Ленін супраць гісторыі. Што можна ўсталяваць замест помнікаў расейскаму рэвалюцыянеру? Інфаграфіка


Дагэтуль у свеце застаецца некалькі тысяч помнікаў Леніну і незлічоная колькасць ягоных жа бюстаў. Амаль усе яны сканцэнтраваныя на прасторы былога Савецкага Саюзу, аднак Ілліч сустракаецца паўсюль: ад Антарктыды да Шпіцбергену і ад Лас-Вэгасу да Зімбабвэ. Беларусь – адзіная з краінаў на постсавецкай прасторы, дзе не было паўнавартаснай дэсаветызацыі. Але нягледзячы на гэта за апошнія 27 гадоў колькасць помнікаў Леніну зменшылася на траціну. Да Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі belsat.eu паспрабаваў знайсці іх усе і прапаноўвае альтэрнатыўныя помнікі ў беларускіх гарадах.

На Меншчыне шмат гарадоў і мястэчак, дзе захавалася рэха савецкай эпохі, але няма вобразаў сапраўды вартых нарадзінцаў, які дабіліся поспеху не толькі ў Беларусі, але і за мяжою. Каму ж трэба ўсталяваць помнікі?

• Барысаў

Каму: Жыгімонт Аўгуст. Чаму: Менавіта ён надаў гораду Магдэбургскае права.

Каму: Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Чаму: Варты помніку хаця б за тое, што даў гораду герб, які выкарыстоўваецца дасюль.

• Стоўбцы

Каму: Івонка Сурвіла. Чаму: Спадарыня Івонка – старшыня Рады БНР, мастачка, вядомая грамадска-палітычная дзяячка, якая нарадзілася менавіта тут.

Каму: Зальман Шазар. Чаму: Трэці прэзідэнт дзяржавы Ізраіль, якому трэба паставіць помнік не толькі ў Стоўбцах, а яшчэ і ў Міры, бо ля вежаў славутага замку ён нарадзіўся, а ў Стоўбцах жыў.

• Жодзіна

Каму: Багуслаў Радзівіл. Чаму: Заснаваў мястэчка, якое першапачаткова мела назву Багуслаў Поле, а пасля – Жодзін.

• Узда

Каму: Машэ Файнштэйн. Чаму: Лідар габрэяў ЗША, адзін з найвядомейшых рабінаў ХХ ст., які нарадзіўся ва Уздзе.

Берасцейская вобласць

• Берасце

Каму: Леў Сапега. Чаму: Знакаміты дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Каралеўскі сакратар і падканцлер, які жыў у Берасці, дзе і памёр.

• Баранавічы

Хаім Савіцкі

Каму: Хаім Савіцкі. Чаму: Мастак, які больш знакаміты ў Ізраілі, чымся на радзіме. Нарадзіўся ў Баранавічах.

• Ружаны

Каму: Уладзіслаў IV Ваза. Чаму: Кароль і вялікі князь, які надаў Ружанам герб і Магдэбургскае права. Пасля чаго там з’явіўся Ружанскі палац.

Віцебская вобласць

• Віцебск

Каму: Юдаль Пэн. Чаму: Беларускі мастак-жывапісец, які заснаваў у Віцебску прыватную школу малявання і жывапісу.

• Ворша

Каму: Леў Мацкевіч. Чаму: Беларускі архітэктар, які склаў генеральны план Воршы, Полацку і Масквы.

• Полацк

Мэры Энцін

Каму: Мэры Энцін. Чаму: Амерыканская пісьменніца і актывістка за правы мігрантаў, нарадзілася ў Полацку.

Гомельская вобласць

• Гомель

Каму: Міхаіл Жызнеўскі. Чаму: Кавалер ордэна герояў Нябеснай сотні, стаўся адною з першых ахвяраў падчас Еўрамайдану ў Кіеве. Герой Украіны.

• Рэчыца

Каму: Мітрафан Доўнар-Запольскі. Чаму: Беларускі гісторык, фалькларыст і этнограф, аўтар больш як 150 працаў пра гісторыю Кіеўскай Русі.

• Мазыр

Каму: Якаў Кенігсберг. Чаму: Беларускі навуковец, імунолаг. Доктар біялагічных навук, прафесар.

Гарадзенская вобласць

• Горадня

Каму: Юзаф Ядкоўскі. Чаму: Даследчык Старога і Новага замкаў у Горадні, заснаваў гістарычна-археалагічны музей.

• Ліда

Каму: Гедзімін. Чаму: Вялікі князь літоўскі, на ягоны загад пабудавалі Лідскі замак.

• Наваградак

Бюст Ігнату Дамейку каля галоўнага будынку Чылійскага ўніверсітэту

Каму: Ігнат Дамейка. Чаму: Удзельнік Лістападаўскага паўстання 1830–1831 гг., навуковец, рэфарматар, геолаг, мінералог, мемуарыст з Наваградку.

Магілёўская вобласць

• Магілёў

Каму: Ота Шміт. Чаму: Кіраваў знакамітымі арктычнымі экспедыцыямі ў савецкі час.

• Шклоў

Каму: Міхаіл Гузікаў. Чаму: Удасканаліў беларускі народны інструмент брусочкі, з чаго і атрымаўся сучасны ксілафон.

• Мсціслаў

Каму: Міхаіл Ткачоў. Чаму: Беларускі археолаг, гісторык і доктар гістарычных навук.

Фота Lev Fedoseyev/TASS

У Беларусі найбольш помнікаў Леніна захавалася ў Менску – 16. Але на пачатку 1990-х першынства было ў Бабруйску – 22 помнікі. Да кастрычніка 2018-га дажылі толькі восем з іх. Агулам жа ў нас было 600, а засталося 400 Ленінаў па ўсёй краіне. Што праўда гэтыя звесткі без уліку бюстаў правадыру сусветнага пралетарыяту, якія стаяць на падворках дзяржаўных прадпрыемстваў і апошнім часам балансуюць на мяжы выжывання, уласна як і ідэя сусветнай рэвалюцыі.

Васіль Русецкі, belsat.eu

Стужка навінаў