Андрэй Елісееў: Рост выпадкаў каранавіруса ў Беларусі большы, чым у суседзяў


Беларусь змяняе палітыку змагання з каронавірусам. Стратэгію ўладаў каментуе Андрэй Елісееў, кіраўнік «East center» – установы, якая даследуе еўразійскія дзяржавы ў пераходны перыяд. Андрэй вядзе маніторынг дзеянняў уладаў падчас пандэміі каронавіруса ў Беларусі. Ці каронавірусная бравада Лукашэнкі скончылася? Ці слушнае параўнанне Беларусі са Швецыяй?

Андрэй, ці ў Беларусі ёсць выразная стратэгія змагання з эпідэміяй?

Беларусь ажно каля шасці тыдняў выкарыстоўвала абмежавальную стратэгію барацьбы, скіраваную на ізаляванне кантактаў людзей з пацверджаным каронавірусам і толькі літаральна два дні таму гэтая стратэгія была змененая на карысць больш шырокіх захадаў сацыяльнага дыстанцыявання – на ўзор іншых еўрапейскіх краінаў. То бок Міністэрства аховы здароўя пабачыла, што ранейшая стратэгія не спраўляецца. Мы бачым вельмі высокі рост захворвання. Таму нарэшце была змененая стратэгія на больш шырокія захады.

Менская гарадская інфекцыйная больніца.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Чаму, на тваю думку, апошнімі днямі рэзка, літаральна цягам аднаго дня прыкладна на 40 % выраслі афіцыйныя звесткі пра лік асобаў, інфікаваных COVID-19 у Беларусі?

Можа быць дзве здагадкі. Першая – пачалі рабіць больш тэстаў, а другое – у Беларусі аб’ектыўна вельмі паскорылася пашырэнне эпідэміі.

Каранцін уведзены часткова і толькі ў Менску. Як ацэньваеш гэтыя дзеянні, наколькі яны адэкватныя той эпідэміялагічнай пагрозе, якая цяпер ёсць?

Я ў сваіх публікацыя неаднаразова пісаў, што Беларусі варта прыняць шырэйшыя захады як мага раней.

Я лічу, што захады змагання з эпідэміяй прымаюцца нясвоечасова, несістэмна, няпоўна. Галоўная праблема – гэта няякаснае інфармаванне насельніцтва.

З аднаго боку, апошнімі днямі пачалі прымацца пэўныя лепшыя захады, але з іншага – па-ранейшаму ў дзяржаўных медыях прымяншаецца і высмейваецца небяспека эпідэміі. Гэта збівае з панталыку вялікую колькасць людзей.

ВІДЭА
Каронавірус у Беларусі пусцілі на самацёк
2020.03.28 08:11

Што датычыць увядзення ў зман грамадскасці дзяржаўнымі медыямі, ідэальны прыклад – артыкул Андрэя Мукавозчыка, публіцыста выдання «Беларусь сегодня», афіцыйнага органу Адміністрацыі прэзідэнта. У артыкуле ён высмеяў ваш маніторынг, вашую крытыку дзеянняў уладаў. Як думаеце, чаму яны выбралі такую тактыку, дзе крытыкуюць тых аналітыкаў і палітолагаў, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў? На мой погляд, абсурдная сітуацыя, бо яны павінны тлумачыць тое, што адбываецца, дапамагаць людзям. Замест гэтага яны ўзяліся за вас.

Гаворка не толькі пра яго, гаворка пра дзяржаўныя тэлеканалы, якія паказваюць каментатараў, якія гавораць, што гэта ўсё змова нейкіх сілаў, што прыдуманая эпідэмія, каб выклікаць паніку і заваяваць беларускія эканамічныя актывы. Вядоўцы шматкроць гавораць пра тое, што назіраецца псіхоз і паніка, страшнейшыя за вірус. Тэлеканалы, гаворачы пра лятальныя выпадкі, абавязкова падкрэсліваюць, што гэтыя людзі – з мноствам хранічных хваробаў, намякаючы, што ім было наканавана памерці.

Дзяржаўныя медыі проста плятуцца ўслед за пазіцыяй кіраўніка дзяржавы. Адбываецца абсурдызацыя, калі, з аднаго боку, па-ранейшаму гаворыцца пра псіхоз, а з іншага – фармальна або нефармальна прымаюцца ўсё большыя захады, але нясвоечасова.

Інфаграфіка «Белсата»

Як патлумачыць, чаму ўлады пайшлі на гэтыя змены? Ці тут важная пазіцыя Сусветнай арганізацыі здароўя, прадстаўнік якой у Беларусі заклікаў да каранціну? Ці, можа, беларускія медыкі пераканалі Лукашэнку? Бо вядома, што ён у нас галоўны лекар і раіць, як лекавацца.

