Асабісты лекар Дыега Марадоны знаходзіцца пад следствам у Аргентыне ў сувязі са смерцю былога футбаліста, паведамляе Pagina12.
Суд на просьбу аргентынскай пракуратуры распарадзіўся правесці ператрус у доме лекара Леапольда Луке і ў ягонай клініцы. Ператрусы праводзілі па 30 паліцэйскіх.
Лекара падазраюць у халатнасці, якая пацягнула за сабой смерць чалавека.
Сцвярджалася, што ў Марадоны не было дазволу на тое, каб пакідаць клініку, дзе яму зрабілі аперацыю па выдаленні субдуральнай гематомы на галаўным мозгу на пачатку лістапада. Але 11 лістапада ён усё ж з’ехаў дадому.
Пракуратура паспрабуе даведацца, ці было дазволена Марадоне знаходзіцца ўдома, чаму ў хаце не было лекара-спецыяліста, які дзяжурыў бы ўвесь час, ці былі экс-футбалісту патрэбныя лекі, ці выконваліся медычныя пратаколы, чаму не было дэфібрылятара.
Дыега Марадона памёр 25 лістапада ў веку 60 гадоў. Паводле Clarin, прычынай смерці Марадоны стала раптоўнае спыненне сэрца. Ён памёр у сваім доме ў раёне Сан-Андрэс на поўначы правінцыі Буэнас-Айрэс. Да дому прыехалі тры машыны хуткай дапамогі, але выратаваць футбаліста не ўдалося.
МГ belsat.eu
Напішы журналісту ліст
Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева(«Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).
Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.
Куды пісаць:
Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.
Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.
Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.
Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!