Паводле КДБ, былы міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык забяспечваў выгадныя кантракты для сямейнага бізнесу.
Старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў пра гэта ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання ўвечары 2 траўня.
Вакульчык назваў бізнес «незаконным» і паведаміў, што члены сям’і былога міністра пастаўлялі на абʼекты будаўніцтва будматэрыялы па завышаных коштах. Патупчык асабіста спрыяў гэтаму бізнесу, заявіў Вакульчык.
«Вы чулі, як працуе ў нас міністр энергетыкі і міністэрства. Нават вялікія начальнікі невядома якіх там канцэрнаў – цяпер разбіраюся там з гэтай структурай, – запілі настолькі, што на працу забыліся хадзіць», – абураўся 24 красавіка падчас выступу з пасланнем да народа і парламента кіраўнік Беларусі.
Праз 8 дзён пасля гэтай заявы Лукашэнкі КДБ выявіў «незаконны бізнес» міністра. 2 траўня старшыня КДБ далажыў прэзідэнту аб парушэннях, а Патупчыка вызвалілі ад пасады.
Нагадаем, што Міністэрства энергетыкі адказвае за будаўніцтва БелАЭС.
Інфармацыя, сабраная КДБ, аналізуецца, і ў бліжэйшы час яна атрымае прававую ацэнку. Не выключана, што завядуць крымінальныя справы.