Леаніды вяртаюцца да Зямлі. Сёння – пік зарападу


У ноч з суботы на нядзелю чакаецца самы яркі зарапад восені. Дасягне свайго максімуму метэорная плынь Леаніды, якую можна назіраць і на тэрыторыі Беларусі.

Метэорная плынь Леаніды працягваецца штогод з 6 да 30 лістапада і піку дасягае ў ноч з 17 на 18 лістапада. Сёлета найлепшы час, каб паглядзець на Леаніды, – пасля другой гадзіны ў начы. Астраномы адзначаюць, што метэоры гэтай плыні ўлятаюць у атмасферу Зямлі з хуткасцю 71 кіламетр на секунду. Інтэнсіўнасць Леанідаў можа быць рознай. Напрыклад, сёлета чакаецца 15-20 метэораў за гадзіну. Пра гэта паведамляе сайт Маскоўскага Планетарыя.

Назіранню за метэорнымі плынямі ў лістападзе часта перашкаджаюць аблокі, бо ў Еўропе ў гэты час звычайна няўстойлівае надвор’е. Аднак паводле прагнозаў сіноптыкаў гэтая ноч мае быць у Беларусі малавоблачнай, пераважна без ападкаў. Таму ноччу можна будзе наўпрост паглядзець на неба і пабачыць зарапад. Толькі цёпла апраніцеся і знайдзіце месца без ліхтароў, падалей ад гораду.

Ірына Дарафейчук

Стужка навінаў