«Крумкачы» у другой лізе? Апеляцыйны камітэт федэрацыі футболу адхіліў апеляцыю клубу


Апеляцыйны камітэт Беларускай федэрацыі футболу (БФФ) адхіліў апеляцыю ФК «Крумкачы», які падаў пратэст на рашэнне камітэту па клубным ліцэнзаванні, што не прыняў да разгляду заяву клубу на выдачу ліцэнзіі для ўдзелу ў вышэйшай лізе.

Цяпер «Крумкачы» збіраюцца падаваць чарговую апеляцыю ў Беларускі арбітражны камітэт, паведамляе by.tribuna.com.

«Крумкачоў» не дапусцілі да праходжання ліцэнзавання 26 лютага.

Без праходжання ліцэнзавання менскі клуб зможа заявіцца толькі ў другую лігу. Месца ў вышэйшай лізе можа заняць менскае «Тарпеда».

Вось як старшыня «Крумкачоў» Дзяніс Шунто пракаментаваў рашэнне камітэту:

«Гэта сапраўднае злачынства. За пратэрмінаванне дакументаў нас прысудзілі да смяротнага пакарання. Мы перайшлі дарогу на чырвонае святло, а нас прысудзілі да смяротнага пакарання. Вось і ўсё».

Раней у сваёй заяве БФФ адзначыла, што цягам мінулых сезонаў «Крумкачам» ішлі на саступкі ў плане атрымання ліцэнзіі.

Падаць дакументы на ліцэнзаванне можна было да 12 лютага. У заяве федэрацыі ад 26 лютага адзначалася, што клуб з Менску не падаў поўны пакет дакументаў.

НМ, belsat.eu, фотаздымак Юліана Рыпінская, старонка «Крумкачоў» у «Вконтакте»

Стужка навінаў