Кіраўнік дыпламатыі Еўразвязу: «Мы цалкам спынім супрацу з рэжымам»

Еўрапейскі Звяз вылучыў 33 мільёны еўраў для праваахоўных арганізацыяў, ахвярам рэпрэсіяў і распрацоўвае комплексны план эканамічнага падтрымання Беларусі, гэтак званы «План Маршала». Калі будзе гатовая першая частка фінансавана пакету? Як у Бруселі бачаць Беларусь? Як будзе дзейнічаць Еўразвяз, калі сітуацыя ў Беларусі не палепшыцца? Алесь Сіліч запісаў інтэрв’ю з Жузэпам Бурэлем, высокім прадстаўніком ЕЗ у пытаннях замежнае палітыкі ды бяспекі, то бок па-сутнасці з міністрам замежных справаў Еўрапейскага звязу. Іспанскі палітык з’яўляецца таксама віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі – адной з самых уплывовых асобаў Аб’яднанай Еўропы.

Якія вашыя персанальныя ўражанні ад сустрэчы з абраным прэзідэнтам Беларусі Святланай Ціханоўскай тут у Бруселі?

Мне было надзвычай прыемна сустрэцца са спадарыняй Ціханоўскай, з Святланаю, і я, прызнаюся шчыра, быў уражаны ейнаю рашучасцю і ясным бачаннем таго, што трэба рабіць далей у ейнай барацьбе, – а гэта: працягваць ціснуць на існы рэжым, адначасова шукаючы шляхоў для перамоваў з канчатковаю мэтаю – правесці ў Беларусі новыя свабодныя і справядлівыя выбары. Пазней я суправадзіў яе на пленарную сесію Еўрапейскага Парламенту, дзе яна разам з калегамі атрымала прэмію Сахарава і дзе яна вельмі шчыра і кранальна прамовіла перад дэпутатамі.

Лукашэнка не збіраецца адступаць, не збіраецца пакідаць свой офіс, аддаваць свае паўнамоцтвы Святлане Ціханоўскай. Якое развязанне палітычнага крызісу ў Беларусі вы бачыце?

Крызіс у Беларусі мусіць быць пераадолены выключна мірным шляхам! З абавязковым захаваннем беларускага суверэнітэту і незалежнасці і ў адпаведнасці з дэмакратычнымі імкненнямі беларусаў. Дэмакратыя і прынцып вяршэнства закону часам патрабуе доўгатэрміновае барацьбы, і гэты працэс няхуткі. Але ў Еўропе нават лепш, чымся ў іншых рэгіёнах свету, усведамляюць, што гэты працэс у рэшце рэшт мае поспех.

Як Еўрапейскі звяз можа дапамагчы беларусам перацярпець, перажыць, пераночыць гэтую ноч рэпрэсіяў і дыктатуры?

Найперш дазвольце мне падкрэсліць той факт, што падтрыманне ЕЗ беларускага народу ніяк не звязанае з нашымі геапалітычнымі прэферэнцыямі ці інтарэсамі, гэта простае жаданне падтрымаць беларусаў у рэалізацыі іхнага права самім абраць таго, каму яны давераць кіраўніцтва краінаю: не «падаць», так бы мовіць, у бок Еўразвязу ці, наадварот, Расеі, а цвёрда і дэмакратычным шляхам стаць на свае ўласныя ногі. Беларусы заслугоўваюць таго, каб іхная барацьба за свабоду і дэмакратыю стаяла ў сённяшніх прыярытэтах Еўрапейскага Звязу, яго парадку дня. Гэтак, мы з нашага боку намагаемся падвысіць ціск на ўлады Беларусі, мы замарожваем стасункі, мы ўводзім санкцыі і мы гатовыя ісці гэтым самым шляхам і надалей, у выпадку калі сітуацыя не палепшыцца. Мы поўнасцю спынім супрацу з рэжымам, калі спатрэбіцца, у мностве кірункаў спынім. Пры гэтым мы будзем падвышаць узровень супрацы з беларускім народам, грамадзянскаю супольнасцю, адначасова падрыхтоўваючы план падтрымання дэмакратычнае Беларусі, які пачне рэалізоўвацца «У МОМАНТ, калі» (я падкрэсліваю, што кажу «У МОМАНТ», а не «КАЛІ РАПТАМ») прыйдзе час.

