Крадуць грошы праз мабільны банкінг. У МУС распавялі, як не трапіць у пастку махляроў


У Беларусі з’явілася новая разнавіднасць кіберзлачынстваў – крадзеж грошай абанентаў сотавай сувязі з дапамогай мабільнага банкінгу, кажуць у Міністэрстве ўнутраных справаў.

У якасці інструмента злачынства выкарыстоўваюць смартфон пацярпелага.

Як распавёў намеснік начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогіяў крымінальнай міліцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Уладзімір Зайцаў, зламыснікі шукаюць ахвяраў у грамадскіх месцах, а часам проста звяртаюцца да сваіх знаёмых, і просяць тэлефон, каб зрабіць званок.

«Калі апарат трапляе ў рукі аферыста, ён робіць выгляд, што набірае нумар, а на самай справе пры дапамозе USSD-запыту або выхаду ў інтэрнэт актывуе паслугу мабільнага банкінгу, якую прадастаўляюць некаторыя аператары сотавай сувязі. Яна дазваляе ажыццявіць аплатныя аперацыі з асабістага рахунку абанента і атрымаць у аператара сотавай сувязі лімітаваныя мікразаймы. Сума, якая паступіла ўладальніку гаджэта, у некалькі дотыкаў пераводзіцца на расейскія абаненцкія нумары або банкаўскія рахункі. Туды ж могуць сысці і сродкі з балансу мабільнага тэлефона. Усё гэта займае літаральна пару хвілін. У выніку грамадзяне мала таго, што застаюцца без грошай, так яшчэ вымушаныя пагашаць мікразайм разам з працэнтамі і ўносіць абаненцкую плату за выкарыстанне мабільнага банкінгу», – адзначыў Уладзімір Зайцаў.

Шмат хто не адразу разумее, што пацярпеў ад супрацьпраўных дзеянняў, сцвярджаюць праваахоўнікі. Каб разабрацца, чаму з рахункаў спісваюцца грошы, людзі звяртаюцца да мабільных аператараў і толькі тады высвятляюць, што сталі ахвярамі зламыснікаў.

Скралі каля Br 2 тыс.

Двое мужчынаў кралі грошы па апісанай схеме ў Магілёве і ў Менску. Яшчэ адзін зламыснік займаўся такім у Менскай вобласці. Па названых фактах распачалі крымінальныя справы паводле арт. 212 Крымінальнага кодэксу Беларусі (крадзеж шляхам выкарыстання кампʼютарнай тэхнікі). Па абодвух выпадках на дадзены момант усталявалі прынамсі 15 пацярпелых. Агульная сума стратаў складае больш за Br 2 тыс.

Як не стаць ахвярай

Уладзімір Зайцаў раіць не перадаваць тэлефон іншым, нават знаёмым. Па-другое, кажа намеснік начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогіяў, варта ўсталяваць на смартфон блакаванне.

Таксама Уладзімір Зайцаў раіць быць пільным падчас віртуальных размоваў нават з сябрамі:

«Не губляе актуальнасці праблема махлярстваў у сацыяльных сетках. Зламыснікі дамагаюцца сваіх мэтаў рознымі спосабамі. Напрыклад, ўзломваюць чужыя акаўнты або ствараюць поўныя дублікаты асабістых старонак грамадзянаў, карыстаючыся інфармацыяй і фатаграфіямі з адкрытага доступу, а затым ад імя гэтых людзей рассылаюць паведамлення іх віртуальным сябрам з просьбамі аб фінансавай дапамозе. Звычайна згадваюць невялікую – ад 10 да 50 рублёў – суму, якую трэба перавесці на карт-рахунак, электронны кашалёк, баланс мабільнага тэлефона».

Бывае, што аферысты спрабуюць даведацца рэквізіты банкаўскай аплатнай карты карыстальніка, з якім вядуць перапіску са ўзламаных або фэйкавых старонак. Нібыта гэта трэба для залічэння сродкаў на аплату пакупак, мабільнай сувязі і іншых паслуг. Той, хто просіць, запэўнівае, што ніяк не можа зрабіць усё гэта сам, бо знаходзіцца за мяжой або страціў доступ да свайго інтэрнэт-банкінгу.

«Небяспека заключаецца не толькі ў тым, што атрымаўшы ўсе неабходныя дадзеныя, зламыснікі могуць абчысціць карт-рахунак або баланс мабільнага тэлефона. Згаджаючыся даць рэквізіты банкаўскай карты або свой нумар, грамадзяне рызыкуюць выступіць у якасці пасярэдніка пры пераводзе грошай іншага пацярпелага ашуканцу, які піша з фэйкавую старонкі і, як правіла, які знаходзіцца за межамі Беларусі», – растлумачыў прадстаўнік міліцэйскага ведамства.

Каб не даць сябе падмануць, заўсёды варта старанна правяраць інфармацыю. Перш чым пераводзіць грошы на просьбу знаёмага, трэба высветліць, ці ён сапраўды аўтар падазроных паведамленняў. Напрыклад, можна звязацца з гэтым чалавекам па тэлефоне ці пры дапамозе мэсіджэраў. Дапамогуць растлумачыць сітуацыю некалькі кантрольных пытанняў асабістага характару, адказы на якія немагчыма атрымаць з анкеты ў сацыяльнай сетцы, а таксама іншых адкрытых крыніц. Акрамя таго, ніколі і нікому не варта паведамляць рэквізіты сваёй банкаўскай аплатнай карты. Таксама нельга распаўсюджваць у інтэрнэце здымкі яе пярэдняга і адваротнага боку, адзначаюць у МУС. Іншыя асобы не павінныя ведаць і звесткі, атрыманыя ў смс-паведамленнях: коды доступу і актывацыі і г.д. Гэта таксама можа прывесці да крадзяжу грошай, завалоданню акаўнтамі ў сацыяльных сетках або электроннымі паштовымі скрынямі.

НМ, belsat.eu, паводле Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС

Стужка навінаў