зарыентавалі лёгпрам, каб яны тэрмінова пераарыентавалі прадпрыемствы і пашылі мільёны масак. Пашылі – падзець няма куды».

А 7 красавіка кіраўнік краіны ўжо пагражае адправіць урад у адстаўку, калі не будзе вырашанае пытанне недахопу медычных сродкаў:

«Гэта жах, што мы чагосьці не можам зрабіць. Слухайце, маску гэтую няшчасную не можам сшыць для насельніцтва ў гэтых аптэках!»

І вось на гэтым тыдні Лукашэнка патрабуе спіс прадпрыемстваў, якія могуць вырабляць сродкі медычнай абароны.

«А мы тое, што можам зрабіць самыя, і грошы пакінуць у сябе ў краіне, за высокі кошт пачынаем пакупаць за межамі краіны. Я маю на ўвазе гэтыя сродкі аховы – маскі, рэспіратары ды гэтак далей. Я папрашу, Ігар Пятровіч, вы мне падрыхтуйце: па краіне хто займаецца вытворчасцю гэтых сродкаў аховы і хто можа займацца», – заявіў кіраўнік краіны.

Каму тады давалі і хто выканаў загад пашыць мільёны масак? І галоўнае: куды яны падзеліся? Не дзіва, што на такія рэчы звяртаюць увагу медыі. Штопраўда, не толькі айчынныя.

Вольга Харламава каментуе:

«І гэтую сітуацыю старанна разгойдваюць расейскія СМІ. Прычым разгойдваюць з розных бакоў і ў розных кірунках. Па-першае, старанна прасоўваецца інфармацыя, што тое, што адбываецца ў Беларусі, не спрыяе здароўю нацыі і добрай эпідэміялагічнай сітуацыі».

ВІДЭА
Лукашэнка настроены ісці да канца ў барацьбе з каронавірусам
2020.04.06 11:46

З другога боку, інфармацыя, якая падаецца, выстаўляе кіраўніка краіны не ў найлепшым свеце.

Зразумела, што кіраўнік Беларусі нервова рэагуе на такую актыўнасць і нават публічна выказвае сваю незадаволенасць інфармацыйнаю палітыкаю Расеі. Штопраўда, пад каток могуць трапіць і айчынныя СМІ. Асабліва на фоне пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў краіне. Існуе небяспека, што са скарачэннем бюджэтных выдаткаў у сілавых структураў зʼявіцца спакуса выкарыстаць нязначныя ці нават уяўныя пагрозы рэжыму для стварэння вобраза ворага з мэтаю поспеху ў барацьбе за фінансавыя рэсурсы.

Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту:

«Яны разумеюць перад сабою задачу захаваць кіруемасць працэсу, разуменне таго, што гаспадар ёсць і што гэты гаспадар па-ранейшаму моцны. Калі будуць нейкія выклікі, на іх можна рэагаваць дастаткова жорстка. Гэта можа таксама прадугледжваць рэпрэсіўныя падыходы».

З другога боку, менавіта незайздроснае эканамічнае становішча можа вымусіць улады Беларусі калі не пайсці насустрач грамадзянскай супольнасці, дык хоць бы не падвышаць градусу агрэсіі. Бо няпэўнасць у стасунках з Расеяй ды Кітаем пакідае мала варыянтаў кіраўніцтву краіны, каб прыцягнуць вонкавую сілу для барацьбы з эканамічнымі наступствамі крызісу.

ВІДЭА
Улада не пацягне COVID-19. Інтэрв’ю з беларускім доктарам з Іспаніі, які заразіўся каронавірусам
2020.04.04 20:17

«Хаця, канечне, цяпер пытанні правоў чалавека і дэмакратыі адышлі крыху на больш далёкую перспектыву, на другі план падчас каронавіруса. Але, тым не менш, базавая неабходнасць з Захадам застаецца, і, наадварот, у гэты складаны час для беларускай эканомікі гэтая неабходнасць будзе яшчэ больш узрастаць», – працягвае Алег Гулак.

Асабліва на фоне прагнозаў адмыслоўцаў. Гэтак, згодна з найгоршым сцэнаром развіцця падзеяў, Беларусь сёлета чакае падзенне ВУП аж на 10 %. А беспрацоўным можа застацца кожны трэці беларус.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 17.04.2020

Іншыя тэмы выдання:

Фота на прэв’ю: president.gov.by

 

Стужка навінаў