Святлана Ціханоўская пра санкцыі ЕЗ супраць Лукашэнкі: Гэта несур’ёзна

Ці можа Беларусь разлічваць на салідную, грунтоўную дапамогу з боку Еўрапейскага звязу, калі перамены ўсё ж такі адбудуцца, Святлана Ціханоўская зойме свой офіс. У Беларусі пачнецца працэс дэмакратызацыі. Ці можам мы казаць пра пэўнага кшталту «План Маршала». Некаторыя адмыслоўцы кажуць пра сумы ў некалькі сотняў мільёнаў еўраў, нават некалькі мільярдаў.

Ведаеце, Еўразвяз не чараўнік, у якога ў кішэні ляжыць магічная скрынка. Але адзначу той факт, што кіраўнікі краінаў, якія ўваходзяць у ЕЗ, на самым высокім узроўні выказалі сваю рашучасць у падтрыманні, практычным падтрыманні працэсу дэмакратычнае і мірнае перадачы ўлады ў Беларусі. Напрыклад, Еўрапейскі Звяз ужо цяпер пастанавіў мабілізаваць даволі буйны пакет падтрымання дэмакратычнае супольнасці Беларусі – а гэта 33 мільёны еўраў, каб узмацніць гэтую супольнасць і дапамагчы перажыць цяжкія часы. Гэтыя сродкі будуць накіраваныя, сярод іншага, праваахоўным арганізацыям, ахвярам рэпрэсіяў – дапамагчы ім лекамі, прававым, фінансавым і медычным падтрыманнем.

У тым, што датычыць наступнага этапу ў гэтым працэсе так званага «комплекснага плана эканамічнага падтрымання Беларусі», то ён цяпер на этапе рыхтавання і будзе публічна даступны, калі Беларусь устане на шлях дэмакратызацыі. І таму я не магу на гэты момант, і гэта зразумела, вам агучыць нейкія канкрэтныя лічбы плану Маршала для Беларусі, але, можаце паверыць, ён распрацоўваецца ў адпаведнасці з патрэбамі Беларусі, і гэтае падтрыманне, я нават не маю сумневаў, будзе значным ды істотным. Акрамя фінансавага падтрымання Беларусі ЕЗ спадзяецца на значна больш глыбокую палітычную, сацыяльную і эканамічную супрацу з вашаю краінаю. Магчыма, на пагадненне пра асацыяцыю, якое мы, напрыклад, маем з Украінаю.

Мы можам таксама распачаць перамовы пра двухбаковае пагадненне паміж Еўрапейскім Звязам і Беларуссю, пра больш актыўны ўдзел Беларусі ў мностве праграмаў і праектаў ЕЗ, уцягваць больш беларусаў у рэалізацыю рэгіянальных праграмаў Еўразвязу ў сферах культуры, даследаванняў, лічбавай энергіі ў межах структуры Усходняга Партнёрства і не толькі. Пашыраць разнастайныя кантакты паміж грамадзянамі ЕЗ і Беларусі, прапаноўваць беларусам еўрапейскія стыпендыі, уцягваючы іх такім чынам у агульнаеўрапейскія працэсы. Прэзідэнт Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен ужо абвесціла пра вылучэнне на гэтыя мэты «першага пакету для Беларусі» – чатырох мільёнаў еўраў, якія краіны-сябры ЕЗ імгненна здольныя мабілізаваць, і мы збіраемся рыхтаваць далейшыя часткі гэтага пакета падтрымання Беларусі настолькі хутка, наколькі гэта магчыма. Спадзяюся, наступная частка пакету дапамогі будзе гатовая ўжо на пачатку блізкага 2021 года.

Валер Цапкала: Аляксандр Лукашэнка фізіялагічна непрыемны Уладзіміру Пуціну

Самае папулярнае слова, якое мы чуем у Бруселі, з вашых вуснаў, з вуснаў вашых калегаў, гэта слова санкцыі. Якая асноўная мэта санкцыяў, што вы хочаце дасягнуць з іхнай дапамогай?

