Беларусь зацікаўленая ў пашырэнні супрацы з краінамі Еўрапейскага Звязу. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас 16 студзеня на сустрэчы са сваім латвійскім калегам Крышʼянісам Карыньшам.
«Мы зацікаўленыя ў пашырэнні інструментаў фінансавай і тэхнічнай дапамогі Еўразвязу і хацелі б шырэй выкарыстоўваць патэнцыял «Усходняга партнёрства» для развіцця беларускай эканомікі», – заявіў Румас, піша БелТА.
Ён падзякаваў Латвіі за дапамогу ў выбудоўванні поўнамаштабнага дыялогу Беларусі з Еўрапейскім звязам.
Крышʼяніс Карыньш у сваю чаргу адзначыў падкрэсліў зацікаўленасць Латвіі не толькі ва ўмацаванні двухбаковых стасункаў з Беларуссю, але і адносінаў паміж Беларуссю і ЕЗ, асабліва ва «Усходнім партнёрстве».
«Мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб прасоўваць пазітыўныя адносіны паміж Беларуссю і NATO», – дадаў Карыньш.
Сяргей Румас адзначыў, што Беларусь і Латвія павінны актыўна выкарыстоўваць свой транзітны патэнцыял, паведамілі ва ўрадзе.
«Транспартна-лагістычная сфера заўсёды была стратэгічным напрамкам нашай супрацы», – сказаў ён.
Паводле яго, акрамя традыцыйных галін супрацы паміж краінамі актыўна развіваюцца новыя высокатэхналагічныя напрамкі, добры ўзровень узаемадзеяння адзначаецца ў інвестыцыйнай сферы, устойліва расце колькасць сумесных бізнес-праектаў.
МГ belsat.eu