Хіба гэта камбінацыя і сапраўдныя лічбы. Мы бачым, што ў Беларусі рост каронавіруса нашмат большы, чым у суседзяў за апошнія пяць дзён. Сапраўды, гэта можа быць звязана з місіяй Арганізацыі здароўя. Звярніце ўвагу, усе захады, і прынятая пастанова Савету Міністраў пра самаізаляцыю, і пастановы Менскага выканаўчага камітэту, падбухторванне Беларускага саюзу жанчын і «Белай Русі» заняцца дабрачыннай дзейнасцю дапамогі медыкам, – уе гэтыя захады выбухнулі літаральна за апошнія дні. Яны былі ўжытыя ці падчас наведвання місіі, якая завяршылася, ці за адзін-два дні да яе.

Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Стала неафіцыйна вядома, што Аляксандр Лукашэнка адмяніў сваю паездку ў Бярозаўку. Гэта горад каля Ліды, вядомы сваім шклозаводам. Горад традыцыйна рыхтавалі да прыезду кіраўніка дзяржавы, вылізвалі, фарбавалі. Але цяпер ёсць неафіцыйная інфармацыя, што ён туды не паедзе. Як думаеце, ягоная бравада скончылася, і ён не будзе сустракацца на заводах і фабрыках?

Мабыць. Бо мы бачым апошнімі днямі, што Лукашэнка прытрымліваўся свайго плану. Мы маем прэзідэнцкую кампанію. Кожны тыдзень было наведванне нейкага прадпрыемства – як гісторыя поспеху. І гэтыя гісторыі поспеху, якія было запланавана паказаць, супалі з эпідэміяй, што патрабуе кардынальных і рашучых дзеянняў. Тым не менш Лукашэнка ніяк чамусьці не наважваўся змяніць план і рашуча дзейнічаць у змаганні з эпідэміяй. Магчыма, гэта знак, што да праўладнага кола дайшлі мажлівыя вялікія рызыкі, звязаныя з эпідэміяй.

Кажуць, што Беларусь і Швецыя – дзве дзяржавы, якія не ўвялі каранціну, і гэта слушна. На гэта часта спасылаюцца і праціўнікі каранціну, і дзяржаўныя медыі. Ці правільна параўноўваць бяздзейнасць уладаў Беларусі ў змагання з эпідэміяй ды тое, што адбываецца ў Швецыі?

Гэта няслушнае параўнанне. Тое, што ў Беларусі і Швецыі няма каранцінных захадаў, сапраўды іх абʼядноўвае. Але тут падобнае канчаецца. Швецыя ўжо амаль месяц стасуе сістэмныя захады сацыяльнага дыстанцыявання. У іх ужо амаль месяц забароненыя масавыя імпрэзы, зачыненыя навуковыя ўстановы, апрача пачатковых школаў, заахвочваюць да змяншэння чалавечых кантактаў. У Беларусі толькі нядаўна пачалі рабіць гэтыя захады, дагэтуль напоўніцу не ўвялі, бо не ўсе навучальныя ўстановы перавялі на дыстанцыёнку. Таму Беларусь і Швецыю трэба вельмі асцярожна параўноўваць. Швецыя хоць не ўвяла каранціну, але нашмат раней пачала абмяжоўваць чалавечыя кантакты і такім чынам запавольваць развіццё эпідэміі.

ВІДЭА
Лукашэнка хоча праскочыць каронавірус на чырвонае
2020.03.21 16:13

Што б вы параілі як палітолаг, які назірае і аналізуе дзеянні і рашэнні ўладаў суседніх дзяржаваў у барацьбе з каронавірусам, зрабіць уладам Беларусі? Можа, ужо цяпер трэба адмяняць парад 9 траўня?

Парад – адназначна. Я лічу, што пра гэта не можа быць і гаворкі – ні пра парад, ні пра Велікодныя святы. Я магу толькі сказаць: чым болей улады адкладаюць прыняцце шырэйшых захадаў для змагання з эпідэміяй, тым больш шанцаў, што эпідэміялагічная сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю. Тады сапраўды давядзецца ўводзіць вельмі шырокія захады, ажно да каранцінных, чаго ўлады Беларусі вельмі не хочуць. Парада вельмі простая: трэба неадкладна шырэй уводзіць сацыяльнае дыстанцыяванне і ўжо цяпер разгледзець магчымасць калі не агульнанацыянальнага каранціну, то прынамсі ў тых мясцовасцях, дзе ёсць заўважныя асяродкі эпідэміі.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 10.04.2020 г.

Іншыя тэмы выдання:

Hавiны
«Есці, спаць і працаваць». Беларусы Швецыі – пра самы дзіўны каранцін у Еўропе
2020.03.27 21:13
Стужка навінаў