Леў Марголін пра ІП: «Без палітычнай дзейнасці тут ужо не абыйсціся»


Стадзедаўскі рынак у Жодзіна, як і сотні іншых па Беларусі, зачынены адсоткаў на 90. Гандляры прыходзяць на працоўныя месцы, але ралетаў на шапіках не адчыняюць.

Гандлююць толькі тыя, хто спецыялізуецца на беларускай вопратцы. Астатнія Жодзінскія ІП чакаюць у спадзеве на паслабленні з боку ўладаў і шукаюць сабе новую працу. З дарагой сертыфікацыяй, якой патрабуе дзяржава, яны робяцца неканкурэнтаздольныя ў параўнанні з гіпермаркетамі.

«Гэта глупа зачыняць рынак. Гэта ж прыбытак быў дзяржаве», – кажа маладая дзяўчына.

«Я думаю, што ў рэшце-рэшт, дрэнна будзе нам, пакупнікам», – падсумоўвае спадарыня.

Індывідуальныя прадпрымальнікі Гомля, у адрозненне ад сваіх жодзінскіх калегаў, працягваюць за свае правы змагацца. Яны аднеслі ў аблвыканкам заяву на правядзенне 22 лютага мітынгу пратэсту.

«Хто хоча працаваць, а за імі яшчэ стаяць іх семʼі, яны, вядома, прыйдуць. А для чаго? Каб нас пачулі яшчэ раз, каб зразумелі, што мы не ў адпачынках. Мы хочам сумленна працаваць, а для гэтага трэба ісці насустрач і дзяржаве, і ўсім нам, як грамадзянам», – зазначае Святлана Громава, сябра рады прадпрымальнікаў у ГЦ «Сакрэт».

Усе астатнія метады, апрача плошчы, на іх думку, ужо вычарпаныя.

«Складаецца такое ўражанне, што нас ня чуюць. Два разы мы былі каля аблвыканкаму. Цішыня. Два разы мы ездзілі на форум. Цішыня», – распавядае Аксана Сыч, індывідуальная прадпрымальніца.

Барысаўскія прадпрымальнікі плануюць правесці сход у суботу. На акцыю пратэсту ў Менску, запланаваную на 15 лютага, з рэгіёнаў збіраюцца ехаць некалькі соцень ІП. Лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька канстатуе: незадаволенасць дробных бізнесоўцаў імкліва нарастае.

«Калі на пачатку прадпрымальнікі былі вельмі асцярожныя да палітычнай рыторыкі, з верай у добрага цара, то, на сённяшні дзень радыкальныя настроі ўзрастаюць. Яны ўжо гавораць пра плошчу. Сёння яны падалі заяўку на Бангалор, заўтра яны, можа, прыйдуць да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі», – тлумачыць Анатоль Лябедзька.

Што праўда, пакуль абʼядноўвацца з палітычнымі партыямі згуртаванні прадпрымальнікаў не спяшаюцца. Да пікету падтрымання ІП, праведзенага АГП 18 студзеня на плошчы Незалежнасці, далучылася некалькі дзясяткаў чалавек. Сябра партыі, эканаміст Леў Марголін, аднак, мяркуе, што палітызацыя ІП – справа часу.

«Прадпрымальнікі плацяць падаткі, прадпрымальнікі плацяць арэндную плату. Яны павінны не прасіць, а патрабаваць. І, на мой погляд, без палітычнай дзейнасці тут ужо не абысціся», – упэўнены Леў Марголін.

Пакуль улады ідуць на вельмі абмежаваныя саступкі прадпрымальнікам. Сёння Дзяржстандарт абвесціў, што ўзгадняе з іншымі ведамствамі прапанову знізіць для ІП спагнанні за парушэнне тэхрэгламенту. Цяпер штрафы складаюць 200 базавых велічыняў. Таксама плануюць паўгода не правяраць дакументаў. Дзелавая супольнасць лічыць гэтыя паслабленні фармальнымі.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Стужка навінаў