Кроў, жалеза і грошы. Якія страты панесла Расея пасля «поўнай перамогі» ў Сірыі?


У Сірыі разбіўся найноўшы расейскі баявы верталёт Ка-52. Belsat.eu падлічыў, колькі Масква згубіла за апошнія 6 месяцаў.

У катастрофе Ка-52 загінулі два расейскія лётчыкі. Прычынай крушэння афіцыйна называюць тэхнічную няспраўнасць. Гэта чарговыя страты Масквы ўжо пасля таго, як у снежні 2017 года Уладзімір Пуцін абвесціў пра сваю перамогу ў Сірыі і вывад адтуль расейскага вайсковага кантынгенту.

Катастрофа hi-tech машыны

Ка-52 у палёце. Крыніца wikipedia.org

Баявы верталёт Ка-52 упаў на зямлю падчас вылету ва ўсходнія раёны Турцыі, паведаміла агенцыя ТАСС са спасылкай на Міністэрства абароны Расеі. Целы лётчыкаў былі знойдзеныя і дастаўленыя на аэрадром, адкуль вылецела машына. Афіцыйны сайт установы, нават ягоны раздзел пра дзеянні расейскіх войск у Сірыі syria.mil.ru, пакуль увогуле ігнаруе інцыдэнт.

Газета «Коммерсант» прыводзіць неафіцыйную версію катастрофы, паводле якой Ка-52 быў збілі баевікі, якія карысталіся пераносным зенітна-ракетным комплексам.

Ка-52 «Алігатар» – расейскі разведвальна-ударны верталёт, які адносяць да новага пакалення вінтакрылай авіяцыі, ён з’яўляцца развіццём канцэпцыі Ка-50 «Чорная акула». Першы раз Ка-52 падняўся ў паветра ў 1997 годзе, а серыйная вытворчасць машыны пачалася ў 2008 годзе. Гэта самы сучасны баявы верталёт расейскай арміі.

Верталёт можа несці да 2000 кг рознага ўзбраення і боепрыпасаў – пушкі калібрам 30мм, блокі некіраваных ракет, авіябомбы, кіраваныя ракеты «паветра-зямля» і «паветра-паветра». Па дадзеных агляду «The Military Balance 2017», якая складаецца лонданскім Міжнародным інстытутам стратэгічных даследаванняў (International Institute for Strategic Studies), Масква цяпер мае каля 90 верталётаў Ка-52.

Кошт аднаго «голага» Ка-52 для расейскай арміі – каля 15 мільёнаў долараў, на экспарт – каля 20 мільёнаў, піша партал warhead.su.

Катастрофы і страты Расеі ў Сірыі

Гэта ўжо другая катастрофа з людскімі стратамі для маскоўскіх Ваенна-касмічных сіл у Сірыі з пачатку траўня. 3 траўня ў Міжземнае мора ўпаў расейскі знішчальнік Су-30СМ. Тады Мінабароны РФ паведаміла, што машына з двума лётчыкамі магла разбіцца праз тое, што ў рухавік трапіла птушка.

«Ніякага агнявога ўздзеяння па самалёце не было», – паведамілі расейскія вайскоўцы, як і гэтым разам.

Падзенне Су-30СМ у мора. Фота @MGhorab3 / Twitter

За апошнія паўгода з моманту чарговага абвяшчэння Пуціным «перамогі» у Сірыі, складаецца ўражанне, што інтэнсіўнасць баявых дзеянняў для рэгулярных і найманых расейскіх кантынгентаў зусім не знізілася.

31 снежня 2017 года галоўную расейскую авіябазу ў гэтай краіне – аэрадром Хмеймім – абстралялі з мінамётаў, як паведаміла газета «Коммерсант» са спасылкай на «вайскова-дыпламатычную крыніцу». У выніку былі знішчаныя як мінімум сем дарагіх сучасных самалётаў – чатыры франтавыя бамбардыроўшчыкі Су-24, два шматмэтавых знішчальнікі Су-35С і ваенна-транспартны самалёт Ан-72. Паведамлялася пра раненне больш за дзесяці вайскоўцаў. Міністэрства абароны Расеі не адмаўляла факт абстрэлу, аднак заявіла, што загінулі два жаўнеры, а вайсковая тэхніка не была пашкоджаная.

Рэшткі збітага 3 лютага расейскага Су-25 у Сірыі

3 студзеня 2018 года ўпаў на зямлю верталёт Мі-24. Загінулі 2 пілоты, борт-механік атрымаў цяжкія траўмы.

3 лютага 2018 года ў Сірыі быў збіты з ПЗРК расейскі штурмавік Су-25. На зямлі баевікі забілі пілота.

Шлем расейскіх спецпрызначэнцаў, у які патрапіла куля падчас бою ў Сірыі. Кадр з відэа Рен-ТВ

7 лютага імаверна каля 200 расейскіх наймітаў, якія негалосна выконвалі замовы Крамля на Украіне і ў Сірыі, былі знішчаныя авіяцыяй міжнароднай кааліцыі.

6 сакавіка 2018 года пры заходзе на пасадку на аэрадром Хмеймім пацярпеў катастрофу транспартны самалёт Ан-26. Загінулі 39 вайсковаслужбоўцаў, у тым ліку генерал-маёр і 26 афіцэраў.

Сірыйская дрыгва

Цяжка не заўважыць, што ў апошнія месяцы страты Масквы ў Сірыі істотна павялічыліся. І гэта адбылося ўжо пасля таго, як 11 снежня 2017 года Уладзімер Пуцін прыбыў у Сірыю і абвесціў пра завяршэнне ваеннай аперацыі Расеі ў гэтай краіне. Было абвешчана таксама пра вывад «асноўнай часткі» расейскай баявой групоўкі. Ужо 22 снежня 2017 года міністр абароны РФ Сяргей Шойгу адрапартаваў пра выкананне загаду.

Спадарожнікавае фота расейскай авіябазы Хмеймім у канцы красавіка 2018 года. Крыніца syria.liveuamap.com

Гэта не першая пераможная заява Масквы «мы ўсё зрабілі і ідзем дамоў» з Сірыі. Раней пра вывад войскаў ужо абвяшчалі ўвесну 2016 года, а потым у студзені 2017 года.

Сірыя застаецца падзеленай на сферы кантролю – Асада, Турцыі (на поўначы), дэмакратычнай апазіцыі на чале з курдамі і пад пратэктаратам ЗША (на паўночным усходзе), тых ці іншых больш ці менш ісламісцкіх груповак. Выжыванне рэжыму Асада немагчымае без значнай расейскага і іранскага падтрымання.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары