Краіна дызайнераў і стаматолагаў? На каго яшчэ хочуць ісці вучыцца


Найвышэйшы конкурс у часе сёлетняй уступнай кампаніі назіраўся на такіх спецыяльнасцях як графічны дызайн, міжнароднае права, рэжысура кіно і тэлебачання, арганізацыя палётаў і сучасныя замежныя мовы. Пра гэта 15 жніўня паведамілі журналістам прадстаўнікі Міністэрства адукацыі.

Як адзначыла першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава, сёлета цэнтралізаваная тэставанне праводзілі ў 41 пункце па краіне. Агулам зарэгістраваліся на ЦТ 82 471 абітурыент, з іх 50 400 паступілі ў ВНУ, з якіх больш за 26 тысяч асобаў будуць навучацца за кошт дзяржавы.

Папулярнасцю карыстаюцца педагагічныя спецыяльнасці: 5 тысяч студэнтаў атрымаюць адукацыю настаўніка.

Найбольшая канкурэнцыя склалася на напрамках «Графічны дызайн» (11 чалавек на месца), Рэжысура кіно і тэлебачання (6 чалавек на месца). Таксама вялікім попытам у ВНУ карыстаюцца спецыянальнасці «Міжнароднае права», «Стаматалогія», «Сучасныя замежныя мовы», «Арганізацыя паветраных палётаў» і спартыўна-турысцкі напрамак. На іх традыцыйна паступаюць абітурыенты з найлепшымі сертыфікатамі ЦТ.

Як адзначыла намесніца міністра, сёлета ў беларускія ВНУ паступілі 20 тысяч замежнікаў са 102 краін свету. Яны абралі для сябе шырокі дыяпазон прафесіяў – ад юрыста да ўрача.

Акрамя гэтага, прадстаўнікі Мінадукацыі адзначылі, што сёлета адбылася «мадэльная апрабацыя» новай методыкі ацэнкі заданняў тэстаў. Калі яна будзе афіцыйна прынятая, то кожны абітурыент зможа ўбачыць яшчэ да пачатку тэставання, колькі балаў ён атрымае за кожнае выкананае заданне.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў