«Лічым, што гэта вельмі патрэбна беларусам». У Кіеве ўсталявалі Крыж у памяць пра ахвяраў рэжыму Лукашэнкі


У Кіеве каля амбасады Беларусі ўсталявалі памятны крыж, каб ушанаваць памяць загінулых удзельнікаў масавых пратэстаў супраць прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Крыж знаходзіцца насупраць уваходу ў будынак амбасады на вуліцы Міхайлы Кацюбінськага ў цэнтры Кіева.

Крыж усталявалі эмігранты з Беларусі, а ў мерапрыемстве таксама бралі ўдзел неабыякавыя жыхары Кіеву.

Правядзенню гэтай акцыі спрабавалі перашкодзіць работнікі беларускай амбасады. Тым не менш вялікі крыж у памяць пра загінулых мітынгоўцаў у Беларусі ўсё ж быў усталяваны.

Крыж усталявалі насупраць пасольства Беларусі ў Кіеве.
Фота: «Белсат»

Побач з Крыжам на галінках дрэў павязалі бел-чырвона-белыя стужачкі, а на саму канструкцыю і каля яе ўсклалі кветкі.

– 12 лістапада, калі мы ўсе пабачылі, што атрымалася з Раманам Бандарэнкам, тут насупраць амбасады зʼявіўся народны мемарыял. Людзі проста прыйшлі, прынеслі знічкі, кветкі. Гэта ўсе ўсклалі, стасаваліся – было больш за сотню людзей. А на раніцу мы прыйшлі – нічога не было, – расказвае Сяргей Лук’янаў. – Мы паразмаўлялі з Нацгвардэяй, якая тут абараняе тэрыторыю ля пасольства, і даведаліся, хто гэта зрабіў. 13 лістапада тут таксама было шмат людзей. Мы думалі, што рабіць далей. І вырашылі, што патрэбна абараняць варту, патрэбна несці «Варту Свету». Людзі пачалі падыходзіць, першая ноч была складаная – ніхто не быў падрыхтаваны, але перастаялі. Потым пачалі гэта ўсе рабіць больш арганізавана. Сфарміравалася ідэя, што тут патрэбна зрабіць пастаянны мемарыял. Каб ён быў узаконены з адміністрацыяй раёну. Каб амбасадары нічога не маглі з гэтым зрабіць. К нам прыехаў Сергей Караткіх, чалавек які быў у Азове, ён нас падтрымаў. І ён тэхнічна ажыццявіў нашу мару, якую мы планавалі здзейсніць, дапамог, арганізаваў людзей, замовіў крыж. Яго зрабілі. Мы запланавалі аздобіць крыж мазаікай, я як мастак прамовіў гэту ідэю. Мы будзем падаваць заяўку, будзем аздабляць крыж.

Фота: «Белсат»

Варта трывае ўжо 11 суткі. І мы працягваем, лічым, што гэта вельмі патрэбна беларусам. Я сам бежанец, таксама быў падвержаны пераследу з палітычных матываў, таму ведаю, што гэта такое. Таму для беларусаў, якія прыязджаюць у Кіеў, каб для іх было месца, куды яны могуць прыйсці, дзе яны могуць звярнуцца па дапамогу.

– Складана было дамовіцца з гарадскімі ўладамі?

– Дыпламаты напісалі адміністрацыі пісьмо, яно было вельмі ганебнае, было напісана так каб не дазволіць зрабіць пастаянны мемарыял. А гарадскія ўлады паставіліся добра, была пададзена заяўка, яны яе ўзгаднілі. Зараз тут есць варта 24 гадзіны 7 дзён на тыдзень.

ІК belsat.eu

Стужка навінаў