Санкцыі – гэта проста частка «дыпламатычнай інструментальнай скрынкі», так бы мовіць. І асобна ад іншых інструментаў яны ніколі не маюць сэнсу, бо ўводзяцца часова, каб пакласці чамусьці канец. У выпадку з Беларуссю – пакласці канец прыніжэнню і непавазе да фундаментальных каштоўнасцяў, якія мы ў ЕЗ усе падзяляем. Увядзенне санкцыяў дэманструе, што Еўрапейскі Звяз гатовы пайсці далей за звычайныя заявы і ўжыць пэўныя захады. Не толькі мы – іншыя краіны таксама ўжываюць санкцыі да ўладаў Беларусі: а гэта і Швейцарыя, і Нарвегія, і Ісландыя, а таксама Канада і ЗША. Такім чынам мы ўсе разам дасылаем мэсідж нашага падтрымання дэмакратычных правоў беларускага народу, а таксама знак асуджэння дзеянняў уладаў Беларусі, якія мы бачылі.

Наконт трэцяга пакету санкцыяў. Якія канкрэтна прозвішчы ў чорным спісе?

Мы, у Еўрапейскім Звязе, ужо наклалі раней санкцыі на 55 асобаў, адказных за рэпрэсіі і запалохванні грамадзянаў Беларусі, а таксама парушэнні ў правядзенні выбарчага працэсу ў Беларусі. Мы, як Вы адзначылі, ужо прынялі трэці пакет санкцыяў, у спісах якога не толькі 29 новых прозвішчаў асобаў, але і 7 назваў прадпрыемстваў (падкрэслю асобна – гэтым разам мы распаўсюджваем санкцыі не толькі на асобаў, але і на бізнесы), – бізнесы, якія падтрымліваюць лукашэнкаўскі рэжым і якія атрымліваюць ад яго дывідэнды. Тыя, хто знаходзіцца ў спісах санкцыяў Еўрапейскага Звязу, не змогуць больш паехаць ні ў водную краіну-сябра ЕЗ, а ўсе іхныя рахункі ў гэтых краінах, калі такія ёсць, будуць замарожаныя. Я лічу, гэта – моцныя абмежавальныя захады, якія вызначаюць наш моцны мэсідж уладам Беларусі, які мае мэтай заахвоціць іх да шырокага нацыянальнага дыялогу.

Калі гэтыя санкцыі не спрацуюць, які будзе наступны крок Еўрапейскага звязу?

Мэтавыя санкцыі – гэта толькі адзін з інструментаў, якія ёсць у Еўрапейскага Звязу. І мы яшчэ не ўжылі іншых інструментаў, не прыкладалі іншых намаганняў і не выкарыстоўвалі іншых нашых магчымасцяў… Вядома, мы можам працягнуць з санкцыямі, працягнуць выкарыстоўваць гэты інструмент і надалей і з нашмат больш моцнаю інтэнсіўнасцю. Калі сітуацыя ў Беларусі працягне пагаршацца, мы працягнем дадаваць у санкцыйныя лісты ўсё новых і новых людзей і бізнес-прадпрыемстваў. Больш і больш прадпрыемстваў будуць трапляць пад санкцыі. Санкцыі самі сабою ўлучаюць розныя захады: гэта і дыпламатычны ціск, і міжнародныя механізмы прамоцыі і абароны правоў чалавека, і фінансавае падтрыманне беларускага народу. Мы супрацоўнічаем з самымі міжнароднымі структурамі і арганізацыямі, з тым каб забяспечыць расследаванне парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі… Паўтаруся ў канцы гутаркі: галоўная мэта нашых намаганняў – пераадолець крызіс у Беларусі мірным шляхам, забяспечыўшы павагу да правоў беларускага народу. І нам усім хацелася б, каб гэта адбылося як мага хутчэй.

Інтэв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 24.12.2020

Калаж з фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum; Claudio Bresciani / TT newsagency / Forum; Sergio R Moreno / Forum

 

Hавiны