Літоўскаму дэпутату пагражае імпічмент пасля расследавання, у якім удзельнічаў журналіст «Белсату»


У літоўскім сейме апазіцыя ўжо сабрала неабходную колькасць подпісаў для імпічменту дэпутата з Сацыял-дэмакратычнай працоўнай фракцыі Артураса Скарджуса, якога падазраюць ва ўдзеле ў карупцыйных схемах.

Падставаю для кампаніі супраць Скарджуса – аднаго з найбольш уплывовых прарасейскіх лабістаў у літоўскім Сейме – стала супольнае расследаванне журналіста «Белсата» Станіслава Івашкевіча з літоўскім парталам 15min.lt і OCCRP пра карупцыйныя сувязі літоўскага палітыка з «Белэнерга» і «Газпрамам».

Парламенцкае расследаванне дзейнасці Скарджуса ўскрыла новыя факты карупцыйных схемаў. Падчас аднаго са слуханняў партнёр сям’і Скарджусаў сведчыў пра тое, што ягоны беларускі бізнес фінансаваўся «Белгазпрамбанкам» – дачкой «Газпраму». Гэта быў скандальны факт, паколькі літоўскі дэпутат адкрыта выступае супраць будаўніцтва літоўскага тэрмінала «Газпраму».

Станіслаў Івашкевіч, на нашым канале, стварае праграму з журналісцкімі раследваннямі “Давайце разбірацца”. Праграма пра карупцыю, парушэнні заканадаўства на вышэйшым узроўні і тое, што ад нас хаваюць. Праграма ствараецца ў супрацы з міжнароднай журналісцкай арганізацыяй, якая расследавала і апублікавала ў 2016-м шакуючыя «Панамскія дакументы» – звесткі пра фінансавыя махінацыі, у якіх удзельнічалі кіраўнікі дзяржаваў і вядомыя людзі з усяго свету. Аўтар і вядоўца «Давайце разбірацца» Станіслаў Івашкевіч першым расследаваў знакамітую схему, дзякуючы якой беларускія ўлады зараблялі велізарныя грошы на рээкспарце расейскіх нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў