Лукашэнка і NATO шукаюць адказ на ракеты Пуціна

Беларусь цяпер вучыцца гуляць паводле новых еўрапейскіх правілаў, бо распрацоўванне Расеяй ракетаў 9М729 фактычна скасавала Дамову аб скасаванні ракетаў сярэдняй і меншай дальнасці. Дзеянні Пуціна выклікаюць занепакоенасць і ў штаб-кватэры NATO, дзе міністры абароны краінаў Альянсу 12–13 лютага абмяркоўвалі магчымыя адказы на нарошчванне расейскага ракетнага патэнцыялу ў Еўропе.

Енс Стольтэнбэрг, генеральны сакратар NATO:

«Усе саюзнікі пагадзіліся на пакет скаардынаваных крокаў у адказ на выхад Расеі з Дамовы аб скасаванні ракетаў сярэдняй і меншай дальнасці. Захады ўключаюць у сябе адаптацыю нашага планавання і вучэнняў, а таксама выкарыстанне канвенцыйнага, ядравага, ракетнага і авіяцыйнага патэнцыялу. Мы не будзем адказваць Расеі люстранымі захадамі. Мы не збіраемся размяшчаць у Еўропе новыя ядравыя ракеты наземнага базавання. Але мы будзем мець моцныя абарону і стрымліванне, каб абараняць нашых людзей».

9М729 – ракета для аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр-М». Расея сцвярджае, што дальнасць снараду не перавышае дазволеных Дамоваю 500 км, аднак ніякіх фактычных доказаў гэтаму не прадэманстравала. Гэта стала трыгерам для выхаду ЗША з Дамовы і зыніцыявала пошук магчымых адказаў на дзеянні Расеі. Бо, як заявілі падчас саміту высокапастаўленыя чыноўнікі NATO, пакуль краіны Альянсу сіметрычнага адказу не маюць.

Каментуе Юльюш Сабак, эксперт у галіне бяспекі, Defence24.pl:

«Выглядае, што як расейцы працуюць над размяшчэннем ракетаў марскога базавання з дальнасцю, большай за 2000 км, на наземным носьбіце, гэтак і ЗША вядзе падобныя выпрабаванні. Адпаведна, можна чакаць пэўнай сіметрыі дзеянняў: абодва бакі будуць карыстацца марскімі ракетамі, якія раней не былі абмежаваныя Дамоваю, каб размясціць іх на зямлі».

Лукашэнка прадае вучэнні ЗША ў Еўропе. Ці купіць іх Пуцін?

Яшчэ летась Расея размясціла «Іскандрэры-М», чые ракеты могуць несці і ядравыя боегалоўкі, у Калінінградскай вобласці і акупаваным Крыме. Да таго ж, у Балтыйскім і Чорным моры расейскі флот мае караблі, на якіх базуюцца крылатыя ракеты «Калібр» з дальнасцю да 2500 кіламетраў. Фактычна, пад прыцэлам Расеі знаходзіцца ўвесь еўрапейскі кантынент.

«Праблема расейскіх ракетаў перастала быць рэгіянальнай праблемай Цэнтральнай Еўропы і стала агульнаеўрапейскай. Бо Берлін і Парыж раптам зарыентаваліся, што яны месцяцца ў зоне дасяжнасці ракетаў, якія маюць дальнасць 1000, 1500 ці нават 5000 км», – працягвае Юльюш Сабак.

Паводле Юльюша Сабака, пры такім раскладзе, у прынцыпе, не так і важна, дзе будуць базавацца расейскія ракетныя комплексы. Адпаведна, расейскі ціск на ўлады Беларусі з мэтай размяшчэння «Іскандэраў» на нашай тэрыторыі – выключна палітычны ход.

Каментуе незалежны вайсковы аглядальнік з Менску Аляксандр Алесін:

«Ва ўмовах цяперашняга абвастрэння адносінаў з Расеяй кіраўніцтва Беларусі не будзе абвастраць адносіны з Захадам. І не будзе размяшчаць расейскія ракеты сярэдняй і меншай дальнасці на сваёй тэрыторыі. А што датычыць сваіх распрацовак – гэта асобная песня. Гэта наша суверэннае міжнароднае права».

Літоўскі дэпутат: мяжа з незалежнай Беларуссю – гэта ўжо мяжа і з Расеяй

Выглядае, што такая пазіцыя знаходзіць разуменне і ў найвышэйшым кіраўніцтве NATO.

Енс Стольтэнбэрг:

«Беларусь – гэта партнёр NATO, мы цэнім гэтае партнёрства. Беларусь – гэта суверэнная нацыя, якая прымае суверэнныя рашэнні. Мы шануем гэтыя рашэнні. Мы таксама, вядома, заклікаем Расею шанаваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць усіх нацыяў у Еўропе, у тым ліку Беларусі. Гэта справа павагі да таго, што ўсе нацыі ў Еўропе суверэнныя і маюць права прымаць свае ўласныя рашэнні без умяшання з боку суседзяў».

У той жа час скасаванне Дамовы адкрывае магчымасці для Беларусі і Украіны ў распрацоўванні ўласнага ракетнага узбраення сярэдняй дальнасці наземнага базавання. З аднаго боку – гэта большая гарантыя бяспекі, але ж з другога – падвышэнне напружанасці ў рэгіёне.

Гаворыць Міхайла Самусь, Цэнтр даследавання войска, канверсіі ды раззбраення, Кіеў:

«Падзенне і спыненне існавання гэтай Дамовы – гэта пазітыўная сітуацыя для Украіны. Украіна такім чынам цяпер можа вырабляць і распрацоўваць ракеты дальнасцю большай за 1000 км (тэхналагічна Украіна гэта можа) дзеля таго, каб пагражаць крытычным аб’ектам на тэрыторыі Расеі, з якой Украіна вядзе вайну».

https://belsat.eu/news/nato-karta-lukashenki-u-pokery-z-putsinym/?fbclid=IwAR2FevPncnh3uxLJp5y6CwAIEdecCLi7PvOS1IV_IscByYfdIxGQK6pMPhM

Улады Беларусі, тым часам, неаднаразова казалі пра імкненне прытрымлівацца няіснай ужо дамовы. Аднак пакуль падобна да таго, што ўсё ж Лукашэнка глядзіць у кірунку атрымання ракетаў сярэдняй далёкасці. Вядома, што ён даў загад распрацаваць на базе «Паланэзу» аператыўна-тактычны ракетны комплекс з дальнасцю да 500 км. Да таго ж Беларусь, верагодна, у якасці платформы для размяшчэння ракетаў выкарыстае і самалёты Су-30СМ, закупленыя ў Расеі ў колькасці 12 штук. Дарэчы, летась Індыя паспяхова размясціла крылатыя ракеты «БраМос» дальнасцю да 300 км на гэтых жа расейскіх самалётах.

Аляксандр Алесін:

«У прынцыпе, носьбіт у нас ёсць, застаецца справа «за малым» – стварыць сваю крылатую ракету. Пасля стварэння «Паланэзу» гэта не праблема. Там самае галоўнае – рухавік, турбарэактыўны малагабарытны, які зараз вырабляе Кітай, скраўшы ці ўзяўшы ва Украіны. І сістэма спадарожнікавага навядзення, якую мы можам зрабіць і самі».

Такім чынам, Беларусь паступова, невялікімі крокамі стварае ўласную сістэму стрымлівання свайго, так бы мовіць, найбліжэйшага саюзніка. Што ў цяперашнюю эру гібрыдных канфліктаў не вялікае дзіва.

Калаж на прэв’ю з фота: kremlin.ru, Associated Press

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 14.02.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

Hавiны