Кіраўнік СК пра матыў нападу ў Стоўбцах: некаторыя адказы мы ўжо маем


Следства па справе аб падвойным забойстве ў школе ў Стоўбцах атрымала доступ да выдаленай інфармацыі на тэлефоне нападніка. Паводле старшыні Следчага камітэту Івана Наскевіча, гэтыя дадзеныя дапамогуць зразумець матывы падазраванага.

«Па гэтай крымінальнай справе праведзены ўжо вялікі аб’ём следчых дзеянняў, – заявіў Наскевіч, – Практычна карціна здарэння нам ясная. Для следчых у сапраўдны момант галоўная задача высветліць не як гэта адбылося (гэта ўжо і так зразумела), а чаму гэта адбылося. У пэўнай ступені некаторыя адказы мы ўжо маем з паказанняў самага падазраванага. Пасля трох дзён маўчання ён пачаў даваць паказанні. Хоць мы пакуль вельмі крытычна ставімся да таго, што ён кажа, паколькі паказанні яго не заўсёды суадносяцца з абʼектыўнай карцінай здарэння».

Ён адзначыў, што следствам атрыманая і іншая інфармацыя, якая можа праліць святло на матывіроўку дзеянняў затрыманага падлетка.

«З дапамогай наяўных у нас навукова-тэхнічных сродкаў намі атрыманы доступ да яго мабільнага тэлефона, інфармацыю з якога ён перад тым, як пайсці на гэты крок, старанна падчысціў. Фактычна выдаліў усе запісы з мабільнага тэлефона, а таксама з хатняга камп’ютара. Мы цяпер гэтай інфармацыяй валодаем. Я не стану пакуль раскрываць у інтарэсах следства, што ў гэтым тэлефоне было. Але гэта ў некаторай ступені пралье святло на матывіроўку ягоных дзеянняў», – заявіў старшыня СК.

***

Трагедыя адбылася раніцай 11 лютага ў СШ № 2 у Стоўбцах. Вучань 10-га класа здзейсніў напад з нажом на настаўніцу і школьнікаў. У выніку два чалавекі загінулі – педагог і старшакласнік.

Нападнік прыйшоў у школу каля 7.40, паставіў партфель і выйшаў з кабінету. Затым вярнуўся і накінуўся на настаўніцу гісторыі, якая павінна была весці першы ўрок. За педагога паспрабавалі ўступіцца два школьніка 15 і 16 гадоў. Настаўніца загінула, хлопцы атрымалі раненні. Пасля гэтага забойца выбег з класу і зайшоў у суседні кабінет, дзе напаў на вучня 11-га класа, які загінуў.

Пасля гэтага нападнік уцёк са школы. Яго затрымалі праз 2 гадзіны пры дапамозе АМАПу. Матывы злачынства дагэтуль застаюцца невядомыя. Спачатку падазраваны адмаўляўся даваць паказанні.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў