Ландсбергіс для «Белсату»: Лукашэнка прыслужвае больш моцнаму


Ці Літва насамрэч выходзіла з СССР? Што трэба зрабіць Лукашэнку, каб Ландсбергіс пачаў лічыць яго міратворцам?

Бясспрэчным героем літоўскай незалежнасці з’яўляецца Вітаўтас Ландсбергіс. У 1988 ён стаў старшынём Савету сейму Літоўскага руху за перабудову «Саюдзіс». У 1990-92 – старшыня Вярхоўнага Савету Літвы. У 1996 годзе ён стаў старшынём Сейму Літоўскай Рэспублікі. Пры ім Літва вырывалася з абдымкаў СССР і пачала курс на еўраінтэграцыю. Але ці Літва сапраўды выходзіла з СССР? Што трэба зрабіць Лукашэнку каб Ландсбергіс пачаў лічыць яго міратворцам?

Першае нашае пытанне датычыць прыняцця акту незалежнасці 25 гадоў таму ў Вярхоўным Савеце Літвы. Ці чакалі тады літоўцы, што Масква ябявіць такую моцную блакаду іх краіне?

Мы ўвогуле нічога не чакалі. Мы рабілі сваю справу – тое, што было прадбачана, што нам было наканавана, і што было нашым унутраным рашэннем. Што будуць рабіць вярхі ў Маскве – мы не гублялі на гэта часу.

Якія саступкі з боку цэнтральнага кіраўніцтва маглі б пераканаць Вярхоўны Савет Літвы не выходзіць са складу Савецкага Саюзу?

Перадусім мы нікуды не выходзілі, з ніякага складу. Мы адмаўлялі нават такі падыход, што мы мусім выходзіць. Я вельмі добра памятаю аднаго старога чалавека, які прыйшоў з вёскі да нас у парламент. Ён быў нібыта з казкі, заклапочаны, чаму выкарыстоўваецца такая няправільная ўстаноўка, што мы мусім выходзіць. Гэта яны мусяць выходзіць.

У 1990-ым годзе «Саюдзіс» перамог абсалютна на выбарах у Вярхоўны Савет. У гэты ж час на выбарах у Беларусі апазіцыя да камуністаў набрала толькі 10% галасоў. Як вы мяркуеце, адкуль розніца паміж беларусамі і літоўцамі. Адкуль у беларусаў індыферэнтнасць?

Гэта не мне меркаваць і гадаць, няма калі таксама рабіць гістарычныя і сацыялагічныя даследаванні. Вам трэба гэта зрабіць у сябе ўдома – прааналізаваць, як было тады, і на будучыню, ды выпраўляць сітуацыю, каб так не сталася, што толькі 10% жыхароў выступаюць за незалежнасць. Я магу меркаваць, што ў вас інтэлігенцыя была неаднаразова знішчана. Людзі прыгнечаныя і прывучаныя да таго, што ўсё начальства недзе ў Маскве, яно ўсё вырашае і тут належыць быць толькі паслухмяным. Гэта было, мабыць, глыбей у вашай краіне і ў вашым грамадстве, чым у нас. У Літве быў такі дух бунтарства, непаслушэнства ці настрою рабіць сваё значна раней – я не кажу ўжо пра паўстанні, пра ўзброены супраціў, а пасля пра падпольны ідэалагічны супраціў. У нас былі розныя формы гэтага.

Вы неаднаразова заяўлялі, што Украіна цяпер абараняе ўсю Еўропу. Ці дастаткова Еўропа робіць для Украіны і ці магла б яна рабіць больш?

Канешне, і магла б і мусіла б рабіць больш. І гэта правільна разумеецца, што Украіна змагаецца не толькі за сябе. Усе ўсведамляюць: калі Пуціну ўдасца скарыць Украіну, ён пойдзе далей. І нават адначасова ён можа напасці на іншыя суседскія краіны. Таму дапамагаць Украіне – гэта самаабарона самой Еўропы. Але калі ўкраінскія змагары, жаўнеры, добраахвотнікі, барацьбіты за свабоду не маюць нават абутку, вопраткі, ужо не гаворачы пра ўзбраенне, з якім яны маглі б супрацьпаставіцца нападніку, ворагу, і ім не дапамагаць – гэта проста ганьба. Калі чалавека побач з табою збіваюць, а ты адварочваешся, праходзіш далей, – як ты сябе потым можаш паважаць?

Лукашэнка цяпер грае ролю міратворца, спрабуючы нібыта памірыць Украіну з Расеяй, і Еўропа прымае гэту ролю, але, натуральна, што Лукашэнка наўрад ці выйдзе з-пад кантролю Расеі. На Ваш пункт погляду, ці зможа Беларусь бліжэйшым часам выйсці з арбіты Расеі і пайсці на інтэграцыю з Еўропай?

Сапраўдны міратворац мусіць прапанаваць мірную дамову Расеі і Украіны. Калі б я пабачыў, што спадар Лукашэнка ідзе з такою прапановаю да абодвух бакоў, што ваююць у расейска-ўкраінскай вайне… Сусед, які мае даволі добрыя стасункі з адным і з другім, мог бы сказаць ім: «Мае сябры, сядайце і распрацоўвайце мірную дамову, хопіць ваяваць». Тады я мог бы прыняць яго як міратворца. А калі ён патакае манеўрам, як падмануць больш слабы бок, то гэтак ён прыслужвае больш моцнаму. Калі трэці бок зацікаўлены ў міры і спачувае тым, якія пакутуюць, то ён мусіць гаварыць пра мір паміж Украінай і Расеяй, а не з нейкімі там наймітамі, бо калі выстаўляюцца найміты – гэта ўжо падман, гэта ўжо царства ілжы, нібыта там ваююць найміты. А чые найміты? Яны ваююць за таго, хто іх наняў, хто пастаўляе навейшую зброю, дае вопратку і забеспячэнне ды яшчэ прысылае сваю прамую дапамогу войскамі, афіцэрамі і тэхнікай.

Як Вы лічыце, ці неабходна Літве ўзнавіць абавязковы прызыў?

Гэта трэба было зрабіць раней. Увогуле варта было не ліквідаваць гэтага. У нас цяпер бачыцца і ўсведамляецца вельмі вялікі прабел праз тое, што папярэдні ўрад сацыял-дэмакратаў і папярэдні міністр абароны адзінаасобным загадам скасаваў гэты абавязак. Нам трэба паўнацэнныя ўзброеныя сілы, не на паперы. Нібыта ёсць нейкія батальёны, падраздзяленні, а жаўнераў у іх няма альбо вельмі мала, не такая колькасць, якая патрэбная, каб нават абслугоўваць тэхніку. Кіраўніцтва занадта разлічвала на фармальны бок, што нас прыйдуць абараняць дзяржавы НАТО, а нам самім нібыта і не трэба клапаціцца. Канешне, гэта была памылковая, нявінна-памылковая альбо горш, устаноўка.

Размаўляла Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў